Ві́таўтас Ла́ндсбергіс (літ.: Vytautas Landsbergis; нар. 18 кастрычніка 1932[1][2][…], Коўна[3]) — літоўскі палітык, дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Першы кіраўнік парламента незалежнай Літвы пасля яе выхада з СССР (1990).
Нарадзіўся 18 кастрычніка 1932 года ў Каўнасе ў сям’і архітэктара Вітаўтаса Ландсбергіса-Жамкальніса і ўрача-акуліста Оны Ябланскіце-Ландсбергене.
У Каўнасе скончыў сярэднюю школу і музычную школу імя Юозаса Груодзіса. У 1950—1955 гадах навучаўся ў Віленскай кансерваторыі. Пасля выкладаў у музычнай школе імя Мікалоюса Чурлёніса і ў Віленскім педагагічным універсітэце, з 1974 года — у кансерваторыі.
У 1969 годзе абараніў дысертацыю на званне кандыдата мастацтвазнаўства пра кампазітарскую творчасць Мікалоюса Чурлёніса. У 1994 годзе абараніў доктарскую дысертацыю.
У 1978—1990 гадах выконваў абавязкі прафесара Віленскай кансерваторыі (цяпер — Літоўская музычная акадэмія).
У чэрвені 1988 года абраны ў ініцыятыўную групу Саюдзіса. На ўстаноўчым сходзе арганізацыі 22—23 кастрычніка абраны ў Сойм і Раду Сойма. З лістапада 1988 па красавік 1990 года — старшыня Рады Сойма Саюдзіса, з снежня 1991 года — ганаровы старшыня.
У сакавіку 1989 года абраны народным дэпутатам СССР. 11 сакавіка 1990 года пры яго актыўным удзеле Вярхоўны Савет Літвы ўхваліў дэкларацыю пра аднаўленне незалежнасці Літвы. Таго самога дня Вітаўтас Ландсбергіс быў абраны старшынёй Вярхоўнага Савета Літвы.
Старшыня Сейма ў 1996—2000 гадах.
Адзін з заснавальнікаў (1993) і лідар правай партыі «Саюз Айчыны» (Кансерватары Літвы). Старшынёй партыі абіраўся (1993) і пераабіраўся (1995, 1998, 2000); з 2003 года — старшыня палітычнага камітэта і член прэзідыума.
Выдаў больш за 30 кніг. Першыя былі прысвечаны пераважна творчасці М. Чурлёніса — «Вясновая саната» (1965), «Творчасць Чурлёніса» (1975), «Вянок для Чурлёніса» (1980) і іншыя. Укладальнік і рэдактар выданняў музычных твораў Чурлёніса.
Пазней выходзілі пераважна кнігі публіцыстыкі і палітычных мемуараў «Вяртанне надзеі» (1990), «Справа аб свабодзе» (1992), «Раздарожжа» (1995), «Цяжкая свабода: восень 1991 года — восень 1992 года» (2000), таксама палітычная аўтабіяграфія «Прарыў на Балтыцы» (1997).
Пад псеўданімам Jonas Žemkalnis выдаў дзве кнігі вершаваных рэфлексій «Інтэрмедыя» (1991) і «Няскончаная інтэрмедыя» (2004).