Вужовыя (Colubridae) — сямейства змей.
Самае вялікае сямейства рэптылій, якое ўключае больш за палову прадстаўнікоў падатрада змей. Уваходзіць 7-8 падсямействаў, больш за 200 родаў, каля 1700 відаў (больш за 60 % сучасных змей).
Даўжыня ад 10 да 350 см. Выгляд і афарбоўка разнастайныя. Цела ўкрыта зверху аднароднай гладкай або рабрыстай луской, знізу брушнымі шчыткамі. Зубы шматлікія, у некаторых заднія верхнясківічныя больш буйныя і злучаны з ядавітай залозай. Зрэнка, як правіла, круглая. Развіта толькі правае лёгкае, левае можа быць рудыментарнае або наогул адсутнічае.
Пашыраны на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Наземныя, рыючыя, дрэвавыя, паўводныя і водныя. Найбольш вядомыя: вуж звычайны (Natrix natrix), мядзянка (Coronella austriaca), полазы (Coluber) (жаўтабрухі полаз (Dolichophis caspius)), страла-змяя (Psammophis lineolatus), змеі-яйцаеды (Dasypeltis).
Кормяцца беспазваночнымі і дробнымі пазваночнымі. Здабычу душаць або паядаюць жывой.
Большасць вужовых яйцакладныя, ёсць яйцажывародныя.