Вікіпедысты

Вікіпедысты на «Вікіманіі» ў 2012 годзе

Вікіпедысты (англ.: Wikipedians), ці супольнасць Вікіпедыі (англ.: Wikipedia community) — людзі, якія робяць свой уклад у развіццё інтэрнэт-энцыклапедыі Вікіпедыі. Слова «вікіпедыст» (Wikipedian) у жніўні 2012 года было ўключана ў «Оксфардскі слоўнік англійскай мовы». Амаль усе вікіпедысты — валанцёры, якія працуюць на грамадскіх пачатках бясплатна, але ёсць таксама вікі-рэзідэнты, для якіх папаўненне і рэдагаванне Вікіпедыі з'яўляецца часткай працы ў арганізацыі (часцей за ўсё адукацыйнай, навуковай ці культурнай) і студэнты, вучэбная праца якіх звязана з рэдагаваннем Вікіпедыі.

Зносіны паміж удзельнікамі супольнасці адбываюцца на форуме і іншых старонках абмеркавання Вікіпедыі. Акрамя таго, зносіны паміж вікіпедыстамі магчымы праз сацыяльныя сеткі, Skype, IRC-каналы і інш. Для асабістага абмеркавання падзей у Вікіпедыі рэдактары энцыклапедыі арганізуюць нефармальныя вікісустрэчы.

Фармальныя сустрэчы вікіпедыстаў праходзяць у форме вікіканферэнцый, якія арганізуюцца звычайна лакальнымі аддзяленнямі Фонда Вікімедыя.

Штогод, пачынаючы з 2005 года, па ініцыятыве Фонда Вікімедыя праходзіць міжнародная канферэнцыя ўдзельнікаў усіх вікіпраектаў, якія кіруюцца Фондам, пад назвай Вікіманія. Падчас гэтых мерапрыемстваў праходзяць прэзентацыі і дыскусіі пра дзейнасць Фонда Вікімедыя, вікіпраекты, адкрытае праграмнае забеспячэнне, свабоднае распаўсюджванне ведаў, тэхнічныя і сацыяльныя аспекты функцыянавання вікіпраектаў і г.д.