Вітра́ж (фр.: vitre — аконнае шкло, ад лац.: vitrum[1] — шкло) — твор дэкаратыўнага мастацтва выяўленчага або арнаментальнага характару з каляровага шкла, разлічаны на скразное асвятленне і прызначанае для запаўнення праёму, часцей за ўсё аконнага, у якім-небудзь архітэктурным збудаванні.
З даўніх часоў вітраж выкарыстоўваўся ў храмах.
У раннехрысціянскіх храмах вокны запаўняліся тонкімі празрыстымі пласцінамі каменя (алебастр, селеніт), з якіх складалі арнамент.
У раманскіх храмах (Францыя, Германія) з’явіліся сюжэтныя вітражы. Шматколерныя, вялікія па памеры вітражы з разнастайных па форме шклярын, змацаваных свінцовымі перамычкамі, з’яўляліся асаблівасцю гатычных сабораў. Часцей за ўсё гатычныя вітражы адлюстроўвалі рэлігійныя і побытавыя сцэны. Яны размяшчаліся ў велізарных спічастых вокнах, і ў гэтак званых «ружах». У эпоху Адраджэння вітраж існаваў як жывапіс на шкле, ужывалася тэхніка выскрабання па адмыслова пафарбаваным рознакаляровым шкле.