Гадуцішкі

Мястэчка
Адуцішкіс
літ.: Adutiškis
Герб
Герб
Касцёл Маці Божай Шкаплернай
Касцёл Маці Божай Шкаплернай
Краіна
Павет
Раён
Сянюнія
Каардынаты
Першая згадка
1501
Вышыня цэнтра
150 м
Насельніцтва
  • 689 чал. (2011)
Часавы пояс
Паштовыя індэксы
LT-18039
Афіцыйны сайт
Адуцішкіс на карце Літвы
Гадуцішкі (Літва)
Гадуцішкі

Гадуцішкі[1], таксама Адуцішкіс[2] (літ.: Adutiškis) — мястэчка ў Літве, на рацэ Камайка. Цэнтр сянюніі Свянцянскага раёна Віленскага павета. Месцяцца за 29 км на паўночны ўсход ад Свянцянаў, каля граніцы з Беларуссю.

Першы пісьмовы ўспамін пра Гадуцішкі змешчаны ў Літоўскай Метрыцы і датуецца 1501 годам. З 1526 года Гадуцішкамі валодаў Ян Радзівіл, пазней — Кішкі, Віленская капітула. У старабеларускай мове сустракаліся назвы Годутишки, Одутишки, Гойдутишкі[3]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Гадуцішкі ўвайшлі ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1608 годзе тут збудавалі касцёл.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 года Гадуцішкі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Свянцянскім павеце Віленскай губерні. У першай палове XIX стагоддзя тут рэгулярна праводзіліся 3 кірмашы[4]. У 1895 годзе ў мястэчку пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Гадуцішкі абвешчаны часткай Беларускай Народнай Рэспублікі[5]. Таксама на тэрыторыю прэтэндавала Літва. У снежні 1918 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР.

У 1920 годзе Гадуцішкі ўвайшлі ў склад Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — у склад Польшчы, дзе сталі цэнтрам гміны Свянцянскага павета Віленскага ваяводства. У беларускай гістарыяграфіі землі вядомы як Заходняя Беларусь. У Гадуцішках дзейнічаў раённы камітэт Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі[6].

У другой палове верасня 1939 года Гадуцішкі заняты Чырвонай Арміяй, у лістападзе ўвайшлі ў склад БССР, дзе сталі цэнтрам раёна Вілейскай вобласці. У лістападзе 1940 года савецкія ўлады перадала мястэчка Літоўскай ССР.

З 1990 года ў складзе адноўленай незалежнай Літвы.

Тэрытарыяльная спрэчка

[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку 1990-х гадоў паміж Беларуссю і Літвой разгарэлася тэрытарыяльная спрэчка за прыналежнасць чыгуначнай станцыі Гадуцішкі. Станцыя хоць і была размешчана ў савецкія часы на тэрыторыі Літоўскай ССР, аднак адміністрацыйна падпарадкоўвалася Беларускай чыгунцы[7].

Толькі ўвосень 1994 года беларускі бок, які раней патрабаваў грашовую кампенсацыю за выкарыстанне станцыі, перадаў яе Літве бязвыплатна. 26 кастрычніка 1996 года Беларусь ратыфікавала дагавор аб беларуска-літоўскай граніцы. Дагавор юрыдычна вызначыў і замацаваў дзяржаўную граніцу на аснове «савецкай» лініі 1940 года[7].

  • XIX стагоддзе: 1862 год — 764 чал.[8]; 1869 год — 577 чал.[9]; 1879 год — 1800 чал. (896 муж. і 904 жан.)[10]; 1869 год — 2247 чал.
  • XX стагоддзе: 1931 год — 1539 чал.; 1959 год — 1780 чал.; 1970 год — 839 чал.; 1979 год — 1058 чал.; 1984 год — 1036 чал.; 1989 год — 1023 чал.
  • XXI стагоддзе: 2001 год — 840 чал.
  • Касцёл Маці Божай Шкаплернай (1913)
  1. Назва паводле карты да артыкула Заходняя Беларусь // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — С. 21. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
  2. Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 187-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Літоўскай Рэспублікі на беларускую мову»
  3. Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія. — Т. 1 / [рэд. Л.У. Шклярэвіч]. — 244, [3] с., іл. с. — ISBN 978-985-508-060-3. С. 202.
  4. Соркіна 2010, с. 114.
  5. Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія. — Т. 4 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — 270 с., іл. с. — ISBN 978-985-508-476-2. С. 19.
  6. Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія. — Т. 4 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — 270 с., іл. с. — ISBN 978-985-508-476-2. С. 26.
  7. а б Алег Трусаў. Як мяняліся нашы межы ў ХХ ст. // «Наша Слова» № 32 (820), 22 жніўня 2007.
  8. Годуцишки // Географическо-статистический словарь Российской империи. T. 1 (Аа — Гямъ-маликъ). — СПб, 1862. С. 647.
  9. Соркіна 2010, с. 381.
  10. SgKP 1882, s. 89.