Галактычная рэспубліка

Эмблема Рэспублікі

Галакты́чная рэспу́бліка (англ.: The Galactic Republic) — назва міжпланетарнай дзяржавы ў выдуманым свеце «Зорных войнаў» у перыяд 25 053 — 0 д. б. я. Галоўным заканадаўчым органам з’яўляўся Галактычны сенат на чале з Вярхоўным канцлерам. Цягам 25 тысяч гадоў падтрымлівала дэмакратычную форму кіравання, аднак пад канец свайго існавання яе эфектыўнасць была знівелявана пашырэннем бюракратыі, што стала прычынай пераўтварэння яе ў імперыю. Гэты працэс падрабязна прадстаўлены ў першых трох серыях «Зорных войнаў» (эпізоды I—III). У арыгінальнай трылогіі, якая руйнуе імперыю і аднаўляе рэспубліку, для адрознення ад новага ладу першая Галактычная рэспубліка завецца «старой».

Рэспубліка была створана ў 25 053 года д. б. я. падпісаннем на Карусанце першай Галактычнай канстытуцыі. Стварэнне міжпланетнай дзяржавы стала магчымае дзякуючы вынаходніцтву гіперпераходу, які злучыў мноства зорных сістэм Галактычнага ядра. У склад Рэспублікі ўвайшлі некалькі тысяч сістэм. Дакладна невядома, чаму сталіцай Рэспублікі стаў Карусант: магчыма, гэта была родна планета людзей альбо проста найбольш магутная сістэма на той час.

Галактычны сенат

[правіць | правіць зыходнік]
Сцяг Рэспублікі

Кожная з планет-удзельніцаў абірала свайго прадстаўніка ў Галактычным сенаце — сенатара. Сенат быў галоўным заканадаўчым органам, а кожная з сістэм мела ўласныя органы кіравання, адпаведныя іх традыцыям: ці то манархіі, ці то дэмакратыі, ці то камуны. Адпаведна і сенатар мог абірацца альбо прызначацца. Сенат збіраўся на Карусанце.

Пасля ўзмацнення і пашырэння сферы ўплыву Рэспублікі ў яе склад былі ўключаны новыя сістэмы, і каля 1000 года ДБЯ была праведзена рэарганізацыя Сенату. Новадалучаныя тэрыторыі былі аб’яднаныя ў сектары, што складаліся прыкладна з 50 населеных сістэм, і кожны сектар быў прадстаўлены ў Сенаце дэлегацыяй. Пасля таго, як колькасць сектароў значна ўзрасла, яны былі аб’яднаныя ў рэгіёны, якіх налічвалася каля тысячы. Кожны з рэгіёнаў быў прадстаўлены адной дэлегацыяй у Сенаце.

Будынак, дзе адбываліся сходы Сенату, змяшчаў 1024 лятучыя платформы для рэгіянальных сенатараў і іх дэлегацыяў. Некаторыя з іх прызначаліся для пэўных зацікаўленых груповак (кшталту Гандлёвай федэрацыі) альбо для просьбітаў, што звярталіся да Сенату.

Члены Сенату абіралі са свайго складу Вярхоўнага канцлера — старшыню Сенату і фактычнага кіраўніка Рэспублікі. Ён меў намесніка — віцэ-канцлера, які, імаверна, абіраўся такім сама чынам. Сенат меў магчымасць надаваць Вярхоўнаму канцлеру выключныя правы або выказваць яму вотум недаверу.

Законы, прынятыя Сенатам, былі абавязковымі для ўсіх членаў Рэспублікі, аднак яны датычылі ў асноўным развязання спрэчак між сістэмамі, забеспячэння агульнай абароны і рэгулявання міжсістэмнага гандлю. Астатняе заканадаўства ўсталёўвалі лакальныя ўрады сістэм-членаў (рэгіёнаў, сектароў ці асобных планет) федэрацыі. Джэдаі выконвалі не толькі абарончую функцыю Рэспублікі і яе грамадзян, але былі таксама прадстаўнікамі Сенату ў розных частках Рэспублікі і медыятарамі ў міжсістэмных спрэчках.

У апошнія гады свайго існавання Рэспубліка праз стварэнне асобных кланаў-лябістаў ператварылася ў кармупаваную дзяржаву з узрослай сацыяльнай несправядлівасцю. Сенат быў падзелены на тых, хто жадаў захаваць шматгадовыя вартасці і ідэалы Рэспублікі, і тых, хто імкнуўся да рэалізацыі ўласных мэтаў. Пасля серыі слабых і малаэфектыўных канцлераў, а таксама крызісу, выкліканага блакадай Гандлёвай федэрацыяй планеты Набу, дзеля падвышэння эфектыўнасці кіравання быў абраны новы моцны канцлер, які меў спыніць карупцыю.

Абраны Вярхоўным канцлерам Палпацін з планеты Набу спярша ўзмацніў свае пазіцыі, стварыўшы ўласную ахову — Чырвоную гвардыю. Пасля дзеля захавання спакою было ўведзенае абмежаванне правоў, у тым ліку і Сенату, а Палпацін атрымаў пашыраныя паўнамоцтвы дзеля вырашэння канфлікту на Набу.

Савет джэдаяў

[правіць | правіць зыходнік]

Абавязкам джэдаяў была ахова міру ў Рэспубліцы, таму яны мелі значную палітычную вагу ў дзяржаве. Найбольш славутыя джэдаі (такія, як Ёда і Мейс Вінду) ўваходзілі ў Савет, які фактычна знаходзіўся на вяршыні ўлады ў Рэспубліцы. Хоць фармальна джэдаі былі падсправаздачныя Вярхоўнаму канцлеру, ніхто з іх не ўплываў на рашэнні Савета да Палпаціна, які сваім загадам увёў у яе склад Энакіна Скайоўкера. Насуперак свайму жаданню Савет джэдаяў прыняў Энакіна ў свой склад, аднак без прысваення яму статусу майстра.

Пасля свайго стварэння цягам тысяч гадоў Рэспубліка мела ўласнае войска і флот. Аднак пасля Руусанскай рэформы ўзброеныя сілы былі расфарміраваны, засталася толькі малая частка гэтак званых міратворчых сіл і рыцары-джэдаі ў якасці «ахоўнікаў міру».

Асобныя гандлёвыя арганізацыі, такія як Гандлёвая федэрацыя і Камерцыйная гільдыя, мелі войскі з дроідаў дзеля абароны сваёй маёмасці і зрэдку карысталіся гэтым, як у прыкладзе з уварваннем на Набу. Асобныя планетныя сектары маглі мець уласныя сілы бяспекі, як на той жа Набу або на Карэліі. Аднак над гэтымі войскамі не існавала цэнтралізаванага камандавання, і адзіным спосабам прымянення прынятых Сенатам законаў было выкарыстанне абмежаванага кантынгенту рыцараў-джэдаяў. Гэта часам давала магчымасць унутрырэспубліканскім аб’яднанням кшталту Гандлёвай федэрацыі і іншых картэляў з дастатковай колькасцю ўзброеных сіл навязваць сваю волю Рэспубліцы.

Усё змянілася з пачаткам вайны клонаў. Рэспубліка, не маючы контрааргументаў супраць Канфедэрацыі незалежных сістэм, прыняла рашэнне пра стварэнне войска, хоць гэтаму і супрацьстаяла мноства сенатараў, якія асцерагаліся пачатку ўзброенага канфлікту. Калі стала зразумела, што Канфедэрацыя не збіраецца дамаўляцца з Рэспублікай, у якасці асновы Вялікай арміі рэспублікі былі скарыстаны клоны, таемна створаныя на планеце Каміна на запыт майстра-джэдая Сайфа-Дыяса. Пазней узброеныя сілы Рэспублікі былі ўзмоцнены тэхнікай, клонамі з іншых крыніц і звычайным ваенным прызывам, і праз некалькі гадоў па бітве за Джэанозіс сталі наймагутнейшай сілай у Галактыцы. Запланаваная канцлерам Палпацінам хуткая мілітарызацыя Рэспублікі ў часе вайны клонаў мела сур’ёзныя наступствы: уплыў Сенату быў абмежаваны, асноўнай моцай ураду зрабілася войска, і Рэспубліка пакрысе скацілася да ўсталяванага Палпацінам Новага парадку.

Заняпад Рэспублікі

[правіць | правіць зыходнік]

У «Уяўнай пагрозе» Рэспубліка прадстаўлена загразлай у карупцыі. У выніку бяздзеяння канцлера Велорума ў развязанні канфлікту з Гандлёвай федэрацыяй у 32 д. б. я. ён зменены прадстаўніком планеты Набу Палпацінам. Тэрмін знаходжання канцлера на пасадзе быў абмежаваны, аднак Палпацін займаў гэты пост значна даўжэй з прычыны павышэння яго паўнамоцтвах і зацяглай пагрозы з боку сепаратыстаў і «змовы джэдаяў».

Пасля абрання Палпаціна кіраўніком Сената асобныя сістэмы і арганізацыі аб’ядналіся ў канфедэрацыю з намерам выйсці са складу Рэспублікі. У адказ Сенат на прапанову прадстаўніка Джа Джа Бінкса надзяліў канцлера пашыранымі паўнамоцтвамі, і першым яго крокам у спробе спыніць сепаратыстаў стала стварэнне вялізнага войска клонаў. Дагэтуль Рэспубліка абыходзілася паслугамі адных джэдаяў, аднак наяўнасць у Канфедэрацыі незалежных сістэм уласнага войска дроідаў вымагала ад Рэспублікі стварэння рэгулярнай арміі. У рэшце рэшт канфлікт між Рэспублікай і сепаратыстамі перайшоў у поўнамаштабную вайну, названую вайной клонаў.

У далейшым Сенат яшчэ некалькі разоў дэлегаваў Вярхоўнаму канцлеру надзвычайныя паўнамоцтвы ў імя бяспекі, Палпацін стаў галоўнакамандуючым і фактычна мог ігнараваць Сенат пры прыняцці рашэнняў, зрабіўшыся дыктатарам (хоць ён і так меў у Сенаце перавагу).

З цягам вайны клонаў пагаршаліся адносіны Палпаціна з Ордэнам джэдаяў. Члены Саветы джэдаяў лічылі небяспечным рост паўнамоцтваў канцлера, тым больш за кошт абмежавання функцый Сенату, якому яны былі абавязаны служыць. У рэшце рэшт джэдаі і асобныя сенатары пачалі падазраваць, што Палпацін не збіраецца вяртаць свае пашыраныя паўнамоцтвы, што пацвердзілася ў раманізацыі 3-й серыі, калі Палпацін прызначыў у розныя планетныя сістэмы сваіх губернатараў з падраздзяленнямі салдат-клонаў.

Па смерці лідараў сепаратыстаў графа Дуку і генерала Грывуса, а таксама высвятлення, што Палпацін насамрэч ёсць сітхам, джэдаі прывялі ў выкананне план па ўратаванні Рэспублікі. Аднак іхняя спроба арышту Палпаціну была сарвана, пасля чаго Вярхоўны канцлер выдаў загад на вынішчэнне джэдаяў па ўсёй галактыцы. Гэты загад быў таемна ўпраграмаваны ва ўсіх клонаў пры іхнім стварэнні.

Мноства джэдаяў ва ўсіх канцах Рэспублікі, захопленыя знянацку, палі ахвярамі ўласных падначаленых-клонаў. Джэдаі з храму на Карусанце былі забіты аддзелам элітных штурмавікоў на чале з Дартам Вейдэрам, былым джэдаем Энакінам Скайуокерам, які ўласнаручна забіў мноства з іх, у тым ліку падаванаў, што праходзілі навучанне ў храме.

У Сенаце Палпацін распавядае гісторыю пра спробу яго забойства, праведзенага джэдаямі. Называючы гэта «паўстаннем», у ходзе якога джэдаі збіраюцца забіць і сенатараў, каб захапіць уладу, Вярхоўны канцлер абвяшчае джэдаяў ворагамі Рэспублікі. Адначасна ён паведамляе пра сваё рашэнне пра пераўтварэнне Рэспублікі ў Галактычную імперыю, якая больш не будзе асцерагацца знешніх пагрозаў. Знявечаны змаганнем з Вінду Палпацін становіцца першым імператарам, што большасць сенатараў успрымае шквалам апладысментаў.

Зрэшты, па меры згасання вайны клонаў безумоўная падтрымка Палпаціна стала знікаць. У гэты перыяд паўстае аб’яднанне асобных сенатараў, незадаволеных аўтарытарызмам і абураных вынішчэннем джэдаяў, якое заснавалі такія ўплывовыя палітыкі, як Бейл Аргана, Мон Мотма, а пазней і прынцэса Лея Аргана. Надалей гэта аб’яднанне ператварылася ў апазіцыйную імперыі сілу — Паўстанцкі альянс.

Праз 25 000 гадоў існавання Рэспубліка спыніла існаванне. Сенат дзейнічаў і пры імператары як чыста дарадчы орган. Адзіным заканадаўцам стаў дыктатар Палпацін. Прыкладна праз два дзесяцігоддзі, наконадні бітвы за Явін, імператар выкрыў існаванне апазіцыі, якая была пагрозай яго татальнаму кіраванню, і распусціў імперскі сенат — апошнія перажыткі былой рэспублікі. Уся выканаўчая ўлада сканцэнтравалася ў руках яго рэгіянальных губернатараў, выключыўшы ўдзел грамадства ў якім-небудзь уплыве.

Аднаўленне рэспублікі

[правіць | правіць зыходнік]

Адначасна з спробай паўстанцаў знішчыць другую Зорку смерці Энакін Скайуокер вяртаецца на светлы бок, забіваючы Палпаціна, такім чынам знішчыўшы апірышча Галактычнай імперыі і аднавіўшы баланс Сілы.

Па знішчэнні Зоркі смерці і гібелі імператара скончылася грамадзянская вайна ў Галактыцы. Паўстанцкі альянс аднавіў дэмакратычны лад кіравання, які стаў вядомы пад назвай Новая рэспубліка.