Вектарная графіка (таксама называецца геаметрычным мадэляваннем ці аб’ектава-арыентаванай графікай) — гэта від камп’ютарнай графікі, у якім выявы ўтвараюцца з геаметрычных прымітываў (пункты, лініі, крывыя і многавугольнікі), апісваных матэматычнымі раўнаннямі. Назва ўжываецца ў проціпастаўленні з растравай графікай, у якой выява ўтвараецца з набора піксэляў.
Усе сучасныя дысплэі адлюстроўваюць вектарныя выявы ў растравым фармаце. Растравыя выявы, якія ўтрымліваюць значэнне для кожнага піксэля на экране, захоўваюцца ў памяці, і ўвесь экран абнаўляецца 30 і болей разоў за секунду. Цяпер тэрмін «вектарная графіка» выкарыстоўваецца пераважна ў кантэксце двухмернай камп’ютарнай графікі, якая з’яўляецца адным з спосабаў адлюстравання выявы на растравым дысплэі. Іншыя спосабы ўключаюць тэкст, мультымедыя і трохмернае адлюстраванне.
Разгледзім круг з радыусам r. Для яго адлюстравання праграме патрэбны наступныя звесткі:
наступная інфармацыя апісвае круг
радыус r і раўнанне круга
размяшчэнне цэнтра круга
колер і стыль контура (можа быць празрыстым)
колер і стыль запаўнення (можа быць празрыстым)
Перавагі такога спосаба рысавання над растравай графікай:
Мінімальны аб’ём інфармацыі забяспечвае значна меншы памер файла ў параўнанні з вялікімі растравымі выявамі (памер адлюстравання не залежыць ад велічыні аб’екта).
Адпаведна, можна бясконца павялічваць, прыкладам, дугу акружнасці, і яна застанецца гладкай. Насупраць, многавугольнікі, якія ўтвараюць крывую, пакажуць, што дуга насамрэч не зусім крывая.
Пры павелічэнні лініі і крывыя могуць захоўваць сваю шырыню пастаяннай.
Параметры аб’ектаў захоўваюцца і могуць быць змененыя ў любы момант. Гэта значыць, што перамяшчэнне, маштабаванне, кручэнне, наданне запаўнення і пад. не пагаршаюць якасці выявы. Больш за тое, вымярэнні ў вектарных аб’ектах звычайна запісваюцца ў апаратна-незалежных адзінках, што дазваляе выконваць найлепшае растарызаванне на растравых прыладах.
У трохмернай графіцы нашмат больш рэалістычныя цені адлюстроўваюцца на вектарных аб’ектах, паколькі цені могуць разглядацца як прамяні святла, што іх утвараюць. Гэта дазваляе ствараць фотарэалістычныя выявы.
Вектарная графіка асабліва важная для друку. Паколькі выявы ўтвараюцца з матэматычных крывых, яны будуць выразна надрукаваныя нават пры змяненні памераў. Прыкладам, вектарны лагатып можна з аднолькава выдатнай якасцю надрукаваць і на візітоўцы, і на рэкламным шчыце. Растравая выява нізкага вырашэння была б неверагодна размытая пры павелічэнні ад памеру візітоўкі да памеру рэкламнага шчыта.