Вялікае грамадства (англ.: Great Society) уяўляе сабой шэраг сацыяльных, эканамічных і палітычных праграм прэзідэнта ЗША Л. Джонсана 1964—1965 гг., часткова працягнутых і пашыраных падчас прэзідэнцтва Р. Ніксана і Дж. Форда.
7 мая 1964 г. у адным са сваіх публічных выступленняў Ліндан Джонсан заявіў: «…мы пабудуем Вялікае грамадства. Гэта грамадства, дзе ні адно дзіця не будзе галодным, ні адзін малады чалавек не будзе неадукаваным»[1]. Пазней ён паўтарыў гэты выраз падчас выступлення ў Мічыганскім універсітэце 22 мая 1964 г.
Сярод асноўных праграм, прынятых падчас прэзідэнцтва Л. Джонсана ў рамках курсу на пабудову Вялікага грамадства, былі Закон аб грамадзянскіх правах (1964), які забараняў расавую дыскрымінацыю, Закон аб выбарчых правах (1965), сацыяльныя праграмы «Вэлфэр», «Медыкэр» і «Медыкэйд» (якія дзейнічаюць па сённяшні дзень), праграммы развіцця гарадоў і вёсак і некаторыя законы аб ахове навакольнага асяроддзя.
Закон аб грамадзянскіх правах быў адказам на праблему расавых канфліктаў у Злучаных Штатах. У выніку палітыкі расавай сегрэгацыі ў паўднёвых штатах цемнаскурае насельніцтва мела праблемы з атрыманнем аднолькавага з белымі грамадзянамі ўзроўню адукацыі, сацыяльнага і медыцынскага абслугоўвання. Закон забараняў адмову ў працаўладкаванні на падставе колеру скуры і раздзяленне грамадскага транспарту і іншых элементаў грамадскага карыстання для «чорных» і «белых»[2]. Закон аб выбарчых правах адмяніў цэнз непісьменнасці і пэўныя іншыя абмежаванні, якія заміналі частцы цемнаскурага насельніцтва Поўдня ЗША ўдзельнічаць у выбарах. Таксама быў прыняты Закон аб іміграцыі і нацыянальнасці (1965 г.), які адмяняў нацыянальныя квоты для іміграцыі ў ЗША.
Згодна з законам аб эканамічных магчымасцях (1964 г.), былі распрацаваны некаторыя праграмы барацьбы з беднасцю. Сярод іх праграма дапамогі маладым людзям з бедных гарадскіх сямей навучыцца практычным спецыяльнасцям у спецыяльных добраахвотных аб’яднаннях Job Corps. Іншыя праграмы былі накіраваны на развіццё гарадской і сельскай інфраструктуры.
Закон аб сацыяльнай бяспецы і папраўкі да яго[3] (1965—1967 гг.) паклаў пачатак праграме медыцынскага страхавання «Медыкэр» і сістэме медыцынскай дапамогі «Медыкэйд» і даў развіццё праграме пенсіённага забяспячэння пажылых і інвалідаў «Вэлфэр».
Закон аб дзіцячым харчаванні 1966 г. даў пачатак праграме школьных сняданкаў і абедаў для дзяцей[4].
На адукацыю бедных з федэральнага бюджэта выдзяляліся значныя грошы. Так, з 1964 па 1967 гг. расходы на адукацыю павялічыліся з 4 да 12 млрд дол., а ў сярэднім на адну бедную сям’ю з федэральнага бюджэта ішло 4000 долараў штогод[5].
У 1960-х гг. былі прыняты некаторыя законы аб абароне навакольнага асяроддзя: Закон аб дзікай прыродзе (1964 г.), Закон аб якасці вады (1965 г.), Закон аб утылізацыі цвёрдага смецця (1965 г.), Закон аб кантролі забруджвання паветра маторнымі транспартнымі сродкамі (1965 г.) і інш. Таксама былі ўведзены федэральныя стандарты якасці на пэўныя тавары, а цыгарэты пачалі маркіраваць папярэджаннямі аб небяспецы курэння.