У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл.
Гарлянка.
Гарля́нка[1], дуброўка (Ajuga) — род кветкавых раслін сямейства Ясноткавыя (Lamiaceae).
Аднагадовыя, двухгадовыя і шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным сцяблом. Лісце суцэльнае, сцябловае часам трохраздзельнае, супраціўнае, ніжняе часта сабранае ў прыкаранёвую разетку, суцэльнакрайняе або зубчастае. Кветкі сінія, блакітныя, ружовыя, белыя, зрэдку жоўтыя, у несапраўдных пазушных кальчаках, сабраных у коласападобныя суквецці. Плод — шматарэшак.
Адрозніваецца каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Паўночнага паўшар’я. На тэрыторыі Беларусі трапляюцца: гарлянка паўзучая (Ajuga reptans), расце пераважна ў лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках, на лугах і палянах; гарлянка жэнеўская (Ajuga genevensis) часам расце на сухіх схілах і лугах, у хваёвых лясах, каля дарог і ў ярах; гарлянка пірамідальная (Ajuga pyramidalis) трапляецца каля дарог і сцежак у хвойных лясах.
Лекавыя (вяжучы, мачагонны, ранагоючы сродак), меданосныя і дэкаратыўныя расліны.
Зноскі