Гарлачык белы | |||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||
Nymphaea alba L., 1821 | |||||||||||||||||
|
Гарлачык белы[1] (Nymphaea alba) — водная расліна сямейства гарлачыкавых.
Гарлачык белы, лілея вадзяная[2], латуцень белы<, глячкі, гусачкі, макаўка, макоўка[1][3], лілея вадзяная[4], белая вадзяная лілея, лопух[5], гуска[6], белыя курачкі[7][8].
Шматгадовая водная бессцябловая травяністая расліна з тоўстым і доўгім гарызантальным разгалінаваным карэнішчам са шматлікімі карэньчыкамі і ромбападобнымі меткамі ў месцах прымацавання чаранкоў адмерлага лісця.
Лісце буйное (да 40 см дыяметрам), плывучае, акругла-авальнае з сэрцападобнай асновай і доўгімі чаранкамі, зверху цёмна-зялёнае, знізу чырванавата-фіялетавае. Бывае, што дробныя вадаёмы, у якіх расце гарлачык белы, высыхаюць, і тады плывучае лісце з доўгімі гнуткімі хвосцікамі адмірае. Але праз некаторы час на карэнішчах з’яўляюцца маленькія лісцікі на моцных стромкіх хвосціках[9].
Лісце мае доўгія хвосцікі, якія ў залежнасці ад глыбіні могуць дасягаць 2,5 метраў.
Бліскучае, глянцавітае лісце гарлачыкаў зверху пакрытае васкавым налётам і не змочваецца вадой. Абарваныя хвосцікі падымаюцца на паверхню і плаваюць. Калі пагрузіць ліст гарлачыка пад ваду і з сілай падзьмуць у канец тронка, то на паверхні ліставой пласцінкі з’явіцца вялікая колькасць дробных бліскучых бурбалак паветра. Справа ў тым, што на паверхні ліста да 11 мільёнаў драбнюткіх адтулін — вусцеек. Іх можна бачыць пад мікраскопам на тонкім зрэзе верхняй скуркі ліста. Праз вусцейкі паветра праходзіць да падводнага сцябла. У моцную лупу можна бачыць пучкі іголачак на зрэзе хвосціка ліста ў кутах паветраносных сасудаў. Гэтыя іголачкі засцерагаюць хвосцікі гарлачыка ад паглынання слімакамі[9]. Маладое лісце, якое не дасягае паверхні вады, — згорнутае ў трубку[9].
Кветкі буйныя (да 12 см дыяметрам у дзікім стане, у некаторых сартоў могуць дасягаць 20 см), адзіночныя, белыя, з завостранымі лісцікамі калякветніка і серна-жоўтым плоскім рыльцам, слабадухмяныя. Аснова чашачкі закругленая (завязь да верхавінкі не звужана, уся ў тычынках). Кветкі маюць доўгія хвосцікі.
Расліна квітнее з чэрвеня па кастрычнік (цвіценне патрабуе тэмператур вышэй за 18 °C). Кветкі адкрываюцца толькі на працягу дня[10].
Кончыкі пялёсткаў гарлачыка вылучаюць мёд. Апыляюцца жукамі, мухамі і пчоламі, хоць магчыма і самаапыленне. Казуркі пераносяць пылок з кветкі на кветку, апыляючы песцікі[9]. Кветкі маюць тонкі, мяккі водар і жывуць каля 3-4 дзён.
Плод — шара- або ягадападобная шматлістоўка. Насенне расліны чорнага колеру, спее пад вадой. Пасля паспявання яно ўсплывае на паверхню.
Цвіце ў чэрвені-верасні, пладаносіць у ліпені-лістападзе. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае (карэнішчамі).
У дзікай прыродзе сустракаецца амаль па ўсёй Еўропе да самага Уралу і далей да наваколляў Чалябінска, на Каўказе, Блізкім Усходзе да Ізраілю на поўдні і Ірану і Кашміру на ўсходзе. Прысутнічае на астравах Міжземнамор’я і ў прыбярэжнай паласе Афрыкі на поўначы. Культывуецца ў іншых частках свету з умераным кліматам, перайшоў у дзікі стан у Аўстраліі і Новай Зеландыі.
У Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту паблізу паўночна-ўсходняй мяжы арэала, часцей сустракаецца ў даліне Прыпяці і нізоўях яе прытокаў, у старыцах Сажа, Нарава і басейна Нёмана; у больш паўночных раёнах трапляецца на буйных азёрах — Нарач, Чарнова ў Гарадоцкім раёне і ў інш.
Месцы росту: стаячыя і з павольнай плынню воды старыц, заток і поймавых азёр з глеістым грунтам на глыбіні 50—250 см. Утварае значныя, дастаткова шчыльныя або разрэджаныя зараснікі.
Кветкі на ноч хаваюцца ў ваду, але як толькі сыдзе сонца, яны ўсплываюць на паверхню ў выглядзе буйных авальных бутонаў, якія праз некаторы час павольна раскрываюцца ў беласнежныя кветкі. У 5-6 гадзін вечара кветкі пачынаюць павольна закрывацца і апускацца ў ваду.
Пад дзеяннем прамянёў сонца ў шырокім лісці гарлачыка з паветра (вуглякіслага газу) і вады ўтваецца крухмал. Гэты крухмал ператвараецца ў цукар, раствор якога апускаецца па хвосціках ліста да карэнішчы. Тут цукар зноў ператвараецца ў крухмал і адкладаецца ў карэнішча. Асабліва вялікі запас крухмалу назапашваецца ў карэнішчы да восені. Увесну ж і ў пачатку лета гэтыя запасы крухмалу трацяцца на рост лісця, цвіцення і ўтварэння пладоў[9].
Карэнішча гарлачыка белага змяшчае шмат пажыўных рэчываў: крухмалу (49 %), бялку (8 %) і цукру (да 20 %). У карэнішча расліны змяшчаецца шмат дубільных рэчываў, якія засцерагаюць яго ад гніення ў вадзе[9].
Маладыя карэнішчы гарлачыка белага на Каўказе ідуць у ежу ў смажаным або вараным выглядзе[12]. З карэнішча белай гарлачыка можна атрымаць муку[13]. Цыбуліны гарлачыка белага ядомыя, нагадваюць па смаку ядомы каштан.
Для вырабу лекавых формаў нарыхтоўваюць карэнішчы, кветкі і лісце. Лісце збіраюць падчас цвіцення расліны, карэнішчы вырываюць ад пачатку цвіцення і да пахаладання. Карэнішча змяшчае алкалоіды (німфеін), флаваноіды, дубільныя рэчывы, вітаміны (А, В, С), арганічныя кіслоты. У пялёстках кветак з’яўляюцца флаваноіды (кемпферол, кверцэцін), у насенні — дубільныя рэчывы, кардэналіды, німфалін, тлустае масла.
Галенавые прэпараты стымулююча дзейнічаюць на страўнікава-кішачны тракт, нармалізуюць функцыю нырак і печані, зніжаюць артэрыяльны ціск. Ужываюць пры анацыдных гастрытах, гепатытах, халецыстытах, злаякасных пухлінах, крывацёках, неўралгіі, міялгіі, захворваннях скуры.
Расліна меданосная, апыляецца пераважна начнымі матылькамі. Асобныя расліны жывуць да 22 гадоў.
Вырошчваецца аматарамі-акварыумістамі, як дэкаратыўная расліна.
Уключаны ў чырвоныя кнігі Беларусі і Украіны
Белы гарлачык — гэта ўвасабленне старажытнага падання полацкай зямлі аб «Белым горадзе», да якога са старажытнага Полацка вядзе падземны ход пад ракой. У славян белы гарлачык называлі пераможнай травой, выкарыстоўвалі яго ў якасці ахавальніка, надзялялі чарадзейнай сілай, прыпісвалі яму таямнічыя ўласцівасці. Лічылася, што белы гарлачык спрыяе раскрыццю таленту чалавека. 3 ягонага карэньчыка рабілі муку, якую выкарыстоўвалі для выпечкі хлеба.
Белы гарлачык сімвалізуе памкненне да прыгажосці і абнаўлення, да справядлівасці і годнасці, да міру і дабрабыту[14]. Яго выява змешчана на гербе Наваполацка.
З травінкай любой размаўляў ён без слоў, |
Пятрусь Макаль. «Вар’ят і вайна Паводле нямецкай народнай народнай казкі».[15] |
Марыя Дамброўская ўшанавала белы гарлачык у сваім рамане «Ночы і дні» , дзе яго кветкі былі ў ролі самага рамантычнага букету.
Хуан Рамон Хіменес (лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры) адзін са сваіх першых раманаў напісаў пад назвай Вадзяныя лілеі[16].
Гарлачык белы з’яўляецца адным з 60 відаў, згаданых у Гамераўскіх Іліядзе і Адысеі.
А мы, малыя, не шманалі, |
Рыгор Крушына. «Дзённік маленства»[17]. |
Кветкі гарлачыкаў нярэдка сустракаюцца на карцінах мастакоў. Найбольш вядомая серыя карцін, прысвечаных гэтым кветкам, была напісана Клодам Манэ. Іншыя мастакі, якія звярталіся да тэмы белых гарлачыкаў — гэта Карл Хагемайстэр , Эрнст Юсефсан.
Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам. III катэгорыя (VU) |