Выціна́нка, лакальныя назвы: выразанка, выстрыганка — від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ажурны ўзор, выразаны з чорнай, белай або каляровай паперы. Від і тэхніка традыцыйнага выразання з паперы.
У беларускай культуры найбольш пашыраныя аднаколерныя выцінанкі; часам іх рабілі ў некалькі слаёў рознага колеру. Узоры геаметрычныя, раслінныя, радзей зааморфныя і антрапаморфныя.
Магчыма, першымі папяровымі ўзорамі былі кустодыі (аздобы для аховы васковых і сургучовых пячатак на дакументах). З даступнасцю паперы для сялян з’яўляецца ўтылітарная выцінанка. Ёй аздаблялі вокны (фіранкі), сцены, мэблю, красны кут, элементы святочных убораў.
У першай палове ХХ ст. выцінанка зазнае кароткачасовы росквіт. Пасля 2-й сусветнай вайны амаль знікае, але з канца 1980-х гадоў вяртаецца ў новым рэчышчы, але з выразным традыцыйным кірункам.
4 снежня 2024 года ЮНЕСКА паведаміла аб уключэнні ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны выцінанкі — традыцыйнага мастацтва выразання з паперы ў Беларусі[1].
У Беларусі ў XIX — першай палове XX стагоддзяў выцінанкі ўжываліся для афармлення жытла, выкарыстоўваліся як частка аздаблення інтэр’еру на святы, асобных прадметаў (падзоры на паліцы, суднікі, вушакі дзвярэй, бардзюры на рамы і падобнае); на захадзе Беларусі чорнымі або паліхромнымі выцінанкамі ўпрыгожвалі беленыя сцены жытла.
Росквіт выцінанкі прыпадае на канец ХІХ — пачатак ХХ ст. У беларускай культуры найбольш пашыраны аднаколерныя выцінанкі; часам іх рабілі ў некалькі слаёў рознага колеру. Характэрны простыя кампазіцыі на аснове геаметрычных, раслінных, зааморфных і рэдка прадметных матываў. Выцінанку шырока ўжывалі ў побыце.
Выцінанкамі ўпрыгожвалі вокны, сцены, паліцы, столь і покуць («кут»), аздаблялі абразы. Кожны год выцінанку абнаўлялі, звычайна да Вялікадня. З развіццём лёгкай прамысловасці выцінанку замяніў тэкстыль. Апошні перыяд росквіту выцінанкі прыпадае на 1940-я — 1950-я гады. Потым мастацтва выцінанкі зноў занепадае.
У 1970—1980 гады адбылося адраджэнне традыцыйнага мастацтва выцінанкі. У Мінску таксама былі майстры, якія спрыялі аднаўленню гэтага віду беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Выцінанка набыла сучаснае «гучанне», але не згубіла і традыцыйных рыс. Валянціна Слюнчанка, архітэктар рэстаўрацыйнага навукова-праектнага інстытута Міністэрства культуры БССР, стала адным з ініцыятараў адраджэння страчанай традыцыі мастацкага выразання з паперы ў Беларусі. Уключыла яе ў праграму навучання дзяцей і моладзі ў студыі мастацкай творчасці. У 1987 годзе яе вучні атрымалі дыплом першай ступені Міністэрства адукацыі БССР, калі ўпершыню прадставілі свае работы ў тэхніцы «выцінанкі» на Рэспубліканскай выстаўцы дзіцячай творчасці.[2]
У XXI ст. матывы і прыёмы выцінанкі пашыраны ў афармленні кніг, упаковак, паштовак і падобнага. На пачатку 1990-х гадоў калекцыя выцінанак зберагалася ў Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ АН БССР.
Асноўныя рысы народнай выцінанкі — сіметрыя і дэкаратыўнасць вобразаў (неад’емна высокая ступень стылізацыі, схільнасць да геаметрызацыі прарэзак і падобнага). У беларускай выцінанцы сустракаюцца восевая (люстэркавая), радыяльная і рапортная сіметрыя, а таксама спалучэнне некалькіх яе відаў. У асартыменце ажурных вырабаў з паперы — аконныя фіранкі, карункі для ўпрыгожвання паліц, бэлек столі, рамак для фотаздымкаў, ікон, дзвярных і аконных праёмаў, сурвэткі («сурвэты», «рагавічкі», «вугольнікі»), падузорнікі для ложкаў. Папяровымі або паркалёвымі разнымі карункамі аздаблялі труны на пахаванні.
Месцы знаходжання традыцыйнага мастацтва выцінанкі ў Мінскай вобласці — Чэрвеньскі, Клецкі, Маладзечанскі, Любанскі раёны.[3]
Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы мастацтва выцінанкі Мінскай вобласці:
Выцінанка — выразанне з паперы — папулярна не толькі сярод дарослых, але выдатна падыходзіць і для працы з дзецьмі, якія ахвотна фантазуюць з лісткамі паперы і нажніцамі.
Каб асвоіць гэты від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, трэба толькі жаданне і крыху цярплівасці, а з матэрыялаў нажніцы, папера і клей. У асноўным, выкарыстоўваюць белую паперу, часам — чорную і каляровую.
Выцінанкі адкрываюць вялікія творчыя магчымасці. Бо з паперы можна выразаць шмат прыгожых і карысных рэчаў: віншавальныя паштоўкі, навагоднія маскі, сняжынкі, валянцінкі і шмат іншага. На пачатку XXI ст. у выцінанцы шырока распаўсюдзіліся архітэктурныя формы, часта выразаюць храмы, а таксама тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя народным святам, мастацкім рамёствам, архітэктурным помнікам даўніны.
Сучасная беларуская выцінанка вылучаецца багатай і разнастайнай тэматыкай, тэхнікай выканання, арыгінальнымі дызайнерскімі рашэннямі, але заўсёды арыентуецца на традыцыйныя народныя матывы.
Маладзечанская выцінанка на сучасным этапе ёсць ідэнтыфікатарам мясцовай культуры. Мастацтву выцінанкі характэрна эстэтычна-дэкаратыўная функцыя. Традыцыя аздаблення інтэр’ераў і вокнаў на святы штогод усё болей распаўсюджваецца ў гарадах. Мала навучальных, адміністрацыйных і жылых будынкаў на вокнах якіх не ўбачыш на зімовыя святы ўпрыгожванні з выцінанак.
Важная функцыя і рэсурс турыстычна-рэкрэацыйнага развіцця. Многія турысты ў Маладзечне наведваюць Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага, дзе знаходзіцца музей-фонд дыпломных работ аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, аглядаюць мноствам выцінанак, якімі аздоблены інтэр’еры каледжа. Мастацтва гэтага віду народнай творчасці мае і выхаваўчую функцыю. Дзеці школьнага ўзросту знаёмяцца з выцінанкай на занятках выяўленчага мастацтва і гуртках устаноў дадатковай пазашкольнай адукацыі.
Брак у сучасным жыцці побытавай неабходнасці выкарыстання выцінанкі, даступнасць разнастайных гатовых форм упрыгожвання інтэр’еру, павелічэнне колькасці форм баўлення вольнага часу ў гарадах.