Харватыя — дзяржава ў паўднёва-ўсходняй Еўропе, на Балканскім паўвостраве. Плошча — 56 542 км², плошча воднай акваторыі — 33 200 км². Насельніцтва — 4 495 904 чалавекі (2005 год).
Сталіца і найбуйнейшы горад — Заграб (779 тысяч жыхароў). Найвышэйшы пункт краіны — гара Дынара, цэнтральны пік Дынарскага нагор’я (1 830 метраў).
Краіна складаецца з дзвюх частак: кантынентальнай, размешчанай, галоўным чынам, у басейне ракі Савы, і адрыятычнай, выцягнутай вузкай паласой па ўзбярэжжы Адрыятычнага мора. Характэрнай асаблівасцю адрыятычнага ўзбярэжжа з’яўляецца незвычайна вялікі лік астравоў, звычайна выцягнутых раўналежна берагу з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Адрыятычнае ўзбярэжжа Харватыі ўтварылася пры структурна-дэнудацыйным раздзяленні ў выніку апускання заходняй часткі Балканскага паўвострава і частковага затаплення морам берагавых хрыбтоў Дынарскага нагор’я. Шматлікія астравы, звілістыя залівы і пралівы ў спалучэнні з міжземнаморскай расліннасцю надаюць узбярэжжу незвычайна маляўнічы выгляд. 1185 Далмацінскіх астравоў займаюць плошчу каля 2500 км², з іх населеныя каля 60. Самыя вялікія — Црэс, Крк займаюць плошчу больш за 405 км². Іншыя буйныя астравы — Брач, Хвар, Віс і інш. Самая малая група астравоў — Палагружа пасярод Адрыятычнага мора. На астравах размешчаныя тры з васьмі нацыянальных паркаў Харватыі — Брыўны, Карнаты і Млет.
Працягласць марскога берага — 5 835 кіламетраў; з іх 1 777 кіламетраў — даўжыня кантынентальнага ўзбярэжжа, 4 058 кіламетраў — даўжыня берагавой лініі астравоў.
На поўначы Харватыя мяжуе са Славеніяй (670 км), на паўночным усходзе з Венгрыяй (329 км), на ўсходзе з Сербіяй (241 км), на поўдні з Босніяй і Герцагавінай (932 кіламетры) і Чарнагорыяй (25 км). У паўднёвай частцы адрыятычнага ўзбярэжжа да мора выходзіць вузкі 10-кіламетровы ўчастак Босніі і Герцагавіны, на якім размешчаны горад Неум. З-за гэтага паўднёвая частка Харватыі, цэнтрам якой з’яўляецца горад Дуброўнік, адрэзаная па сушы ад астатняй часткі краіны.
Кліматычныя ўмовы розных рэгіёнаў краіны вельмі разнастайныя. У паўночна-заходняй і ўсходняй Харватыі клімат — умерана-кантынентальны і кантынентальны. Узімку маразы слабыя, але часам ідзе снег, вясна і восень працяглыя і дажджлівыя, лета цёплае, часамі засушлівае. У горных раёнах клімат характэрны для сярэднягор’я — халодныя і снежныя зімы, цёплае лета. На ўзбярэжжы і астравах клімат міжземнаморскі — дажджлівая і бясснежная зіма, доўгае і цёплае лета, мяккія вясна і восень. Турыстычны сезон на ўзбярэжжы доўжыцца з сярэдзіны мая па сярэдзіну кастрычніка.