Геаметрычны стыль (таксама вядомы як геаметрыка) быў характэрны для грэчаскага вазапісу ў канцы «цёмных стагоддзяў» каля 900—700 гг. да н. э. і выцесніў протагеаметрычны стыль. Цэнтрам распаўсюджання дадзенага стылю былі Афіны. Паступова ён распаўсюдзіўся ў гандлёвых гарадах на астравах Эгейскага мора[1].
Акрамя вазапісу, стыль быў характэрны для дробнай пластыкі, гліптыкі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і адначасова азначаў перыяд класічнай антычнасці ў Старажытнай Грэцыі. Геаметрычны арнамент, які з’явіўся ў IX ст. да н.э., прадстаўляў сабою спалучэнне геаметрычных элементаў, на вазах ён размяшчаўся палосамі і складаўся з меандраў, крыжоў і акружнасцяў. У гэтым стылі адбілася сутнасць старажытнагрэчаскага мастацтва і рэлігійнасці. Акрамя арнаментальных фрызаў атрымалі распаўсюджанне фігурныя выявы, якія сталі правобразамі фрызаў з выявай жывёл і людзей у перыяд архаікі. Арнамент складаў 80 працэнтаў роспісу геаметрычнага стылю.
У стагоддзе Гамера пасля 750 г. да н. э. строга геаметрычны кірунак змяняецца фрызамі з выявамі казачных драпежных жывёл. На вазах сталі адлюстроўваць сюжэты міфаў.
Хоць протагеаметрычны стыль (1050—900 гг. да н. э.) прадстаўляе сабой некаторае культурнае адраджэнне ў параўнанні з папярэдняй субмікенскай керамікай, традыцыі мікенскай керамікі былі страчаны. Форма пасудзін стала строгай і простай (у адрозненне ад звілістых формаў, характэрных для мікенскай керамікі). Протагеаметрычныя пасудзіны падзеленыя на некалькі гарызантальных дэкаратыўных палос, у якіх змешчаны простыя геаметрычныя элементы, звычайна канцэнтрычныя кругі або паўкругі.
У Ранні геаметрычны перыяд (900—850 гг. да н.э.) павялічылася вышыня пасудзін, тады як арнамент размяшчаўся толькі вакол рыльца аж да сярэдзіны корпуса пасудзіны. Астатняя паверхня пакрывалася тонкім пластом гліны, якая пры абпале набывала цёмна-металічнае бліскучае адценне[2]. У гэты ж перыяд да дэкаратыўных элементаў керамікі дадаўся меандр, які стаў адным з найбольш характэрных элементаў геаметрычнага мастацтва.
У Сярэдні геаметрычны перыяд (850—760 гг. Да н.э.) павялічваецца колькасць дэкаратыўных зон на пасудзінах, сярод упрыгожванняў пераважае меандр.
Хоць тэхналогіі сярэднегеаметрычнага перыяду працягвалі выкарыстоўвацца ў пачатку VIII стагоддзя да н.э., некаторыя вытворцы павялічылі колькасць дэкаратыўных элементаў на пасудзінах, сталі ўстойлівымі формы жывёл у вобласці рыльца і падставы амфар. З’яўляюцца стылізаваныя чалавечыя выявы.
Адным з характэрных прыкладаў познегеаметрычнага стылю з’яўляецца найстарэйшая падпісаная старажытнагрэчаская пасудзіна — праца ганчара Арыстанота або Арыстанофа (VII стагоддзе да н.э.). Амфара выяўлена ў італьянскім горадзе Чэрветэры, на ёй намаляваны асляпленне Паліфема Адысеем і яго спадарожнікамі. Пачынаючы з сярэдзіны VIII стагоддзя да н.э больш цесныя кантакты паміж Грэцыяй і Усходам узбагацілі грэчаскі вазапіс новымі элементамі — такімі як львы, пантэры, выдуманыя істоты, разеткі, пальмы, кветкі лотаса і інш, што пазней развілося ў арыентызавальны стыль.
Для пасудзін у геаметрычным стылі характэрныя гарызантальныя палосы, якія ідуць кольцамі вакол пасудзіны. Паміж гэтымі палосамі змяшчаюцца розныя дэкаратыўныя матывы, такія, як зігзаг, трохкутнік, меандр і свастыка. Нароўні з абстрактнымі элементамі з’яўляюцца стылізаваныя выявы людзей і жывёл, што адрознівае геаметрычнае мастацтва ад протагеаметрычнага. Многія захаваныя прадметы геаметрычнага перыяду — гэта пахавальныя дары ў магілах арыстакратаў[3].
Першыя чалавечыя выявы з’яўляюцца каля 770 г. да н.э. на ручках амфар, дзе мужчынская постаць намаляваная з трохкутным торсам, авальнай галавой з выступам замест носа і доўгіх цыліндрычных бёдраў і галёнак. Жаночыя фігуры таксама абстрактныя: іх доўгія валасы маляваліся як шэраг ліній, а грудзі — як мазкі на ўзроўні падпах[4].
{{cite journal}}
: Праверце значэнне даты ў: |date=
(даведка)
{{cite book}}
: Праверце значэнне даты ў: |date=
(даведка)
{{cite book}}
: Праверце значэнне даты ў: |date=
(даведка)