Вяцічы — усходнеславянскае этнапалітычнае аб’яднанне (правадырства), якое займала тэрыторыю на ўсход ад крывічоў, радзімічаў і севяран у басейне Акі.
Паводле летапісных крыніц, вяцічы прыйшлі з ляшскіх (прапольскіх) зямель, а правадыры радзімічаў і вяцічаў Радзім і Вятка былі братамі. Радзім асеў на Сажы, а Вятка на Ацэ. Выяўленыя паселішчы вяцічаў адносяцца да VIII—X стст. У ранні перыяд вяцічы жылі патрыярхальна-родавым ладам. З XI ст. развіваліся феадальныя адносіны. У XII ст. землі вяцічаў падзелены паміж суздальскімі і чарнігаўскімі князямі, у XIV ст. частка тэрыторыі ўвайшла ў склад Вялікага Княства Маскоўскага, заходняя частка вяціцкай тэрыторыі (вярхоўскія княствы) адышла да Вялікага Княства Літоўскага. Курганы вяцічаў VIII—X стст. з трупаспаленнем у XI—XII стст. выцясняюцца пахаваннямі з трупапалажэннем галавой на захад. Археолагі звяртаюць увагу на падабенства радзіміцкага і вяціцкага жаночага ўпрыгожання (этнаграфічная адзнака) — сяміпрамянёвых і сямілопасцевых скроневых кольцаў. У жаночых пахаваннях шмат упрыгожанняў, з якіх найчасцей сустракаюцца крыштальныя і жоўтыя шкляныя шарападобныя пацеркі, пярсцёнкі ў краты, пласціністыя бранзалеты з загнутымі канцамі.