Вітрувій

Вітрувій
лац.: Marcus Vitruvius Pollio
Імя пры нараджэнні лац.: Marcus Vitruvius Pollio
Род дзейнасці архітэктар, пісьменнік
Дата нараджэння каля 80 да н.э.
Месца нараджэння
Дата смерці каля 15 да н.э.
Грамадзянства
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Леанарда да Вінчы Чалавек па Вітрувію (1492).

Вітрувій (лац.: Marcus Vitruvius Pollio) (1 ст. да н.э.) — рымскі архітэктар і інжынер.

Цяпер пра самога Вітрувія амаль нічога не вядома, нават імя (імя Марк і мянушка-кангамон Паліён толькі меркаваныя), вядома толькі прозвішча, і час жыцця (эпоха Цэзара і Аўгуста толькі мяркуемы час). Вітрувій вядомы сваім трактатам «Пра архітэктуру» (De architectura), адзінага сачынення лацінскага аўтара па архітэктуры, якое захавалася да нашых дзён. Трактат сведчыць пра шырокую адукаванасць аўтара, яго веды ў грэчаскай філасофскай і тэхнічнай літаратуры. Пліній Старэйшы ў сваёй энцыклапедыі «Прыродазнаўчая гісторыя», напісанай у кан. 1 ст. н.э. спасылаецца на Вітрувія як на адну з крыніц. Вітрувій заставаўся аўтарытэтным аўтарам на працягу наступных чатырох стагоддзяў гісторыі Рымскай імперыі. Трактат Вітрувія моцны паўплываў на станаўленне архітэктурнага стылю, пачынаючы з італьянскіх архітэктараў ранняга Адраджэння і да нашых дзён. Прынцыпы, вызначаныя Вітрувіям, і яго рэкамендацыі ўспрымаліся шматлікімі архітэктарамі як непахісная ісціна.

Большасць скарыстаных Вітрувіям сачыненняў па архітэктуры не захавалася да нашага часу, таму трактат «Пра архітэктуру» мае вялікую значнасць для гісторыі навукі, інжынернай справы і архітэктуры.

Трактат не вылучаецца прыгажосцю стылю, бо напісаны прагматычна і сухой мовай, але надзвычай каштоўны паводле зместу — у ім змешчаныя гістарычныя і тэарэтычныя развагі і пэўныя практычныя парады; апісаныя ўласныя навуковыя эксперыменты і досвед аўтара-інжынера. Вітрувій надае вялізнае значэнне месцу размяшчэння пабудовы, яе арыентацыі па баках свету, акустыцы і супамернасці як планаў будынкаў, так і фасадаў, што сведчыць пра яго пазнанні ў натуральнанавуковых дысцыплінах, матэматыцы, музыцы, а таксама ў філасофіі. Вітрувій паказвае, што архітэктар павінен разбірацца ў геаграфіі, клімаце, людзях, яму неабходны звесткі з вобласці медыцыны, оптыкі, перспектывы, акустыкі, механікі, геаметрыі і іншых частак матэматыкі, веды гармоніі і астраноміі.

Невядома, якія з рэкамендацый Вітрувія — плён яго ўласных пошукаў. Верагодна, ён засноўваецца на ўласным досведзе ў развагах пра практычную інжынерыю, асабліва ў гідраўліцы і балістыцы. Магчыма, рэкамендацыі па паляпшэнні акустыкі ў закрытых памяшканнях і ў тэатрах пад адкрытым небам злучаныя з уласнымі эксперыментамі аўтара ў гэтай вобласці на стыку матэматыкі, фізікі і музыкі.

1-я кніга трактату прысвечаная навучанню архітэктараў вольным мастацтвам, тэорыі архітэктуры і тэхнічным навыкам, вызначэнню асноўных архітэктурных прынцыпаў і паняццяў і выбару месца для будаўніцтва гарадоў і крэпасцяў. У 2-й кнізе змешчаныя практычныя ўказанні па будаўніцтве і апісанні ўласцівасцяў розных матэрыялаў і спосабаў іх ужывання. У 3-й кнізе вядзецца пра планы храмаў і пра кампаненты іанічнага ордэру; у 4-й — пра паходжанне ордэраў, пра дэталі карынфскай капітэлі, пра дарыйскі і тасканскі ордэры, пра ўнутраную прастору будынка. У 5-й — апісваюцца розныя тыпы грамадскіх пабудоў: форум, базіліка, скарбніца, турма, будынак сената, тэатр (маецца частка па гармоніі і акустыцы), тэрмы, гімнасій, порт, верфі. У 6-й — пра прыватныя дамы, гарадскія і загарадныя з садамі, для правінцый з розным кліматам і для прадстаўнікоў розных сацыяльных груп. 7-я — прысвечаная афармленню інтэр'ераў; галоўная ўвага тут надаецца тэхнічным аспектам манументальнага жывапісу і законам перспектывы. У 8-й кнізе вядзецца пра водныя рэсурсы, спосабы правядзення вады і праверкі яе якасці. 9-я кніга прысвечана геаметрыі, астраноміі, будове гномана, сонечных і вадзяных гадзінікаў, іншых прыбораў. 10-я кніга складаецца з развагаў пра агульныя прынцыпы механікі, пра будову розных механізмаў, якія выкарыстоўваюцца у будаўніцтве, гідратэхніцы і на вайне.

Зноскі

  • Витрувий. Десять книг об архитектуре. М., 1936.