Ведыйская мова

Ведыйскі санскрыт
Краіны Старажытная Індыя
Вымерла развіўся ў класічны санскрыт
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Індаіранская галіна
Індаарыйская група
Моўныя коды
ISO 639-1
ISO 639-2
ISO 639-3 vsn
LINGUIST List vsn
IETF sa-vaidika
Glottolog vedi1234

Веды́йская мова — адна з старажытных моў індаарыйскае групы індаіранскае галіны індаеўрапейскай сям'і моў, размоўная мова-продак санскрыту і адзін з ранніх нашчадкаў праіндаіранскай мовы — мовы, што вылучылася з праіндаеўрапейскай мовы і дала пачатак індаіранскім мовам. Ведыйская мова — найстаражытнейшая з усіх пісьмова засведчаных моў індаарыйскай групы моў.

У гістарычным дачыненні ведыйская мова вядомая як мова Ведаў — святых тэкстаў, сабраных у перыяд між пачаткам-сярэдзінай II тыс. і сярэдзінай I тыс. да н.э. Вусна захоўвалася ў якасці Шраўты — збору гімнаў і мантраў у складзе Ведаў, што апярэдзіў узнікненне пісьмовасці ў Індыі на некалькі стагоддзяў. Праз адсутнасць эпіграфічных звестак і бесперапыннае пісьмовай традыцыі ведыйскую мову можна разглядаць як рэканструяваную мову. Асабліва найстарэйшы этап развіцця мовы, мова Рыгведы, захаваўся толькі ў выглядзе адрэдагаваных праз некалькі стагоддзяў тэкстаў, што пераводзіць пытанне аднаўлення яе першапачатковае формы ў дысцыпліну лінгвістычнай рэканструкцыі[1].

Прыкладна з IV ст. да н.э., у класічны перыяд жалезнага веку на Старажытнай Індыі, ведыйская мова саступіла месца класічнаму санскрыту, упарадкаванаму тагачасным індыйскім лінгвістам Паніні.

Ведыйская мова асабліва блізкая авестыйскай мове, якая, між іншым, належыць да іншай групы індаіранскай галіны — іранскай.

Дагістрычнае развіццё

[правіць | правіць зыходнік]

Незважаючы на тое, што мова параўнальна блізкая рэканструяванай праіндаіранскай мове, яна ўжо ўтрымлівала рысы, паводле якіх мова можа характарызавацца як індыйская (індаарыйская).

Сярод фаналагічных інавацый у параўнанні з праіндаіранскай адзначаецца страта зычных /z/ і /ž/, а таксама ўвядзенне серыяў рэтрафлексных зычных (напрыклад, пр.-інд.-іран. *nižda- «гняздо» > вед. nīḍa- «месца адпачынку, сядзення»; гл. таксама падаўжэнне *i > ī). У лексыцы — вялкая колькасць запазычванняў з моў народаў, што пражывалі на Індыйскім субкантыненце да ўварвання арыяў, якія трактуюцца як дравідыйскія або мундскія. Гэты субстрат таксама датычыць фанетычных, марфалагічных і сінтаксічных інавацый.

Аддзяленне індаарыйцаў з агульнай праіндаіранскай супольнасці, грунтуючыся на лінгвістычных даных, датуецца прынамсі не пазней 1800 г. да н.э.[2] Зборы найстаражытнейшых гімнаў Рыгведы, у сваю чаргу, датуюцца прыкладна сярэдзінай гэтага ж тысячагоддзя[3]. Іншыя даследчыкі звязваюць падзел індаарыйцаў і іранцаў з эпохай Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплексу Бронзавага веку, які існаваў на поўдні Сярэдняй Азіі з ХXIII па XVIII стст. да н.э.[4][5] Існуе гіпотэза, паводле якой індаарыйцы прысутнічалі ў позняй Гарапе не раней як ад 1900 г. да н.э., пасля чаго адбылося іх уварванне ў Панджаб як адпаведнай свацкай культуры 1700 гг. да н.э. Гэтая гіпотэза падразумявае, што мова Рыгведы стала прамым продкам таксама дардскіх моў (часам уключаюцца ў склад індаарыйскіх)[6]. Такім чынам, можа меркавацца, што гімны Рыгведы складзеныя на літургічнай мове, заснаванай на маўленні, што было распаўсюджаным у Гандгары (адна з старажытных дзяржаў на мяжы сучасных Афганістану і Пакістану) у часы позняй свацкай культуры — пад канец перыяду бронзавага веку ў Індыі.

Гэтая літургічная мова цягам некалькіх стагоддзяў паступова разышлася ад гутарковага маўлення і стала вядомая як штучная мова, супрацьпастаўленая гутарковым пракрытам — дыялектам, якія пазней прыйшлі на змену ведыйскай мове і ў пісьмовасці. Тым не менш, некаторыя асобныя рысы ведыйскай мовы збліжаюць яе з пракрытамі.

Агулам, у ведыйскай мове могуць вылучацца пяць асноўных плястаў храналагічнага развіцця[7]:

  • Мова Рыгведы. Рыгведа ўтрымлівае вялікую колькасць агульных індаіранскіх элементаў, якія адсутнічаюць у іншых ведыйскіх тэкстах, у ёй шмат асаблівасцей агульнаіндаеўрапейскага паэтычнага маўлення. Напісанне Рыгведы, хутчэй за ўсё, ішло на працягу некалькіх стагоддзяў, завяршыўшыся, апроч апошніх частак, каля XII ст. да н.э.
  • Мова мантраў. У гэты перыяд былі складзены вершаваныя і празаічныя тэксты Атхарваведы (Пайпалада і Шаўнакія), Хілані, Самаведы-Самхіты і Яджурведы. У асноўным гэтыя тэксты паходзяць ад тэкстаў Рыгведы, але разам з гэтым яны зазналі змены ў лінгвістычных і інтэрпрэтацыйных адносінах (напрыклад, асноўныя лексічныя змены — viśva > sarva «усё», kṛno- > kuru- цяп. час «рабіць»). У мове мантраў — больш самастойны статус у дзеяслоўных прэвербаў, што фігуравалі як звязаныя прыстаўкі ў санскрыце (гл. далей). Гэты перыяд у развіцці мовы адпавядае ранняму жалезнаму веку на паўночным захадзе Індыі (жалеза ўпершыню згадваецца ў Атгарваведзе) і царству Куру ў гэтым жа рэгіёне, што прыпадала на часы ад XII ст. да н.э. Ужо ў перыяд позніх мантраў мова, хутчэй за ўсё, не функцыянавала як жывая;
  • Мова прозы Самхіты. Гэты перыяд акрэсліваецца прыкладна 1100—800 гг. да н.э., калі пачаўся працэс збору і кадыфікацыі ведыйскага канону. Асноўныя змены ў граматыцы — знікненне ладаў (у прыватнасці, ін'юнктыву) у аорысце;
  • Мова прозы Брахманаў (блізу 900—600 гг. да н.э.). Маўленне Брахманаў чатырох тагачасных Ведаў, а таксама найстарэйшых Упанішадаў — Брыхадараньяка-ўпанішада, Чхандог'я-ўпанішада, Джаймінія-ўпанішад-брахмана.

Ужо ў перыяд стварэння позніх мантраў ведыйская мова, хутчэй ха ўсё, не функцыянавала як жывая мова, захоўваючыся ў рытуальнай і навуковай галінах, а ў паўсядзённым жыцці будучы выцесненай сярэднеіндыйскімі дыялектамі.

Каля 500 г. да н.э. пачынаецца працэс заняпаду ведыйскай мовы, які быў выкліканы культурна-палітычнымі і лінгвістычнымі зменамі. Кадыфікацыя звязаных з моваю рэлігійных рытуалаў дасягнула свайго піку, і па з'яўленні новых рэлігійных плыняў сталі выкарыстоўвацца народныя формы маўлення — пракрыты. Неўзабаве па ўварванні персаў у даліну Інда палітычны цэнтр індаарыйскіх царстваў перамясціўся на ўсход, на раўніну Ганга. Прыкладна ў гэту эпоху, у IV ст. да н.э. індыйскім мовазнаўцам Паніні і іншымі граматыстамі на аснове мовы ведыйскае прозы (перадусім Брахманаў) ажыццяўляецца нармалізацыя граматыкі санскрыту.

Лінгвістычныя рысы

[правіць | правіць зыходнік]

Фанетыка, фаналогія

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўная змена ў фанетыцы ў параўнанні з праіндаіранскаю моваю — страта звонкага свісцячага /z/.

Для ведыйскай мовы былі ўласцівыя білябіяльны фрыкатыў [ɸ] і велярны фрыкатыў [x] — абодва зычныя з'яўляліся аляфонамі /h/ і паўставалі перад p, ph і k, kh адпаведна. Зубны меў інтэрвакальны аляфон — рэтрафлексны [l], які ў дэванагары пазначаўся асобным сімвалам (ळ) і транслітаруецца як або ḷh. Для прыбрання неадназначнасці між вакалізаваным l і яго рэтрафлексным аналагам у стандарце ISO 15919 вакалізаваны l указваецца як (варта адзначыць, што пры транслітарацыі некаторых сучасных індаарыйскіх моў вакалізаванае r таксама транслітаруецца з кольцам унізе з мэтай пазбягання блытаніны гэтага гуку з і ṛh).

У прасодыі ведыйскай мовы адзачаўся музычны націск. Невялікая колькасць словаў у позняй ведыйскай мове магла мець цыркумфлексны тон, які падаў на кароткі галосны, што дазваляе сцвярджаць некаторым лінгвістам пра нязначны танальны характар ведыйскай мовы (для параўнання, амаль усе славянскія мовы і большасць моў Еўропы да танальных моў не адносяцца). Тым не менш, у адноўленых тэкстах Рыгведы амаль усе склады з цыркумфлексным тонам (вядомы ў мове як незалежная сварыта) мусяць вяртацца да паслядоўнасці з двух, першы з якіх утрымлівае акутны тон (удата) і залежную сварыту. Такім чынам, раннія формы ведыйскай мовы разглядаюцца як мова з музычным націскам. Сярод захаваных тэкстаў пасляведыйскага перыяду націск не адзначаецца, але Паніні адзначаліся правілы пастаноўкі націску ў маўленні яго эпохі (пасляведыйскай, гл. вышэй).

У часы сярэдневедыйскай мовы існавалі трохморныя галосныя, якія амаль завяршылі працэс набыцця фаналагічнай якасці, але ён спыніўся.

Марфалогія, сінтаксіс

[правіць | правіць зыходнік]

На цяперашні час вылучаецца наступны пералік адрозненняў між ведыйскай мовай і санскрытам:

  • Наяўнасць у ведыйскай мове глухога білябіяльнага фрыкатыву /ɸ/ і глухога велярнага фрыкатыву /x/, якія паўставалі на месцы прыдыхання перад глухімі лябіяльнымі і глухімі велярнымі адпаведна (гл. вышэй). Абодва зычныя ў санскрыце страціліся, перайшоўшы ў прыдыханне;
  • Наяўнасць у ведыйскай мове рэтрафлекснага латэральнага апраксыманту /ɭ/ і яго прыдыхальнага аналагу /ɭʰ/, якія ў санскрыце перайшлі ў /ɖ/ і /ɖʱ/ адпаведна;
  • Вымаўленне складовых /ɻ̩/, /l̩/ і іх доўгіх аналагаў страціла свой характар і перайшло ў /ɻi/ і /li/ адпаведна;
  • Рэалізацыя галосных e, o ў ведыйскай мове як дыфтонгаў /ai/ і /au/ і іх манафтангізацыя ў /eː/, /oː/ у санскрыце;
  • У сваю чаргу, галосныя ai і au ў ведыйскай мове сталі рэалізоўвацца як /aːi/, /aːu/ адпаведна, у санскрыце ператварыліся ў дыфтонгі /ai/, /au/;
  • У старажытнаіндыйскіх граматычных трактатах напісана, што зубныя зычныя артыкуляваліся ля дзяснаў, а пазней сталі рэалізоўвацца як звычайныя зубныя. Падобныя змены, у тым ліку, зведаў /r/, які пазней стаў рэалізоўвацца як рэтрафлексны;
  • Ведычнай мове быў уласцівы музычны націск, які меў сэнсаадрознае значэнне і захоўваўся нават у часы Паніні, пра што сведчаць адпаведныя пісьмовыя абазначэнні. Пазней гэты націск быў заменены сілавым націскам, абмежаваным з другога па чацверты склады з канца слова;
  • Дапушчэнне сцячэння двух галосных разам без уліку сандгі — змены гукаў у залежнасці ад іх месца ў слове, сказе і г.д.
  • Як лічыцца, у ведыйскай мове існаваў умоўны лад, які ўжо знікнуў у часы жыцця Паніні; усе часы маглі выкарыстоўвацца поруч з умоўным ладам і аптатывам (у адрозненне ад санскрыту, дзе існаваў толькі цяперашні час у аптатыве; аднак формы ўмоўнага ладу ў старых формах першай асобы санскрыту маглі выкарыстоўвацца з загадным ладам). Акрамя гэтага, існаваў пяты лад — ін'юнктыў;
  • Адрозніваліся словазмены словаў жаночага роду з коранем, які канчаўся на i, аднак гэта адрозненне таксама было страчана ў санскрыце;
  • Больш за дванаццаць спосабаў фарміравання інфінітыву, з якіх у санскрыце захаваўся толькі адзін;
  • Больш разнастайныя мажлівасці скланення ў ведыйскай мове ў параўнанні з санскрытам для назоўнікаў, займеннікаў (першай, другой асоб). У санскрыце гэтае спрашчэнне стала вынікам імкнення ўпарадкавання і стандартызацыі граматыкі, што, аднак, што стала прычынай прыбрання шэрагу старажытных індаеўрапейскіх формаў.
  • У імені прадукцыйныя каранёвыя асновы, рэдкія для санскрыту;
  • Праіндаеўрапейская мова, як і мовы, што ўтварыліся ў выніку яе распаду, у істотнай ступені з'яўляліся флектыўнымі мовамі, у якіх прыстаўкі захоўвалі свой самастойны статус. Падобныя марфемы, асабліва ў выпадку з дзеясловамі, маглі паўставаць у любым месцы, але ў санскрыце яны сталі замацоўвацца перад дзеясловам і страцілі самастойны статус. Падобныя змены адбыліся таксама ў старажытнагрэчаскай мове ў параўнанні з моваю часоў Гамера і г.зв. моваю класічнага перыяду.

Адрозніваліся тры часы — скончаны, няскончаны і аорыст. У маўленні мантраў умоўны лад часта ўжываецца ў функцыі будучага часу, ускосныя лады маглі ўтварацца не толькі ў сістэме прэзенсу, але таксама ад асноваў аорысту і, радзей, перфекту (скончанага). Асновы перфекту маглі далучаць другасныя, імперфектныя (няскончаныя) канчаткі, утвараючы г.зв. плюсквамперфект.

Для сінтаксісу характэрнае шырокае прымяненне часціцаў, якія нярэдка мелі функцыі злучнікаў або мадальныя функцыі; адносна вольны парадак словаў, а таксама асаблівы статус прэвербаў (гл. вышэй). У лексыцы і фразеалогіі шырока прадстаўленыя архаізмы.

Зноскі

  1. Karen Thomson, Jonathan Slocum. The Rigveda: Metrically Restored Text. — Linguistics Research Center, The College of Liberal Arts, UT Austin, 2013. Архівавана 29 снежня 2008.
  2. Mallory, J.P. In Search of the Indo-Europeans: Language, Archaeology, and Myth. — London: Thames & Hudson, 1989. — С. 38f.
  3. J. P. Mallory, Douglas Q. Adams. Encyclopedia of Indo-European Culture. — Taylor & Francis, 1997. — С. 306. — 829 с.
  4. Asko Parpola (1988)
  5. J.P. Mallory (1998)
  6. Parpola, Asko. III // The formation of the Aryan branch of Indo-European / Blench, Roger & Spriggs, Matthew, Archaeology and Language. — languages and texts, London and New York: Routledge, 1999.
  7. (Witzel 1989)
  • A. A. Macdonell. Vedic Grammar. — Stras, 1910.
  • Macdonell A. A. A Vedic grammar for students. — Oxf., 1916.
  • Bruno Lindner. Altindische Nominalbildung: Nach den S̆amhitas dargestellt. — Hermann Costenable, 1878. — 167 с.
  • Renou L. Grammaire de la langue védique. — Lyon; P., 1952.
  • Michael Witzel. Tracing the Vedic dialects in Dialectes dans les litteratures Indo-Aryennes / ed. Caillat. — Paris, 1989. — С. 97-265.
  • Елизаренкова Т. Я. Грамматика ведийского языка. — М., 1982.
  • Елизаренкова Т. Я. Ведийский язык. — М.: Наука, ГРВЛ, 1987. — 184 с. — (Языки народов Азии и Африки).
  • Елизаренкова Т. Я. Язык и стиль ведийских риши. — М., 1993.