Валожынскі ешыбот

Славутасць
Валожынскі ешыбот
54°05′28″ пн. ш. 26°31′40″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Заснавальнік Хаім з Валожына[d]
Дата заснавання 1803
Дата пабудовы 1806[1]
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Валожынскі ешыбот[кам. 1] (ідыш: וואלאזשינער ישיבה) — ешыбот у Валожыне, таксама вядомы як Эц Хаім па імені заснавальніка Хаіма Валожынера. У перыяд росквіту ў ешыбоце навучаліся больш за 400 вучняў з усёй Расійскай імперыі. Валожынскі ешыбот стаў прататыпам большасці літвакоўскіх ешыботаў свету.

Валожынскі ешыбот на малюнку В. Тамашэвіча. 1897.

Ешыбот быў заснаваны ў 1803 годзе рабінам Хаімам Валожынерам, вучнем Віленскага гаона. Будынак ешыбота, які захаваўся да нашых дзён, быў скончаны ў 1806 годзе[2].

У 1821 годзе пераемнікам Хаіма Валожынера на чале ешыбот стаў яго сын Ісаак. Па смерці Ісаака ў 1849 годзе кіраўніком ешыбота прызначаны рабін Эліэзэр Фрыд (англ.: Eliezer Fried). Неўзабаве Эліэзэр Фрыд памёр, наступным кіраўніком ешыбота ў 1854 годзе прызначаны яго намеснік рабін Нафталі Цві Егуда Берлін (англ.: Naftali Zvi Yehuda Berlin).

Будынак ешыбота быў рэканструяваны пасля пажару ў 1865 годзе, але зноў разбураны буйным пажарам у горадзе, які здарыўся ў 1886 годзе. З 1887 года кіраўнік ешыбота Нафталі Цві Берлін пачынае вялікую працу па пошуку сродкаў на яго аднаўленне. Ахвяраванні рабіліся як іўдзеямі з Расійскай імперыі, так і з Еўропы. У выніку ешыбот разросся да вялікага цэнтра, які размяшчаўся ў комплексе будынкаў[3][2].

Валожынскі ешыбот у пачатку XX стагоддзя
Валожынскі ешыбот у пачатку XX стагоддзя

У 1896 годзе ешыбот афіцыйна закрыты, бо расійскі ўрад патрабаваў увядзення ў навучальную праграму выкладання рускай мовы і свецкіх прадметаў. Рабін Берлін не пагадзіўся з умовамі ўраду[4]. Паводле іншай версіі, рабін Берліна не задаволіла ў першую чаргу не тое, што давядзецца выкладаць свецкія прадметы, а сам загадны тон патрабавання ўраду: «Выкладчыкі ўсіх прадметаў мусяць мець дыпломы каледжаў… іўдзейскія прадметы нельга выкладаць ад 9 да 15 гадзін… начныя студыі не дазваляюцца… час навучання не можа перавышаць 10 гадзін на дзень.»

Некаторыя гісторыкі даводзяць іншую прычыну закрыцця ешыбота. Паводле гісторыка Шаўэля Стампфера (англ.: Shauel Stampfer), нядаўна адкрытыя дакументы расійскага ўрада пацвярджаюць, што сапраўднай прычынай закрыцця стала процістаянне іншых выкладчыкаў спробам рабіна Берліна прызначыць свайго сына дэканам Валожынскага ешыбота[5].

Рабін Рэфаэль Шапіра (англ.: Refael Shapiro), зяць рабіна Нацыва Валожынера, адкрыў ешыбот зноў у 1899 годзе, хоць колькасць вучняў у ёй значна скарацілася.

Фактычна навучальная ўстанова праіснавала да 1939 года[6], калі Валожын вярнуўся ў склад Савецкай Беларусі. Апошнія 60 вучняў разам з кіраўніком ешыбота і рабінам былі расстраляныя нацыстамі ў 1941 г. У час Другой сусветнай вайны будынак моцна пацярпеў[2].

Пасля вайны савецкія ўлады прыстасавалі будынак былога ешыбота пад рэстаран «Колас», потым тут у 1990-я гады працавала кулінарыя[2].

За савецкім часам будынак, нягледзячы на яго міжнароднае гістарычнае і культурнае значэнне, не быў унесены ў «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», а значыць не меў ніякага ахоўнага статусу. За дзесяцігоддзі нядбайнага выкарыстання будынак моцна дэградаваў, страціўшы амаль усе свае архітэктурныя адметнасці[2]. Адносна добра захавалася толькі ляпніна на ўсходнім фасадзе з выявай свяшчэннага каўчэга для захоўвання скрутку торы[2].

Спробы адраджэння

[правіць | правіць зыходнік]
Памятная шыльда на ешыбоце

У 1998 годзе падчас візіту ў Валожын былога прэм’ер-мінсітраа Ізраіля Шымона Перэса з’явілася дамоўленасць аб рэканструкцыі будынка. Тады ж будынак ешыбота быў прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння. У 2000 годзе мясцовыя ўлады перадалі будынак ва ўласнасць Іўдзейскаму рэлігійнаму аб’яднанню ў Беларусі[2].

Яўрэйская суполка спачатку планавала аднавіць у будынку ешыбот. Да гэтага праекта праявілі цікаўнасць некаторыя аналагічныя ўстановы ў Ізраілі і ЗША, якія планавалі накіроўваць сюды на лета сваіх вучняў. Але кошт праекта рэканструкцыі дасягаў 400 тысяч долараў, што значна перавышала магчымасці беларускай абшчыны і спонсараў[7]. За сем гадоў аб’яднанне сабрала 22 тысячы долараў ахвяраванняў ад замежных спонсараў, якія пайшлі на рамонт фасада і вываз смецця[7]. У пачатку 2000-х гадоў яўрэйская суполка пазабівала вокны, паставіла на іх краты, патынкавала і пабяліла сцены, замяніла крыццё даху, што дазволіла зберагчы будынак ад далейшага разбурэння[2]. У будынку знаходзілася часовая выстаўка, прысвечаная гісторыі ешыбота, якую штогод наведвала да 300 яўрэйскіх замежных турыстаў[7].

Але ў 2007 годзе мясцовыя ўлады прыгразілі адабраць у суполкі ешыбот. Чыноўнікі пісалі, што тагачасны стан будынка «ганьба для Валожына» і ён стварае ў турыстаў негатыўнае ўражанне пра горад[7]. У 2009 годзе архітэктурным бюро «Леоле», якім кіруе Галіна Левіна, дзяячка яўрэйскай меншасці, былі праведзены архітэктурныя абмеры і зандажы помніка, але далей справа не пайшла[2].

У 2022 годзе Інстітут гісторыі НАН Беларусі разам з Інстытутам Мінскграмадзянпраект праводзілі ахоўныя археалагічныя даследаванні ешыбота пад кіраўніцтвам навуковых супрацоўнікаў Інстытута гісторыі Сяргея Ліневіча і Ганны Ясковіч.

Галоўным вынікам даследавання было вызначэнне часу ўзвядзення сучаснага будынку. Найбольш старажытнымі аказаліся паўночна-заходні і заходні вуглы будынка. Асноўная частка пабудовы была знішчана пажарам 1886 года. Пра абрушэнне часткі сцен сведчаць кавалкі дахоўкі, выяўлены на ўзроўні падмуркаў, масавыя знаходкі бітай цэглы, выкарыстанне розных тэхналогій узвядзення падмуркаў.

Спачатку, у 1804-1817 гадах, ешыбот меў іншыя памеры, планіроўку і арыентацыю. Сучасная канфігурацыя будынку створана падчас узнаўлення пабудовы пасля пажару 1886 года. Да ацалелых сцен і фрагментаў падмурку дабудавалі новую частку будынка.

Рэканструкцыя

[правіць | правіць зыходнік]

У 2021 годзе будынак ешыбота быў перададзены на баланс аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыкакама. У пачатку 2022 года старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын сустракаўся па пытанні аднаўлення будынка ешыбот з паслом Ізраіля Алексам Гольдманам-Шайманам[8]. Адначасова пачаліся падрыхтоўчыя працы па рэканструкцыі, заказчыкам якой выступіў Мінскі аблвыканкам[2].

Навукова-праектным цэнтрам «Рэстабіліс»[9] былі праведзены комплексныя навуковыя даследаванні, выкананы зандажы ўнутры і знадворку будынку[2], распрацаваны праект зон аховы будынка[10][11], даследаваны гістарычны каларыт будынка. Таксама былі сабраныя матэрыялы ў архівах Мінска, Масквы, Вільні, Варшавы, Ізраіля[9][2].

Над праектам рэканструкцыі пад навуковым кіраўніцтвам мастацтвазнаўца Ігара Духана працаваў калектыў інстытута «Мінскграмадзянпраект», у які ўваходзілі архітэктары Валянціна Цыёнская, Святлана Кудрыцкая і іншыя[9][2], рэстаўрацыйныя рашэнні па фасадах распрацаваныя Навукова-праектным цэнтрам «Рэстабіліс» пад кіраўніцтвам архітэктара-рэстаўратара Рамана Забелы[12]. Улетку з археалагічных раскопак, якія праводзіліся пад кіраўніцтвам Сяргея Ліневіча вакол ешыбота, быў сабраны разнастайны матэрыял, які дазволіў лепш раскрыць гісторыю помніка[2].

Работы па рэканструкцыі будынку пачаліся толькі ў канцы вясны 2023 года. Былі цалкам заменены канструкцыі даху, новыя драўляныя фермы сталі актыўнай часткай новага інтэр’ера. Муроўку часткі сцен давялося рэстаўрыраваць, асабліва моцна яна была разбурана з дваровага фасада, які быў амаль цалкам перароблены[2]. Па старых фотаздымках быў цалкам узноўлены архітэктурны дэкор фасадаў: дэкаратыўныя элементы на пілястрах, ліштвы, сандрыкі, карнізы. Ешыботу быў вернуты арыгінальны бэжавы колер. У аконныя праёмы паставілі драўляныя рамы з касой раскладкай. Дзверы на ўваходзе таксама зрабілі драўлянымі, з філёнгамі і латуннымі ручкамі. На помніку імкнуліся максімальна выкарыстоўваць традыцыйныя матэрыялы і тэхналогіі[2].

Новы дах дазволіў зрабіць антрэсоль над уваходам, на якую вядуць дзве лесвіцы на падвесах. Гістарычны дэкор не захаваўся і як ён выглядаў дакладна невядома, таму яго не сталі ўзнаўляць. Вакол захаванай нішы, дзе традыцыйна захоўваецца скрутак Торыарон-кадэш»), зрабілі гіпатэтычную рэканструкцыю архітэктурнага порціка, над якім змешчана традыцыйная кампазіцыя — два львы, якія трымаюць скрыжалі Запавету[2]. Таксама было вырашана раскрыць некаторыя гістарычныя элементы будынка, каб паказаць узровень будаўніцтва і якасць цаглянай муроўкі[9]. Астатні інтэр’ер першага паверха фарміруе экспазіцыя культурна-адукацыйнага цэнтра, якая падзелена на тры зоны[2].

У час рэканструкцыі раскрылі больш цокальны паверх. Тут размясціліся гасцінічныя нумары з уласнай кухняй[2].

Была добраўпарадкавана таксама навакольная тэрыторыя і гаспадарчыя пабудовы. Замест праезда з паркоўкай перад ешыботам створана плошча. У аснову малюнка бруку і лапікаў газона пакладзена форма шасцівугольніка, у бруку можна пабачыць і «зорку Давіда». Схіл каля будынка ешыбота тэрасавалі шырокімі зялёнымі прыступкамі[2].

Упрыгажэннем плошчы стала скульптурная група «Рабін і Паэт», выкананыя беларускім скульптарам Дзмітрыем Аганавым. Абстрактныя бронзавыя фігуры рабіна і паэта, пакрытыя густой зялёнай пацінай, вядуць паміж сабой дыялог перад ешыботам. Перад адкрыццём ешыбота побач побач са скульптурамі паставілі шыльду адразу на чатырох мовах: рускай, беларускай, іўрыце і англійскай. Праўда, тэксты на беларускай мове і іўрыце аказаліся непісьменнымі. Пасля розгаласу, шыльды з памылкамі прыбралі[2].

Недалёка ад ешыбота адрэстаўрыравалі пад сувенірную краму і цагляную гаспадарчую пабудову, у якой захаваліся старыя металічныя акаваныя дзвярніцы[2].

Завяршэнне рэканструкцыі будынка ешыбота

Аб’ём работ быў такім вялікім, што да абласных «Дажынак», да якіх рыхтавалі адкрыццё ешыбота, не паспявалі ўсё зрабіць у вызначаны тэрмін. Праз гэта свята працаўнікоў вёскі перанеслі на месяц. 19 кастрычніка адноўлены будынак адчыніў свае дзверы перад першымі наведвальнікамі — кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрыем Крутым і старшынёй Мінаблвыканкама Аляксандрам Турчыным[2].

У першай зоне, «Нараджэнне і сталасць Валожынскага ешыбота», экспануюцца прадметы, якія адлюстроўваюць гісторыю навучальнай установы — творы яе заснавальнікаў і «рош-ешыва», то-бок кіраўніка ўстановы, працы Віленскага гаона, які істотна паўплываў на ідэі і праграму ешыбота, прадметы іўдаікі, якія суправаджалі паўсядзённую дзейнасць і святочнае жыццё ешыбота, мастацкая графіка[2].

Другая зона дэманструе калекцыю знаходак, атрыманых у працэсе археалагічных раскопак перад рэканструкцыяй ешыботы. Калекцыя працягвае першы культурна-гістарычны раздзел і адлюстроўвае розныя перыяды ў гісторыі Валожынскага ешыбота[2].

Трэцяя зона знаёміць з нараджэннем новай культуры ў асяроддзі слухачоў і выдатных выпускнікоў ешыбота, уздзеянне ідэй школы на сусветную культуру XX—XXI стагоддзяў. Тут экспануюцца літаратурныя творы, фота, аўтографы твораў і лістоў, графічныя ілюстрацыі яўрэйскіх дзеячаў[2].

Кіраўнікі ешыбота

[правіць | правіць зыходнік]

Ешыбот узначальвалі (у храналагічным парадку):

  1. Хаім з Валожына
  2. Іцхак з Валожына
  3. Нафталі Цві Егуда Берлін (першапачаткова — сумесна з Ёсэфам Доў-Бер Салавейчыкам)
  4. Рэфаэль Шапіра

У нумізматыцы

[правіць | правіць зыходнік]
Аверс срэбранай памятнай манеты наміналам 10 рублёў. 2010.
Рэверс срэбранай памятнай манеты з выявай Валожынскага ешыбота. 2010.

30 снежня 2010 года Нацыянальным банкам Беларусі былі ўведзены ў абарачэнне памятныя манеты «Іудаізм. Валожынская іешыва». Манеты выпушчаны ў двух варыянтах: срэбная наміналам 10 рублёў (проба 925, маса 16,81 г, дыяметр 33 мм, тыраж 3000 штук) і медна-нікелевая наміналам 1 рубель (маса 15,55 г, дыяметр 33 мм, тыраж 3000 штук). Дызайн манет распрацаваны Аксанай Навасёлавай, чаканка выканана Літоўскі манетны двор у Вільні. На аверсе срэбнай манеты размешчаны Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, у цэнтры — стылізаваны выявы сямісвечніка, сімвала іудаізму, з указаннем намінала, года выпуску і пробы сплаву. На рэверсе абодвух манет змешчана выява будынка Валожынскай іешывы з надпісамі «ІУДАІЗМ» уверсе і «ВАЛОЖЫНСКАЯ ІЕШЫВА» ўнізе[13].

  1. а б Як выглядае сусветна вядомая яўрэйская семінарыя ў Валожыне пасля рэстаўрацыі — шмат ФОТА
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э Ф. Раўбіч. Як выглядае сусветна вядомая яўрэйская семінарыя ў Валожыне пасля рэстаўрацыі — шмат ФОТА . Наша Ніва (23 кастрычніка 2024). Праверана 28 кастрычніка 2024.
  3. "Древо жизни". В Минской области идет реконструкция знаменитой Воложинской иешивы (руск.). belta.by (8 жніўня 2023). Праверана 28 кастрычніка 2024.
  4. http://books.google.com/books?id=zjfPA1NZFbgC&pg=PA11&lpg=PA11&dq=volozhin+yeshiva&source=web&ots=whMJ8BfjzZ&sig=T-oi-e96jJTIvZCqYPT3-DcSMSM&hl=en&sa=X&oi=book_result&resnum=4&ct=result
  5. Глядзіце The Dinur Center for Research in Jewish History: Shaul Stampfer Архівавана 1 снежня 2008.
  6. Валожынская ешыва Архівавана 14 мая 2014. (руск.)
  7. а б в г «ЦЕНА ИСТОРИИ» - ЛЕВ КРИЧЕВСКИЙ(недаступная спасылка). web.archive.org (13 чэрвеня 2024). Архівавана з першакрыніцы 13 чэрвеня 2024. Праверана 28 кастрычніка 2024.
  8. Под Минском может возродиться знаменитая Воложинская ешива – Еврейская община (литваков) Литвы (руск.) (19 студзеня 2022). Праверана 28 кастрычніка 2024.
  9. а б в г "Древо жизни". В Минской области идет реконструкция знаменитой Воложинской иешивы (руск.). belta.by (8 жніўня 2023). Праверана 28 кастрычніка 2024.
  10. Спадчына. Telegram. Праверана 28 кастрычніка 2024.
  11. Информация о документе «Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці (руск.). pravo.by. Праверана 28 кастрычніка 2024.
  12. Спадчына. Telegram. Праверана 29 студзеня 2025.
  13. Памятные монеты «Іудаізм. Валожынская іешыва» («Иудаизм. Воложинская иешива»)
Каментарыі
  1. Словы ешыва́ ці іешыва не сустракаюцца ў беларускіх слоўніках і Корпусе беларускай мовы