Гістарычная дзяржава | |
Гана | |
---|---|
Вагаду | |
|
|
Сталіца | Кумбі-Салех |
Мова(ы) | відавочна санінкэ |
Афіцыйная мова | Санінкэ (мова) |
Рэлігія | мясцовыя культы, іслам |
Форма кіравання | Манархія |
кая маган | |
• VIII стагоддзе | Кісэ Тункара (першы) |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гана (ад араб. غانا), або Вагаду (ад санінкэ: Ouagadou) — буйная гістарычная дзяржава ў Заходняй Афрыцы. Існавала прыкладна ў VIII — сярэдзіне XIV стагоддзяў.
Дакладны час заснавання Ганы не вядомы. Арабы ўпершыню згадваюць яе пад 830 г. Аль-Ідрысі паведамляў, што да хіджры краінай кіравала 18 манархаў. Лічыцца, што арабскае слова Гана (араб. غانا) паходзіць ад назвы тытула вярхоўнага валадара кая маган («уладальнік золата»). Санінкэ, якіх французскія этнолагі ўспрынялі як прамых нашчадкаў заснавальнікаў дзяржавы, называюць яе ў сваіх паданнях Вагаду (Ouagadou).
Сучасныя даследчыкі адносяць перыяд фарміравання Ганы да IV — VIII стст. Непасрэдным стымулам для яе ўзнікнення магло быць з'яўленне ў Заходняй Афрыцы вярблюда (першая палова 1 тысячагоддзя), які палепшыў умовы вандровак праз Сахару і такім чынам спрыяў развіццю гандлёвых зносін з поўначу.
У запісах з Тамбукту (XVII стагоддзе) першым кая маган названы Кісэ Тункара, заснавальнік асобнай дынастыі Тункара, а цэнтрам яго валоданняў — Кумбі. Раскопкі ў Кумбі-Салех на тэрыторыі сучаснай Маўрытаніі, што арганізоўваліся ў 1913 — 1950 гг., сапраўды выявілі буйны старажытны горад канца V — сярэдзіны XIV стст. Санінкэ паведамлялі, што дынастыя заснавальнікаў паходзіла з усходу. Арабскія аўтары лічылі, што яна была арабскай або берберскай.
Арабы наведвалі Гану з гандлёвымі мэтамі. Асноўным таварам, што прыцягваў іх было золата. Валадары Ганы славіліся сваім багаццем. Аднак арабскія аўтары не пералічвалі важных унутрыпалітычных падзей. Хаця кая маган добра адносіліся да мусульман, яны адмаўляліся прымаць іслам. Таму ў 1076 г. Гана была заваявана Альмаравідамі. Праз кароткі час яна ўзнавіла незалежнасць. Ібн Хальдун паведамляў, што апошнімі кіраўнікамі былі прадстаўнікі мусульманскай дынастыі Сусі. У 1235 г. яны былі вымушаны прыняць саюз з болей магутнай дзяржавай Малі. У 40-х гг. XIV ст. валадары Ганы ўсё яшчэ фармальна лічыліся самастойнымі і нават мелі права на валадарскі тытул малік. Відавочна, Гана была канчаткова інкарпаравана ў склад Малі толькі ў другой палове XIV ст.
Гана месцілася ў рэгіёне, які ахопліваў вярхоўі рэк Нігер і Сенегал, дзе за некалькі тысяч гадоў да ўзнікнення дзяржавы ўжо развіваліся сельская гаспадарка, апрацоўка металаў, выраб тканін і керамікі. Галоўным багаццем краіны было золата, якое вывозілі па гандлёвым шляху праз Сахару. Гандляры, якія наведвалі краіну, павінны былі двойчы плаціць падатак за ўвоз і вываз тавараў.
На чале дзяржавы стаяў манарх кая маган, які кіраваў у горадзе Кумбі. Сучасныя даследчыкі атаесамляюць яго з Кумбі-Салех. Паводле арабскіх крыніц, сталіца падзялялася на 2 часткі. Адна была населена мусульманамі, у ёй дзейнічала 12 мячэцяў. Другая была населеная чарнаскурымі афрыканцамі, у ёй знаходзіўся палац манарха і свяшчэнны гай. Яна месцілася ў 9,5 км ад мусульманскай часткі. Прастора паміж дзвюмя часткамі была населена. Аднак гэта апісанне не супадае са знаходкамі археолагаў ў Кумбі-Салех.
У ранніх крыніцах паведамляецца, што манарх Ганы кіраваў іншымі манархамі. Такім чынам, ранняя Гана магла ўяўляць сабою аб'яднанне розных дзяржаўных утварэнняў, дзе кая маган адыгрываў ролю вярхоўнага сюзерэна. Разам з гэтым, у Кумбі меўся штат мясцовых чыноўнікаў. Штодня кая маган збіраў свой двор і дазваляў падданым публічна выказаць свае скаргі. Найбольш цяжкімі злачынствамі былі адмова ад выплаты доўгу і праліццё крыві. Насельніцтва сталіцы падзялялася ў адпаведнасці з заняткамі. Вылучалася кола высакародных прадстаўнікоў. На ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы стаялі рабы.
У XI ст. кая маган мог сабраць войска з 200 тысяч воінаў. У ім мелася конніца, а таксама лучнікі.
Гана (гістарычная дзяржава) на Вікісховішчы |