Вялікае паганскае войска

Меч вікінга з Рэптана; калекцыя Музея і мастацкай галерэі Дэрбі
Рэканструкцыя вікінга з Рэптана; калекцыя Музея і мастацкай галерэі Дэрбі[1]

Вялікае паганскае войска, ці Вялікае войска, ці Вялікае дацкае войска (англ.: Great Heathen Army / Great Army / Great Danish Army) — войска вікінгаў родам з Даніі, якое разрабавала і заваявала вялікую частку Англіі ў IX стагоддзі. У адрозненне ад шматлікіх скандынаўскіх набегаў войскаў таго перыяду, крыніцы, што захаваліся, не ўказваюць дакладна іх колькасці, але гэта, відавочна, была найбуйнейшая сіла ў сваім родзе, якая ўключала сотні суднаў і тысячы людзей.

Тэрмін «вялікае паганскае войска» быў скарыстаны ў англасаксонскіх хроніках. Вытокі войска можна ўгледзець у групе, якая напала на Парыж у 845 годзе, якую меркавана вёў вікінг Рагнар Ладброк. Яно ўварваліся ў рэгіён каля 850 года, неаднаразова захоплівала Руан і розныя невялікія гарады, верагодна, лёгка ўмацаваныя. Набраўшыся вопыту ў Еўропе, у 865 годзе войска рушыла ў Брытанію, высадзіўшыся ва ўсходняй Англіі. Пад камандаваннем Івара Бескасцёвага і Хальфдана сына Рагнара, яно накіравалі сілы на заваяванне і засяленне Англіі. Паводле скандынаўскіх саг, гэта было помстай за смерць Рагнара Ладброка, але гістарычнасць гэтага сцвярджэння не вызначана.

У канцы 866 была заваявана Нартумбрыя, у 870 годзе за ёй услед рушыла каралеўства Усходняя Англія. У 871 годзе прыбыла Вялікае летняе войска (Great Summer Army)[2]. Яно ўзмацніла Дацкае войска, і ў 874 годзе была заваявана Мерсія. Доказам іх знаходжання ў Дэрбішыры з’яўляецца брацкая магіла на 250 чалавек у Рэптане і некалькі дзясяткаў курганоў са слядамі крэмацыі ў суседнім Інглбі[3]. У тым жа годзе значная частка войскаў пасялілася на заваяваных тэрыторыях, а затым услед рушыла яшчэ адна група ў 877 годзе. Хальфдан рушыў на поўнач, каб атакаваць піктаў, а Гутрум стаў лідарам вайны на поўдні, у 876 годзе да іх далучыліся новыя сілы, і яны выйгралі бітву пры Вэрхэме. Аднак Альфрэд Вялікі (кароль Уэсекса) адбіваўся, і ўрэшце атрымаў перамогу ў бітве пры Этандуне ў 878 годзе і заключыў Уэдморскі дагавор.

У 879 годзе[4][5] мноства нарманаў з гэтага войска прыплылі на кантынент і пачалі здзяйсняць набегі на землі Фрысландыі і Фландрыі. Правадыром вікінгаў быў конунг Готфрыд. Спусташэнню падвергліся амаль усе паўночна-заходнія вобласці Усходне-Франкскай дзяржавы[6]. Нягледзячы на паражэнне, нанесенае вікінгам каралём Усходне-Франкскай дзяржавы Людовікам III Малодшым у бітве пры Сокуры ў жніўні 881 года[7], вікінгі пабудавалі ўмацаваны лагер у Эльслоа[8] і ў 882 годзе галоўнай мэтай іх паходаў стала Латарынгія. Нарманы захапілі і разрабавалі ўсе найбуйнейшыя латарынгскія гарады (у тым ліку, Кёльн, Бон, Трыр, Мец, Бінген, Вормс і Ахен), разбурылі амаль усе манастыры, уключаючы Прумскае абацтва. Вельмі сур'ёзна былі пашкоджаны ўладарствы Льежскай епархіі: вікінгамі былі спалены гарады Тонгр і Маастрыхт, абацтвы ў Ставело, Мальмеды і Сінт-Тройдэне[8]. Была забіта большая частка жыхароў і манахаў, якія не паспелі збегчы. Сам Льеж быў захоплены і таксама спалены нарманамі, але, паводле падання, заступніцтва святога Ламберта не дазволіла вікінгам разрабаваць біскупскую казну. Таксама атрымалася выратаваць і большасць свяшчэнных рэліквій, бо іх перавезлі у больш бяспечныя месцы. Пазнейшыя паданні апавядалі пра шматлікія цуды, якія нібы адбыліся падчас гэтых бедстваў, і злучалі з гэтым гібель некалькіх латарынгскіх святых[9], памерлых, у рэчаіснасці, задаўга да гэтых падзей[10].

Новы кароль Усходне-Франкскай дзяржавы Карл III Тоўсты не змог аказаць вікінгам годнага ўзброенага адпору і быў вымушаны заключыць з імі мір, надаўшы іх правадыру Готфрыду тытул герцага Фрысландыі і выдаўшы за яго замуж сваю дачку[11]. Аднак пасля забойства Готфрыда ў 885 годзе набегі нарманаў аднавіліся[12]. У гэтым жа годзе вікінгі паспрабавалі зноў напасці на Льеж, але былі адбіты[8].

Пасля таго як Арнульф Карынтыйскі, якога «Дзеянні біскупаў Льежа» завуць сваяком біскупа Льежа Франкона, у 888 годзе атрымаў карону Усходне-Франкскай дзяржавы, ён актывізаваў барацьбу з нарманамі, якія знаходзіліся ў яго ўладарствах. Свайго апагею гэта барацьба дасягнула ў 891 годзе. Спачатку поспех быў на баку вікінгаў, пад камандаваннем конунга Зігфрыда яны разбілі войска каралеўскіх васалаў у бою на рацэ Гёйле[13]. Але затым нарманы сутыкнуліся з войскам, асабіста ўзначаленым каралём Арнульфам. У выніку кровапралітнага бою пры Лёвене войска вікінгаў было цалкам разгромлена, Зігфрыд і мноства нарманаў загінулі[14]. Гэта паражэнне спыніла масавыя набегі вікінгаў на землі Усходне-Франкскага каралеўства[15]. Сярод удзельнікаў Лёвенскай бітвы пазнейшыя хронікі называюць імёны графа Эно Рэнье Даўгашыяга і біскупа Франкона, а «Дзеянні біскупаў Льежа» прыпісваюць апошняму асабліва выбітную ролю ў перамозе над ворагам, распавядаючы пра асабісты ўдзел біскупа ў бітве[8].

У Англіі пасяленцы з былога паганскага войска утварылі Каралеўства Ёрк, якае існавала да 950-х гадоў.

Меркаванае пахаванне воінаў войска знаходзіцца ў Верасовым лесе Дэрбішыра.

Зноскі

  1. Рэканструкцыя была зроблена ў 1985 годзе для праграмы BBC Blood of the Vikings на падставе чэрапа і мяча, знойдзенага ў пахаванні побач з царквой Рэптана.
  2. Hooper, Nicholas Hooper; Bennett, Matthew (1996). The Cambridge Illustrated Atlas of Warfare: the Middle Ages. Cambridge University Press. p. 22. ISBN 0-521-44049-1.
  3. Richards, Julian; et al. (2004). "Excations at the Viking barrow cemetery at Heath Wood, Ingleby, Derbyshire". Antiquaries J. (84): 23–116.
  4. Ведастынскія аналы, год 879.
  5. Англасаксонская хроніка датуе гэту падзею 880 годам.
  6. Ведастынскія аналы, гады 879—880.
  7. Ведастынскія аналы, год 881.
  8. а б в г De la fondation de la ville à la cité épiscopale. Francon (фр.)(недаступная спасылка). La principauté de Liège. Архівавана з першакрыніцы 4 красавіка 2012. Праверана 17.4.2011.
  9. Напрыклад, святога Ліберта.
  10. Pollet Ch. Histoire ecclésiastique de l’Ancien diocèse de Liége. — Liége: Imprimeure de J.-G. Lardinois, Éditeur, 1860. — Т. I. — P. 138—143. — 352 p.
  11. Ведастынскія аналы, год 882.
  12. Рэгіна Прумскі, год 885.
  13. У гэтым бою загінуў архібіскуп Майнца Зундэрольд.
  14. Фульдскія аналы, год 891.
  15. Franco. — Biographie Nationale de Belgique. — Bruxelles: Bruylant-Christophe & C, Imprimeurs-Éditeurs, 1883. — P. 263—267. — 898 p.
  • Gardiner, Juliet, ed. The Penguin Dictionary of British History