Вайдыла | |
---|---|
Нараджэнне | XIV стагоддзе |
Смерць | 1381 |
Жонка | Марыя Альгердаўна[d][1] |
Вайдыла (Воидим, Воиниль, Woidiło, Voydiło[2], Woydylo, Вайдила; ? — 1381) — радца вялікіх князёў літоўскіх Альгерда і Ягайлы, староста лідскі (1373—1381).
Паводле беларуска-літоўскіх летапісаў, Вайдыла быў пекарам, вызначаўся розумам і набліжаны вялікім князем Альгердам, служыў яму пасцельнічым і краўчым, стаў найбліжэйшым радцам. Па смерці Альгерда захаваў высокае становішча пры двары Ягайлы, які ў 1379 годзе выдаў замуж за Вайдылу сваю сястру Марыю, што быццам разгневала Ягайлава дзядзьку Кейстута[2][3][4][5].
На думку С. Роўвела, Я. Тэнгоўскага, Я. Нікодэма, вядомыя цяпер звесткі пра паходжанне Вайдылы з’явіліся ў летапісе як зневажанне яго палітычнымі апанентамі[6]. У Ордэнскіх Die littauischen Wegeberichte згадваецца баярын Вайдыла, уладальнік паселішча Wayteldorff (імаверна, паблізу Дзялтувы), але тоеснасць яго Вайдыле няпэўная[7].
Найранейшую згадку Вайдылы змяшчае «Новая пруская хроніка» Віганда з Марбурга, калі па Вялікадні (22 красавіка) 1376 года ордэнскі атрад пад камандаваннем Віганда фон Балдэрсгайма выправіўся ў пушчу паблізу Даўдзішак (Dewedisken). Немцы пачулі паляўнічы рог і трапілі на трох «язычнікаў», двух схапілі, а трэці ўцёк, таксама немцам дасталіся два паляўнічыя сабакі малоскай пароды (molosos). Захопленыя паведамілі, што яны «некаторага баярына (bayoris) на імя Вайдэл (Waydel), які палюе ў гэтай пустцы». Палонныя вымушаны былі правесці ордэнскі атрад уначы да месца дзе знаходзіўся Вайдыла, але ўбачыўшы сваіх паспелі крыкнуць і папярэдзіць, што з імі прыйшлі немцы. Вайдыла з людзьмі здолеў уцячы, пераправіўся праз вялікую раку, немцы захапілі толькі 40 коней. Паведамленне Віганда з Марбурга дазваляе думаць, што ўжо тым часам (1376) Вайдыла быў заможным баярынам, бо меў світу прынамсі з 40 конных слуг.[8]
Паводле беларуска-літоўскіх летапісаў, менавіта Вайдыла разам з Ягайлавай маці Ульянай ініцыяваў заключэнне Давыдзішкаўскага дагавора, які стаў прычынай грамадзянскай вайны ў ВКЛ у 1381—1384 гадах[5]. За арганізацыю перамоў паміж Ягайлам і Ордэнам Вайдыла атрымаў ад немцаў некаторыя землі на жамойцка-лівонскай мяжы і, магчыма, дзве гуфы зямлі ў ваколіцах Рагніты[6].
У пачатку грамадзянскай вайны Вайдыла быў схоплены Кейстутам і павешаны. Ягайла адпомсціў за яго, пакараўшы смерцю Відзімонта і Бутрыма[9], сваякоў Кейстутавай жонкі Біруты[10].