Віфа́нія (арам.: בית עניא, грэч. Βηθανία) — паселішча, згаданае ў Новым Запавеце як родны горад Лазара, Марыі і Марфы (Ін. 11:1). У гэтым горадзе знаходзіўся Ісус Хрыстос напярэдадні ўрачыстага ўезду ў Іерусалім.
Традыцыйна атаясамляецца з паселішчам (цяпер горадам) Аль-Азары́я (араб. العيزريه) (або «Азарыех», назвы ўтвораны ад імя Лазар і азначаюць «месца Лазара») на Заходнім беразе ракі Іардан, прыкладна ў 3 км на ўсход ад Іерусаліма (фактычна прыгарад Усходняга Іерусаліма). Размешчаны на паўднёва-ўсходнім схіле Елеонскай гары.
Галоўнай славутасцю Аль-Азарыі з'яўляецца магіла Лазара. З IV стагоддзя з'яўляецца месцам паломніцтва хрысціян.
У літаратуры сустракаюцца некалькі інтэрпрэтацый арамейскай назвы Віфаніі. Звычайна (прынамсі з пачатку XVIII стагоддзя) назва перакладаецца як «дом фінікаў»[1], таксама ў беларускай мове выкарыстоўваецца «дом [фінікавых] пальмаў». Некаторыя даследчыкі паказалі, што глеба і клімат Аль-Азарыі непрыдатныя для фінікавых пальмаў, і ў сярэдзіне XIX стагоддзя Вільям Дыксан прапанаваў расшыфроўку ў форме «дом бедных», «дом пакутных»[1].