Гай (лац.: Gaius) — адзін з самых уплывовых рымскіх юрыстаў. Жыў пры Адрыяне. Імператар Валентыніян III прызнаў яго меркаванні нароўні з меркаваннямі Папініяна, Ульпіяна, Мадэсціна і Паўла крыніцай рымскага права, якім павінны былі карыстацца суддзі пры вынясенні рашэнняў.
Гай склаў каментарый да Законаў дванаццаці табліц, трактат пра прэтарскае права і Інстытуцыі (лац.: Institutiones) — падручнік для тых, што вывучае права. У Сярэднявеччы інстытуцыі Гая былі вядомыя толькі па іх выкладзе ў Баэцыя і ў Брэвіярыі Аларыха. Сапраўдны тэкст быў выяўлены Нібурам у 1816 годзе ў веронскай бібліятэцы пад сачыненнем Св. Ераніма.
Для рымскіх юрыдычных школ «Інстытуцыі» Гая служылі ўзорным дапаможнікам пры вывучэнні права: сістэматычнасць, сцісласць, зразумеласць і дакладнасць выкладу, які суправаджаецца ў цяжкіх месцах шматлікімі тлумачэннямі ў відзе прыкладаў з судовай практыкі, чысціня лацінскай мовы і багацце гістарычных звестак — вось адметныя якасці гэтага падручніка.
Гаевы Інстытуцыі паслужылі ўзорам і галоўнай крыніцай для складзенага, па загадзе Юстыніяна, афіцыйнага падручніка таго ж імя, які ўвайшоў у Corpus juris civilis, прычым многія пасажы з сачынення Гая былі паўтораны даслоўна. Сістэма Гая, якая адрозніваецца прастатой і зручнасцю ў размеркаванні матэрыялу, да XIX стагоддзя панавала ў выкладзе права на Захадзе.
Інстытуцыі Гая — адзіны помнік поўнай старажытнарымскай навуковай сістэмы права і каштоўная крыніца звестак пра стан рымскага права на ранніх ступенях яго развіцця.