Ваенны камунізм — назва ўнутранай палітыкі Савецкай дзяржавы, якая праводзілася ў 1918—1921 гадах ва ўмовах Грамадзянскай вайны. Яе характэрнымі рысамі былі крайняя цэнтралізацыя кіравання эканомікай, нацыяналізацыя буйной, сярэдняй і нават дробнай прамысловасці (часткова), дзяржаўная манаполія на многія прадукты сельскай гаспадаркі, харчразвёрстка, забарона прыватнага гандлю, згортванне таварна-грашовых адносін, раўнаванне ў размеркаванні матэрыяльных даброт, выкарыстанне арміі міліцыі ў народнай гаспадарцы. Такая палітыка засноўвалася на камуністычнай ідэалогіі, у якой ідэал планавай гаспадаркі бачыўся ў ператварэнні краіны ў адзіную фабрыку, галаўная «кантора» якой непасрэдна кіруе ўсімі гаспадарчымі працэсамі[1][2]. Ідэя аб неадкладнай пабудове беставарнага сацыялізму шляхам замены гандлю планамерным, арганізаваным у агульнадзяржаўным маштабе размеркаваннем прадуктаў была зафіксавана ў якасці партыйнай устаноўкі ва II Праграме на VIII з’ездзе РКП(б) у сакавіку 1919 года[3].
У гістарыяграфіі маюцца розныя меркаванні па пытанні аб прычынах пераходу да такой палітыкі — хтосьці з гісторыкаў лічыў, што гэта была спроба камандным метадам «увесці камунізм» і бальшавікі адмовіліся ад гэтай ідэі толькі пасля яе правалу, іншыя падавалі яе як часовую меру, як рэакцыю бальшавіцкага кіраўніцтва на рэаліі Грамадзянскай вайны[4]. Такія ж супярэчлівыя ацэнкі давалі гэтай палітыцы і самі правадыры бальшавіцкай партыі, якія ўзначальвалі краіну ў гады Грамадзянскай вайны[5]. Рашэнне аб спыненні ваеннага камунізму і пераходзе да НЭП было прынята 14 сакавіка 1921 года на X з’ездзе РКП(б).