Валася́нкі (Sylvia) — род птушак сямейства валасянкавых атрада вераб’інападобных.
Даўжыня цела 12—15 см. Апярэнне шэрае з белым, чорным або рыжаватым адценнем, мяккае. Дзюба тонкая, шылападобная.
Некаторыя віды вядомыя сваімі спевамі (напр., валасянка чорнагаловая і валасянка садовая).
Адрозніваецца 17 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўночнай Афрыцы. Жывуць на ўзлесках, у садах, парках, на лугах, у хмызняку. На Беларусі 5 пералётных відаў: валасянка завірушка, валасянка садовая, валасянка чорнагаловая, валасянка шэрая, валасянка ястрабіная.
Зімуюць у паўднёва-заходняй частцы Еўразіі і Афрыцы.
Гнёзды рыхлыя, шара- або чашападобныя на кустах, дрэўцах, сярод высокай травяністай расліннасці. Некаторыя высцілаюць гнёзды воласам (адсюль назва). Нясуць 4—6 яец.
Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі і вусенямі, ягадамі.