Вяснянкі (Plecoptera) — атрад насякомых.
Цела даўжынёй да 30 мм, падоўжанае, мяккае, на заднім канцы дзве хваставыя ніткі. Галава з доўгімі вусікамі. У самак дзве пары празрысых крылаў, пярэднія вузкія, заднія шырокія, у спакоі складваюцца на спіне веерападобна, у размаху ад 10 да 80 мм; у самцоў крылы пакарочаныя або адсутнічаюць. На канцы цела 2 доўгія хваставыя ніткі. Ротавы апарат грызучы, у дарослых рэдукаваны. Лятаюць ранняй вясной (адсюль назва).
Ператварэнне няпоўнае, лічынкі развіваюцца ў вадзе 1—4 гады. Лічынкі з 2 хваставымі ніткамі, драпежныя, жывуць на дне, трымаюцца сярод камянёў; аддаюць перавагу чыстай, багатай кіслародам, халоднай вадзе. Ператварэнне няпоўнае. Выхад з вады спелых німф і вылет дарослых насякомых пачынаюцца ранняй вясной.
Вядомы з пермскай эпохі. Налічваецца каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных шыротах Паўночнага паўшар'я. Жывуць каля праточных вадаёмаў. У Віцебскай вобласці зарэгістраваны 6 відаў, найчасцей трапляецца вяснянка шэрая (Nemura cinerea).
Дарослыя вяснянкі і іх лічынкі служаць кормам для рыб.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0