Вікепе-тан (яп.: ウィキぺたん) — увасабленне Вікіпедыі у выглядзе персанажа-талісмана.
Вікіпе-тан ніколі не з’яўлялася і не з’яўляецца агульнапрызнаным сімвалам Вікіпедыі (праўда, намінавалася на яго ў 2006 годзе). Стварэнне анімэ-персанажаў (амаль заўсёды — дзяўчат) і іх выкарыстанне ў якасці неафіцыйных сімвалаў праграм і вэб-рэсурсаў — даволі распаўсюджаная з’ява ў сучаснай інтэрнэт-субкультуры Японіі. Так, падобныя персаніфікацыі ёсць ва ўсёй лінейкі аперацыйных сістэм Windows, а таксама ў MS-DOS, OS/2, Linux (так званыя АС-тан), у браўзераў Firefox, Chrome, Internet Explorer, Safari, Opera.
Вікіпе-тан упершыню з’явілася на іміджбордзе (англ.: imageboard, форум для абмену выявамі) Futaba Channel 8 студзеня 2006 года, яе намаляваў японскі вікіпедыст Kasuga[1]. Першае яе з’яўленне ў самой Вікіпедыі адбылося ў студзені 2006 года, калі малюнак удзельнічаў у конкурсе на афіцыйны талісман Вікіпедыі[2]. Хоць у конкурсе выйграў маскот Вікіпедзе, былі зроблены новыя выявы з Вікіпе-тан і яна атрымала вядомасць. У 2007 годзе заснавальнік Вікіпедыі Джымі Вэйлз назваў Вікіпе-тан сімвалам супольнасці Вікіпедыя[3], хоць з тых часоў ён адзначыў, што асабіста яму не падабаецца гэты маскот[4].
У чэрвені 2006 года Вікіпе-тан стала афіцыйным талісманам англамоўнага Вікіпраекта па анімэ і манге, пасля таго як папярэдні талісман (фанарт-малюнак Мідоры Касугана з анімэ-серыяла «Midori Days») быў выдалены з Вікісховішча з-за праблем з аўтарскімі правамі. Пасля гэтага персанаж атрымаў пэўнае распаўсюджванне сярод карыстальнікаў MediaWiki.
Карыстальнікі браўзэра Firefox могуць выкарыстоўваць userChrome.css, каб дадаць Вікіпэ-тан ў свае браўзэры.
Дзве дзяўчыны-касплееры, якія адлюстроўвалі Вікіпе-тан, былі заўважаныя на выставе косплея ва Універсітэце Ганконга. Адна з іх дала інтэрв’ю часопісу Hong Kong Easy Finder; у інтэрв’ю яна зрабіла ілжывае сцвярджэнне, што аўтар Вікіпе-тан Kasuga і нарвежскі «адміністратар» GunnarRene прапанавалі ёй стаць персаніфікацыяй Вікіпе-тан ў рэальным жыцці[5][6]. Затым ганконская газета Apple Daily пагоршыла памылку, паведаміўшы, што гэтая дзяўчына стала прадстаўніком Вікіпедыі[7].
У сакавіку 2007 года Міністэрства замежных спраў Швецыі апублікавала артыкул[8] пра японскую мангу і анімэ, выкарыстоўваючы тэкст з артыкула шведскай Вікіпедыі і малюнак Вікіпе-тан ўдзельніка Kasuga ў парушэнне Ліцэнзіі GFDL. Шведскія СМІ паведамілі пра гэта парушэнне ў красавіку[9], і ў лістападзе 2010 канцлер юстыцыі пастанавіў, што гэта было парушэнне аўтарскіх правоў[10].