Гамеастаз (ад грэч. ὁμοιοστάσις — падобны, аднолькавы, στάσις — нерухомасць, стан) — паняцце, якое ўжываецца для характарыстыкі стану арганізма, сістэмы.
Кожны арганізм — ад простага да самага складанага — з аднаго боку, цесна звязаны са знешнім асяроддзем, а з другога — рэзка адасоблены ад яго. Арганізм мае сваё ўласнае ўнутранае асяроддзе. Характэрная рыса ўнутранага асяроддзя арганізма — яго дынамічнае пастаянства, якое з'яўляецца залогам выжывання.
Упершыню значэнне пастаянства ўнутранага асяроддзя арганізма як найважнейшай умовы яго існавання абгрунтаваў французскі фізіёлаг К. Бернар (1878). Тэрмін «гамеастаз» прапанаваў у 1929 г. амерыканскі вучоны-біёлаг У. Кенан.
Цяпер паняцце гамеастаз ужываецца ў біяцэналогіі, генетыцы, кібернетыцы і інш.
Гамеастаз у фізіялогіі азначае адноснае дынамічнае пастаянства саставу і ўласцівасцей унутранага асяроддзя і ўстойлівасць асноўных фізіялагічных функцый арганізма чалавека, жывёл і раслін.
Гамеастаз характарызуе стан арганізма і працэсы, накіраваныя на ліквідаванне або максімальнае абмежаванне ўздзеяння на яго розных фактараў. Гамеастаз дасягаецца дзякуючы ўзгодненаму ўплыву нервовага і гумаральнага механізмаў рэгуляцыі на органы і сістэмы, якія маюць адносіны да захавання ўстойлівага стану асяроддзя пражывання клетак. Так, напрыклад, у адказ на зніжэнне тэмпературы паветра ў арганізме павялічваецца выпрацоўка цяпла і змяншаецца яго аддача ў знешняе асяроддзе. У выніку тэмпература цела застаецца пастаяннай, што забяспечвае аптымальныя ўмовы для працякання ўсіх хімічных працэсаў. Пры высокай тэмпературы паветра цеплапрадукцыя змяншаецца, а цеплааддача ўзрастае. Тэмпература цела і ў гэтым выпадку застаецца на ранейшым, неабходным для нармальнай жыццядзейнасці клетак узроўні.
Формы гамеастаза:
Гамеастаз рэгулюецца нейрагумаральнымі, гарманальнымі, бар'ернымі, выдзяляльнымі, асматычнымі і іншымі сістэмнымі рэгулятарнымі механізмамі.