Выхаванне — перадача новым пакаленням грамадска-гістарычнага вопыту папярэдніх пакаленняў у адпаведнасці з нацыянальнымі інтарэсамі дзяржавы. У больш вузкім сэнсе - працэс свядомага мэтанакіраванага і сістэматычнага фармавання асобы пад уздзеяннем сацыяльных інстытутаў (сям'і, выхаваўчых, навучальных і культурна-асветных устаноў грамадскіх арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі і інш.) з мэтай яе падрыхтоўкі да выканання сацыяльных роляў і жыццядзейнасці ў розных сферах грамадскага жыцця. У псіхалогіі - планамернае і мэтанакіраванае ўздзеянне на свядомасць і паводзіны чалавека з мэтай фармавання пэўных установак, паняццяў, прынцыпаў, каштоўнасных арыентацый, якія забяспечваюць неабходныя ўмовы для яго развіцця. Выхаванне арганічна звязана з навучаннем, а яго змест вызначаецца найперш мэтамі.
У сучасным беларускім грамадстве выхаванне накіравана на фармаванне грамадзяніна Беларусі - вольнай, незалежнай, нацыянальна свядомай, духоўна багатай і фізічна здаровай асобы, здольнай будаваць самастойную дзяржаву і абараняць яе суверэнітэт.