Веда́нта (санскр.: वेदान्त, vedānta IAST, літар. канец ведаў) — рэлігійна-філасофская сістэма ў індыйскай філасофіі.
Узнікла на аснове абагульнення каментарыяў да тэкстаў Ведаў (упанішад) і часткова эпічных тэкстаў («Рамаяна», «Махабхарата», «Бхагавадгіта»). Уключае ўласна веданта, некаторыя вучэнні вішнуізму, шываізму, а таксама неаіндуізму. Асноўныя філасофскія катэгорыі веданта: брахман (касмічная душа), атман (індывідуальная душа), пуруша (абстрактны духоўны пачатак), пракрыці (абстрактны матэрыяльны пачатак, прырода), артха (сэнс, значэнне), джняна (веды), авастха (псіхічны стан) і мая (ілюзія). Вышэйшая рэальнасць і прычына ўсяго існага — вечны Брахман. Мэтай быцця веданта лічыць «вызваленне», дасягаенне адзінства з Богам шляхам поўнага адыходу ад рэальнасці і паглыблення ў чыстае мысленне.
Мяркуюць, што мудрэц Бадараян (каля IV—III ст. да н.э.) сістэматызаваў вучэнні ў «Брахма-сутры» («Веданга-сутры»), што існавалі ў VII ст. да н.э. Каментарыі да іх далі пачатак школам веданта — Шанкары, Рамануджы, Мадхвы, Валабхі, Німбаркі і інш., якія разыходзяцца ў поглядах на індывідуальнае Я (джыву) і Брахман.
Веданта значна паўплывала на індуізм. Прадстаўнікі неаведантызму ХХ ст. Р. Тагор, С. Радхакрышнан і інш.