Гарошынкі (Pisidium) — род прэснаводных двухстворкавых малюскаў.
Цела ўкрыта клінападобнай або авальнай (даўжыня 2—10 мм) ракавінай з ссунутай назад верхавінкай. Рухаюцца з дапамогай ланцэтападобнай нагі. Дыханне жабернае.
Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Амерыцы, Афрыцы; на Беларусі 15 відаў, найбольш пашыраны гарошынкі рачная (Pisidium amnicum), бліскучая (Pisidium nitidum) і балотная (Pisidium casertanum).
Водзяцца ў рэках і азёрах (на пясчаным грунце з рэдкай доннай расліннасцю), у сажалках і балотах. Гермафрадыты. Моладзь выношваюць у спецыяльных вывадковых камерах (марсупіях). За год даюць 2 патомствы (вясновае і раннявосеньскае). Працягласць жыцця да 1 года.
Служаць кормам для бентасаедных рыб. Удзельнічаюць у біялагічным ачышчэнні вадаёмаў. Кормяцца мікрапланктонам, рэшткамі раслін і жывёл, якія адфільтроўваюць ад вады праз мантыйную поласць.
- Дзесяцік І. Гарошынкі // Энцыклапедыя прыроды Беларусі / гал. рэд. І. П. Шамякін. Т. 1. — Мн.: БелСЭ, 1983. — С. 568.