Гаральд Мэйберн | |
---|---|
Асноўная інфармацыя | |
Поўнае імя | Гаральд Мэйберн Малодшы |
Дата нараджэння | 20 сакавіка 1936[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 17 верасня 2019[2][3] (83 гады) |
Краіна | ЗША |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | музыкант, кампазітар, выкладчык |
Гады актыўнасці | 1950я–сучаснасць |
Інструменты | фартэпіяна |
Жанры | джаз, хард-боп |
Супрацоўніцтва | Фрэнк Строзіер, Уолтэр Перкінс, Рой Хэйнс, Уэс Мантгомеры, Лі Морган, Крысчыян МакБрайд, Рон Картэр, Джэк ДэДжанэт, Эрык Аляксандр |
Лэйблы | Prestige, DIW, Venus, Smoke Sessions |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гаральд Мэйберн (англ.: Harold Mabern), (20 сакавіка 1936) — амерыканскі джазавы піяніст, кампазітар і выкладчык, які працуе, галоўным чынам, у хард-бопавым музычным кірунку.
Нарадзіўся 20 сакавіка 1936 года ў Мэмфісе, штат Тэнэсі. Вучыўся ў Дугласкай і Манасасаўскай сярэдніх школах у Мэмфісе, разам з вядомымі пасля музыкантамі Джорджам Коўлманам, Чарльзам Лойдам, Хэнкам Кроўфардам, Букерам Літл і іншымі. Там ён пачаў спрабаваць іграць на розных інтструментах — трубе, барабанах, барытон-саксафоне.[4] Пасля сам авалодаў ігрой на фартэпіяна і трапіў пад уплыў ігры піяніста Фінеса Ньюбарна.[5] Пасля сканчэння школы ў 1954 годзе Мэйберн пераехаў у Чыкага, дзе планаваў наведваць Амерыканскую Кансерваторыю Музыкі, але праз фінансавыя праблемы мог дазволіць толькі некаторае прыватнае навучанне. Галоўным чынам працягваў вучыцца сам, пачаўшы даследаваць гарадскую джазавую сцэну, і ў выніку зарабіў у горадзе добрую рэпутацыю. Разам з сябром дзяцінства саксафаністам Фрэнкамі Строзіерам, а таксама барабаншчыкам Уолтэрам Перкінсам і іншымі музыкантамі арганізаваў квінтэт MJT+3.[6]
У лістападзе 1959 года Мэйберн разам з бэндам MJT+3 пераязджае ў Нью-Ёрк. Па ўспамінах музыканта, на той момант ён меў 5 тысяч долараў, якія захоўваў у сваіх чаравіках,[7] але не меўся іх траціць, і адразу вырашыў шукаць працу. Таму ў першы дзень ён з калегамі накіраваўся ў клуб Бёрдлэнд, каб пазнаёміцца з джазмэнамі, "паказаць свой твар і прарэкламаваць сябе". Ля ўваходу ён сустрэў вядомага музыканта Кэнанбола Эдэрлі, з якім быў знаёмы яшчэ з чыкагскіх часоў. Эдэрлі спытаў Мэйберна, ці хоча ён на канцэрт (англ.: "Hey, Big Hands, you want a gig?"). Палічыўшы, што Эдэрлі прапанаваў яму месца ў сваім бэндзе, Мэйберн пагадзіўся. Але Эдэрлі проста правёў Мэйберна ў клуб, дзе на сцэне іграў Гары "Суітс" Эдысан разам з Элвінам Джонсам, Джыммі Форэстам, Джынам Рэймі і піяністам Томі Флэнэгэнам, які меў намер неўзабаве пакінуць бэнд. Калі Мэйберн забраўся на сцэну падмяніць Томі Флэнэгэна, Эдысан даў яму мінімальную інструкцыю: "«Habit», уступ на 8 тактаў, ля-бемоль". Гаральд Мэйберн не мог зразумець, што за песня "Habit", але пасля першага прыпеву высветліў, што яны іграюць стандарт "You’re Getting to Be a Habit With Me". Калі яны скончылі іграць, Эдысан прапанаваў яму месца піяніста замест Флэнэгэна. Так Гаральд Мэйберн стаў запатрабаным сайдмэнам у горадзе.[6] У тым жа годзе Гаральд Мэйберн паўдзельічаў у запісах альбомаў пад лідарствам саксафаніста Джымі Форэста. Аднаму з іх — "All the Gin is Gone” — па ўспамінах Мэйберна, далі такую назву за тое, што падчас сэсіі скончыўся гэтак званы "моцны лікёр", які джазавыя музыканты ў тыя часы пілі.[7]
На працягу першай паловы 1960-х гадоў Гаральд Мэйберн у якасці сайдмэна запісваўся і даваў канцэрты разам з Лаянэлам Хэмптанам, Роем Хэйнсам, Бэці Картэр, Майлзам Дэвісам, Джэй Джэй Джонсанам, Джэкі МакЛінам, Хэнкам Моўблі і іншымі. У сярэдзіне 1960-х гадоў даваў гастролі ў Еўропе ў бэндзе гітарыста Уэса Мантгомеры, што, па прызнанню Мэйберна, было вельмі не проста, бо Мантгомеры часта прапаноўваў іграць рэчы са спецыфічнай гармоніяй. У другой палове запісваў альбомы з трубачом Лі Морганам (у тым ліку "Gigolo" — улюбёны альбом Мэйберна з Морганам, бо яму выпала паіграць разам з вядомым саксафаністам Уэйнам Шортэрам[4]) да 1972 года, калі трубач трагічна загінуў.[5]
У 1968 годзе Мэйберн запісаў першы альбом пад сваім лідарствам на лэйблы Прэстыж — "A Few Miles From Memphis", на якім адзначыўся саксафаніст з Мэмфіса Джордж Коўлман. Джазавы крытык Лары Карт адзначыў, што "калі вы шукаеце радасную музыку, пад якую можна танчыць і дзе зрэдчас трапляюцца прывабныя сола, то Мэйберн будзе вашым чалавекам". У наступныя два гады Мэйберн запісаў яшчэ некалькі альбомаў на лэйблы Прэстыж. За выключэннем аднаго альбому ў канцы 1970-х гадоў, Мэйберн прыпыніў запісы пад сваім імем амаль на 15 год. Пры гэтым заставаўся вялікі попыт на яго як сайдмэна на альбомах іншых музыкантаў — Джорджа Бенсона, Арчы Шэпа, Білі Харпера і г.д. З сярэдзіны 1980-х гадоў значна ажывіў сваю дзейнасць, запісаўшы свае альбомы разам з кантрабасістамі Крыcчыян МакБрайд, Рон Картэр, барабаншчыкам Джэк ДэДжанэт. У першай дэкадзе XXI-га стагоддзя запісваў альбомы на японскім лэйблы Venus.[8] Апошнім часам запісваецца на лэйблы Smoke Sessions, дзе выпусціў у тым ліку альбом Afro Blue, на які запрасіў шмат гасцявых джазавых спевакоў. Да гэтага часу актыўна выступае ў нью-ёркскіх клубах.
З 1981-га года Гаральд Мэйберн працуе выкладчыкам ва Універсітэце Уільяма Патэрсана. Вядомы сёння саксафаніст Эрык Аляксандр, з якім Мэйберн цяпер часта запісваецца, быў яго студэнтам. Мэйберн лічыць, што коледж не навучыць, як іграць джаз, а толькі ўдасканаліць навык музыканта. Таму ён раіць маладым музыкантам знайсці сабе настаўніка са старэйшага пакалення, і актыўна задаваць яму пытанні.[7] Пры гэтым Мэйберн раіць вучыцца карыстацца сваім уяўленнем і фантазіяй і думаць самастойна, не звяртаючы ўвагу на крытыкаў. Адмыслова для піяністаў Мэйберн дае параду быць цярплівым і перад тым, як стаць добрым салістам, навучыцца спярша акампанаваць. А найлепшым спосабам навучыцца акампанаваць, на погляд Мэйберна, з'яўляецца сумесная ігра са спевакамі.[4]