Васіль Якаўлевіч Ерашэнка | |
---|---|
Василий Яковлевич Ерошенко | |
![]() | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 12 студзеня 1890[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 23 снежня 1952[1] (62 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэт, пісьменнік, эсперантыст, перакладчык, выкладчык універсітэта, музыкант, педагог |
Мова твораў | эсперанта, японская мова |
![]() |
Васі́ль Я́каўлевіч Ерашэ́нка (31 снежня 1889 (12 студзеня 1890), слаб. Абухоўка, Старааскольскі павет, Курская губерня, Расійская імперыя — 23 снежня 1952, в. Абухоўка, Старааскольскі раён, Курская вобласць, РСФСР, СССР) — эсперантыст, пісьменнік сімваліст, паэт, музыкант, педагог. Літаратурныя творы пісаў на эсперанта і японскай мове.
Нарадзіўся ў сям’і селяніна. Страціў зрок у дзяцінстве. У 1899—1908 гадах вучыўся ў Маскоўскай школе для сляпых дзяцей, гуляў у Маскоўскім аркестры сляпых. Сустрэча з эсперантысткай Ганнай Шарапавай адкрывае для таленавітага юнака новыя перспектывы. Пасля вывучэння міжнароднай мовы эсперанта, ён накіроўваецца ў 1912 годзе ў Англію, дзе вучыцца ў Каралеўскім інстытуце сляпых, а потым, у 1914 годзе ў Японію, дзе вучыцца ў Такійскай школе сляпых. У Японіі знаёміцца з шэрагам вядомых літаратараў, журналістаў, рэвалюцыянераў. У прыватнасці, яго сябрам быў японскі драматург Акіта Удзяку. Пасля вывучэння японскай мовы, публікаваў у японскіх часопісах свае казкі і нарысы. Пасля сустрэчы з Агнэс Александэр зацікавіўся рэлігіяй Бахаі і быў першым перакладчыкам «Запаветных слоў» Бахаулы на эсперанта.
У 1916—1919 гадах жыў і працаваў у Сіаме, Бірме, Індыі. У 1919 годзе вярнуўся ў Японію, адкуль быў высланы ў 1921 годзе з-за падазрэнняў у прыхільнасці да бальшавізму. Прыбыў ва Уладзівасток, але з-за Грамадзянскай вайны не здолеў выехаць з Далёкага Усходу. У 1921—1923 гадах жыве і працуе ў Кітаі. Выкладаў эсперанта ў Пекінскім універсітэце, быў знаёмы з шэрагам кітайскіх пісьменнікаў, найперш з класікам кітайскай літаратуры Лу Сінем, які напісаў пра Ерашэнку нарыс і перакладаў яго творы на кітайскую мову. У 1923 годзе прыехаў з Кітая ў Германію, дзе ўдзельнічаў у кангрэсе эсперантыстаў у Нюрнбергу. З 1924 па 1929 жыў у Маскве.
У 1929—1930 гадах здзяйсняе падарожжа на Чукотку. Да 1935 года жыве і працуе ў Ніжнім Ноўгарадзе і Маскве. У 1935 годзе заснаваў першую ў Туркменіі школу для сляпых каля горада Мары, дзе застаецца да 1945 года. У 1946—1948 гадах настаўнік Маскоўскай школы для сляпых дзяцей. У 1949—1951 жыве і працуе ў Ташкенце. У 1952 годзе смяротна хворы на рак, пераязджае ў Абухоўку, дзе працуе над апошняй кнігай. Вялікія архівы пісьменніка ў розны час і пры розных абставінах былі знішчаны.
Творы Ерашэнкі, створаныя ў Японіі і Кітаі, якія зрабілі яго вядомым у гэтых краінах, у СССР не перакладалі да 1962 года. Пра Васіля Ерашэнку напісана кніга «Чалавек, які ўбачыў свет», аўтар Аляксандр Харкаўскі.