Вольха шэрая

Вольха шэрая

Дарослая расліна
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Alnus incana (L.) Moench, 1794

Сінонімы
  • Betula alnus L. var. incana L.basionym
  • Betula incana (L.) L.f.
Распаўсюджанне віда ў Еўразіі

выява

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  19471
NCBI  3516
EOL  1145865
GRIN  t:2453
IPNI  30106706-2
TPL  kew-6417

Вольха шэрая[3][4] або Вольха белая[5][6], Алешына[7], Алеша[8], Вольха баравая[6] (Alnus incana) — лістападнае дрэва, від роду Вольха (Alnus) сямейства Бярозавыя (Betulaceae)[9].

Лацінская відавая назва лац.: incana азначае «сіваватая»[10].

Батанічнае апісанне

[правіць | правіць зыходнік]
Батанічная ілюстрацыя з кнігі К. А. М. Ліндмана «Bilder ur Nordens Flora», 1917—1926
Малады ліст

Дрэва вышынёй да 20 м або куст з вузка-яйкападобнай кронай і ствалом дыяметрам да 50 см[9]. Ствол шараватага колеру рэдка прамы і цыліндрычны, часта з падоўжнымі западзінамі і гарбамі. Адна з найбольш хуткарослых парод. Да 10-15 гадоў расце хутка, пасля чаго прырост запавольваецца. дажывае да (40 — 50[10][11]) 50 — 60, зрэдку да 100 лет[12].

Каранёвая сістэма павярхоўная, размяшчаецца ў асноўным у верхнім глебавым пласце (10—20 см)[12]. На каранях утрымліваюцца клубяньковыя нарасты, якія змяшчаюць мікраарганізмы, здольныя засвойваць азот з паветра[10]. Утворае шматлікія каранёвыя атожылкі і пнёвы параснік[12].

Кара светла-шэрая, заўсёды гладкая[9] і не ўтварае вонкавага каркаватага пласту. Парасткі спачатку зеленаватыя, пазней бурыя або чарнавата-шэрыя, не клейкія, але пакрытыя шэрым пушком або лямцам і светлымі чачавічкамі[9].

Пупышкі сцябліністыя, яйкападобныя або яйкападобна-шарападобныя, на вяршыні злёгку прытупленыя, пухнатыя. Лісце размешчана ў тры рады[10], чарговае, авальнае, авальна-ланцэтнае або яйкападобна-круглявае, радзей эліптычнае, даўжынёй 4(4,5[11])—10 см, шырынёй 3,5—7 см, вострае або востраканцовае, радзей прытупленае, з круглявым або слаба сэрцападобным аснаваннем, востра-двойчата-пільчатае, маладое густа-пухнатае, не ліпкае, дарослае зверху амаль голае, знізу шэра-зялёнае, без бародак ў кутах нерваў, на мякка валасістых або лямцавых хвосціках даўжынёй 1—2(3[11]) см[9]. Увосень не жаўцее.

Тычынкавыя каташкі вяршынныя, сабраны па 3-5 разам, сядзячыя або на кароткіх пухнатых ножках, утрымліваюць пры кожнай лусцы па тры кветкі з чатырма тычынкамі з раздвоенымі пылавікамі[10]. Песцікавыя шышачкі сабраны па 8-10 пучкамі на агульным кветканосе, то пад мужчынскімі кветкамі, то на вяршынях галін, эліптычныя, чорна-бурыя, даўжынёй каля 1,5 см, дыяметрам 7-8 см, утрымліваюць пры кожнай лусцы па дзве кветкі; песцік з двума ніткападобнымі пурпуровымі лычыкамі, якія выступаюць з-за лусак[10]. Цвіценне ў сакавіку-красавіку, задоўга да з’яўлення лісця[9].

Плады — зваротна-яйкападобныя арэшкі з вузкімі, перапончатымі крыламі[9], 10 мм даўжынёй і 7 — 8 мм шырынёй[11], паспяваюць у шышачках. Паспяваюць восенню. У 1 кг 1 430 000 арэшкаў; вага 1000 арэшкаў — 0,5—0,9 г.

Плоданашэнне штогод, багатае. Насенныя асобнікі пачынаюць пладаносіць з 8-10 гадоў; парасткавыя з 5-7 гадоў.

Злева направа:
Ствол. Лісце. Мужчынскія каташкі. Жаночыя шышачкі. Насенне.

Распаўсюджанне

[правіць | правіць зыходнік]

У прыродзе арэал віду ахоплівае практычна ўсю тэрыторыю Еўропы, Малую Азію, Закаўказзе, Заходнюю Сібір і Паўночную Амерыку[13]. Паўночная мяжа арэала пачынаецца ў Швецыі, праходзіць праз Кольскі паўвостраў, праз увесь поўнач еўрапейскай часткі Расіі і праз усю Сібір да Камчаткі. Расце ў Сербіі, Паўночнай Італіі і ва Францыі. Больш за ўсё яе на поўначы і паўночным усходзе еўрапейскай часткі Расіі[11]. У Беларусі распаўсюджана ў паўночнай частцы краіны, дзе ўтрае суцэльныя зараснікі і шэраальшаннікі кіслічныя, сніткавыя, папарацевыя, метлюжковыя, чарнічныя ці асаковыя або сустракаецца ў выгляде прымешкаў да бярозавых, яловых, асінавых і хваёвых насаджэнняў[9].

Расце на раўнінах у лясной і, радзей, лесастэпавай і лесатундравай зоне. Утворае хмызняковыя і дробналясныя зараснікі на забалочаных узлесках, балотах, ля берагоў рэк, на лесасеках, пажарышчах і закінутых раллях. Сустракаецца ўздоўж ручаёў і рэк разам з вербамі і чорнай вольхай. Чыстых насаджэнняў не ўтварае, пытанне аб першаснасці ці другаснасці шэраальшаннікаў па бэльках, ярах і ўскраінах балот застаецца нявырашаным. Дзякуючы багатаму плоданашэнню, лёгкасці распаўсюджвання насення і добрай яго ўсходжасці хутка засяляе высечкі, гары, закінутыя раллі, утвараючы часовыя асацыяцыі, якія паступова змяняюцца першаснымі фітацэноз. Часцей за ўсё шэраальшаннікі ўтвараюцца на месцы яловых і драбналістых лясоў, зваротная змена вольхі елкай адбываецца на працягу 50-60 гадоў. Пасьба жывёлы і высечка лесу ў шэраальшанніках спрыяе больш хуткаму вегетатыўнаму размнажэнню вольхі і больш працягламу існавання яе асацыяцый. На Каўказе падымаецца да 2000 м над узроўнем мора, сустракаючыся адзінкава ці групамі ў сярэднім і верхнім горным паясах, на закінутых ворнай зямлі і лясных палянах[12].

На Беларусі распаўсюджваецца ў паўночных рэгіёнах (у Беларускім Паазер’і) на месцы зведзеных яловых лясоў, на ўзлесках, у выніку зарастання сельскагаспадарчых зямель. Утварае шэраальховыя лясы.

Арэалы розных падвідаў вольхі шэрай злева направа:
A. incana subsp. incana. A. incana subsp. rugosa. A. incana subsp. tenuifolia
Зараснікі вольхі шэрай у ЗША

Шэрая вольха — патрабавальнае да глебаў, светлалюбнае, хуткарослае, зімаўстойлівае дрэва.

Да глебаў меней патрабавальная, чым чорная вольха, хоць на бедных сухіх пясчаных глебах сустракаецца рэдка; забалочванне пераносіць лепш, чым чорная вольха. Аддае перавагу вапнавай, вільготнай глебе і свабоднаму стаянню, хоць часта расце і ў густых пасадках[11]. Сама ўзбагачае глебу азотам. Зімаўстойлівая. Больш ценевынослівая, чым асіна і бяроза павіслая, але аддае перавагу добра асветленым месцапражыванням.

Найбольш распаўсюджанымі тыпамі шэраальшаннікаў з’яўляюцца кіслічныя і сніткавы на свежых дзярнова-падзолістых, моцна- або сярэдня-ападзоленых глебах. Яны ўзнікаюць на месцы ельнікаў кіслічных або шэраальшаннікаў чарнічных. У кіслічных і сніткавых шэраальшанніках адбываецца інтэнсіўнае аднаўленне елі і хуткая змена іх ельнікамі. Па берагах рэк, ручаёў, у ярах, увільготненых паніжэннях на перагнойна-глеевых, суглінкавых і гліністых глебах на невялікіх участках узнікаюць лабазнікавыя і буйнапапарацевыя шэраальшаннікі. Яны ўзнікаюць на месцы іглічных, шырокалісцева-яловых і шырокалісцева-ялова-чорнаальховых лясоў і здольныя да працяглага існавання. На пяшчаных і слаба ўвільготненых глебах шэраальшаннікі ўзнікаюць рэдка і хутка змяняюцца хвояй і елкай. Такія шэраальшаннікі ўзнікаюць на гарах і высечках хвойнікаў бруснічных. Яшчэ радзей узнікаюць асаковыя шэраальшаннікі на пераўвільготненых глебах. Яны недаўгавечныя і маюць прымешак бярозы і вербаў. На небагатых свежых глебах водападзелаў на месцы ельнікаў чарнічных узнікаюць вельмі кароткачасовыя шэраальшаннікі чарнічныя, якія змяняюцца чорнаальшаннікамі кіслічнымі і вейнікавымі. Шэраальшаннікі метлюжковыя ўзнікаюць на месцы закінутых ралляў. Яны няўстойлівыя і змяняюцца ельнікамі[12].

Хваробы і шкоднікі

[правіць | правіць зыходнік]

Патагенныя грыбы

[правіць | правіць зыходнік]

На вольхе шэрай паразітуюць некалькі відаў аскаміцэтаў роду тафрына (Taphrina). Taphrina alni пашкоджвае жаночыя шышкі, вызывае лісцепадобныя разрастанні іх лускавінак; Taphrina epiphylla з’яўленне «ведзьміных мётлаў», плямістасць і зморшчванне лісця[14].

Значэнне і ўжыванне

[правіць | правіць зыходнік]
Вольха шэрая на спіле

Вольха шэрая ў лесамеліярацыйных насаджэннях выкарыстоўваецца на поўначы лесастэпаў для замацавання берагоў рэк, схілаў і яраў. Узбагачае глебу азотам.

Драўніна шчыльная, мяккая, адрозніваецца ад драўніны вольхі чорнай (Alnus glutinosa) больш чырвоным колерам, яна мае светла-аранжавую афарбоўку; выкарыстоўваецца для вытворчасці сталярных і такарных вырабаў, а таксама на падводныя пабудовы[10].

Дровы з вольхі шэрай гараць добра, але вугаль не ўтрымлівае спякоту. Альховыя дровы выкарыстоўваліся рускімі сялянамі для выпальвання сажы з комінаў, асабліва пасля выкарыстання бярозавых дроў. Дровы цэняцца для вытворчасці рысавальнага (чарцёжнага) вугалю і вугалю, які ішоў на выраб пораху. Альховая габлюшка лічыцца лепшай для ўпакоўкі садавіны[10].

Вольха шэрая вясной дае пчолам шмат пылка, якім пакрытыя маладыя лісточкі і парасткі. Пчаляры рэкамендуюць падкормліваць пчол пылком вольхі яшчэ да яе цвіцення. Для гэтага зразаюць галінкі, кладуць у цёплым памяшканні ў сіта, засцеленая паперай. Як толькі пылавікі адкрыюцца, сіта асцярожна падтрасаюць і пылок высыпаецца на паперу. Яе змешваюць з мёдам і цукарным сіропам і даюць пчолам. Лісце ідзе на корм козам і авечкам[10]. Пупышкі і вярхушкі галін служаць кормам рабчыкам і цецерукам у зімовы перыяд[10].

У якасці лекавай сыравіны выкарыстоўваюць шышкі вольхі шэрай і чорнай (лац.: Fructus Alni)[9]. Лекавае прымяненне маюць таксама лісце (лац.: Folia Alni) і кара маладых галін вольхі (лац.: Cortex Alni)[9].

У шышках утрымліваюцца алкалоіды, дубільныя рэчывы, фенолкарбонавыя кіслаты, флаваноіды, тлусты алей, трыцерпеноіды, аліфатычныя спірты, стэроіды. Кара ўтрымлівае трыцерпеноіды, дубільныя рэчывы. Лісце вольхі ўтрымлівае правітамін А (каратын), вітамін С, фенолкарбонавыя кіслоты, дубільныя рэчывы, антоціаны.

Прэпараты кары і шышак вольхі шэрай аказваюць звязальнае, супрацьзапаленчае, кровесуцішальнае дзеянне[9], а свежае лісце з’яўляецца патагонным сродкам. Прэпараты шышак вольхі прымяняюцца пры лячэнні вострых і хранічных запаленняў тонкіх (энтэракалітах) і тоўстых (калітах) кішак[9].

У афіцыйнай медыцыне прэпараты з вольхі шэрай прымяняюцца як звязальны і кровесуцішальны сродак, асабліва пры захворваннях страўнікава-кішачнага тракту, вострых і хранічных энтэрытах і калітах (вострых і хранічных запаленнях тонкіх і тоўстых кішак)[9]. Адзначана дабратворнае дзеянне адвараў кары, шышак і лісця вольхі пры сустаўным рэўматызме, прастудных захворваннях і паносах у дзяцей[9].

Адвары кары валодаюць супрацьмікробным дзеяннем і зніжаюць рызыку праявы алергіі, прымяняюцца пры рэўматычным поліартрыце і ў выпадку прастудных захворванняў.

Від Вольха шэрая ўваходзіць у род Вольха (Alnus) падсямейства Бярозавыя (Betuloideae) сямейства Бярозавыя (Betulaceae) парадку Букакветныя (Fagales).


  яшчэ 7 сямействаў
(згодна Сістэме APG II)
  яшчэ 1—2 роды  
         
  парадак Букакветныя     падсямейства Бярозавыя     від
Вольха шэрая
               
  аддзел Кветкавыя, або Пакрытанасенныя     сямейства Бярозавыя     род
Вольха
   
             
  яшчэ 44 парадкі кветкавых раслін
(згодна Сістэме APG II)
  яшчэ адно падсямейства, Coryloideae
(згодна Сістэме APG II)
  яшчэ каля 45 відаў
     

Разнавіднасці

[правіць | правіць зыходнік]

У межах віду вылучаюць некалькі разнавіднасцяў:[13]

[syn. Alnus americana (Regel) Czerep.]
[syn. Alnus glauca F.Michx.]
[syn. Alnus rugosa (Du Roi) Spreng.]
[syn. Betula rugosa (Du Roi) Ehrh.]
[syn. Alnus tenuifolia Nutt.]

Паштовыя маркі з выявай вольхі шэрай выпусцілі ў Беларусі і Украіне.

Паштовыя маркі Беларусі і Украіны

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Назва Вольха шэрая згодна з Я. П. Шмярко, І. П. Мазан. Лекавыя расліны ў комплексным лячэнні. — Мн: Навука і тэхніка, 1989. — С. 388. — 399 с. — ISBN 5-343-00120-3.
  4. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 8. — 160 с. — 2 350 экз.
  5. Васількоў І. Г. Матэрыялы да флоры Горацкага раёна. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. III. Горы-Горкі, 1927
  6. а б Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.
  7. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  8. Добровольский В. Н. Смоленский областной словарь. Смоленск, 1914
  9. а б в г д е ё ж з і к л м н Ольха черная, или клейкая // Лекарственные растения и их применение. — 5-е, перераб. и. доп.. — Мн.: «Наука и техника», 1974. — С. 114-117. — 592 с. — 120 000 экз.
  10. а б в г д е ё ж з і Нейштадт М. И. Определитель растений средней полосы европейской части СССР. Пособие для средней школы. — М.: ГУПИ МП РСФСР, 1954. — С. 168—169. — 495 с.
  11. а б в г д е проф. ДГЛИ Овсянников Г. Ф. Лиственные породы. Пособие для учащихся и лесных специалистов. — Владивосток: ОГИЗ - Далькрай, 1931. — С. 69 —71. — 376 с.
  12. а б в г д Соколов С. Я., Связева О. А., Кубли В. А. Том 1. Тиссовые — Кирказоновые // Ареалы деревьев и кустарников СССР. — Л.: Наука, 1977. — С. 103—104. — 164 с.(недаступная спасылка)
  13. а б Гл. картку расліны
  14. Каратыгин И. В. Порядки Тафриновые, Протомициевые, Экзобазидиевые, Микростромациевые. — СПб.: «Наука», 2002. — С. 27—28. — (Определитель грибов России). — ISBN 5-02-026184-X.