Вальтэр Функ

Вальтэр Функ

Вальтэр Функ (ням.: Walther Emanuel Funk; 18 жніўня 1890 — 31 мая 1960) — эканаміст і буйны нацысцкі чыноўнік, які быў рэйхсміністрам эканамічных адносін з 1937 па 1945 гады.

Функ нарадзіўся ў сям’і гандляра ў 1890 годзе ў горадзе Данцкемен (сёння — Сасноўка, Калінінградская вобласць, Расія) ва Усходняй Прусіі. Быў сынам будаўніка Вальтэра Функа-старэйшага і яго жонкі Сафіі. Вучыўся ва ўніверсітэце Гумбальта ў Берліне і Лейпцыгскім універсітэтах, дзе вывучаў эканоміку, права і філасофію. Пад час Першай сусветнай вайны служыў у пяхоце, але быў камісаваны па стане здароўя ў 1916 годзе. У 1920 ажаніўся з Луізай Шміт. Пасля вайны працаваў журналістам, а ў 1924 годзе стаў рэдактарам правацэнтрыстскай фінансавай газеты Berliner Börsenzeitung.

Палітычная кар’ера

[правіць | правіць зыходнік]

Функ быў антымарксістам і нацыяналістам, таму з-за несупадзення поглядаў з галоўным рэдактарам газеты летам 1931 года пакінуў сваю пасаду і далучыўся да нацысцкай партыі. Там Вальтэр Функ наблізіўся да Грэгара Штрасэра, які і пазнаёміў Функа з Гітлерам. Часткова дзякуючы сваёй цікавасці да эканомікі, Функ быў абраны дэпутатам у Рэйхстаг у ліпені 1932 года, а ўнутры партыі стаў галавою камітэта па эканамічнай палітыцы ў снежні 1932, хаця на апошняй пасадзе не затрымаўся. Пасля прыходу да ўлады нацыстаў Функ пакінуў месца ў Рэйхстагу і стаў галоўным прэс-сакратаром Трэцяга Рэйха.

У сакавіку 1933 года Вальтэр Функ быў прызначаны Дзяржаўным сакратаром у міністэрства публічнай асветы і прапаганды. У 1938 годзе ён стаў рэйхсміністрам эканомікі, змяніўшы Ялмара Шахта на гэтай пасадзе, апошні ўвайшоў у канфлікт з Германам Герынгам, прайграў у барацьбе і быў вымушаны пакінуць сваю пасаду. У студзені 1939 года Гітлер прызначыў Функа прэзідэнтам Рэйхсбанка, з гэтага моманту стаў сябрам праўлення Інтэрнацыянальнага банка, які знаходзіўся ў Швейцарыі. У верасні 1943 года Вальтэр Функ быў прызначаны на пасаду дырэктара Галоўнага бюро планавання Рэйха.

Нюрнбергскі трыбунал і смерць

[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на слабое здароўе, Функ быў абвінавачваемым на нюрнбергскім працэсе. Абвінавачваўся ў здзяйсненні злачынстваў супраць міра, планаванні ваеннай агрэсіі, ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці, хаця сам Функ абараняўся тым, што меў вельмі малую долю ўлады ў Рэйху. Амерыканскі пракурор Джэксан назваў Функа «Банкірам залатых зубоў», паказваючы адносіны абвінавачваемага да практыкі здабычы золата з зубоў ахвяр канцлагераў і наступнай пераплаўкі гэтага золата ў зліткі Рэйхсбанка. У выніку трыбунала быў асуджаны на пажыццёвае зняволенне. Функ адбываў пакаранне ў турме Шпандау разам з іншымі асуджанымі-нацыстамі. З-за цяжкага стану здароўя быў вызвалены 16 мая 1957 года. Памёр праз год у Дзюсельдорфе ад дыябету.

Зноскі

  • Ernst Klee Das Personenlexikon zum Dritten Reich. Wer war was vor und nach 1945. — Frankfurt am Main: Fischer-Taschenbuch-Verlag, 2005. — С. 172. — 732 с. — ISBN 3-596-16048-0
  • Nuremberg: Tyranny on Trial. History Channel. 1995. Television
  • Bird, Eugene (1974). The Loneliest Man in the World. London: Secker & Warburg. p. 121. ISBN 0436042908.