Гельгаланд

Гельгаланд
дацк. Helgoland, зах.-фрызск. deät Lun
Выгляд з паветра
Выгляд з паветра
Характарыстыкі
Колькасць астравоў
Найбуйнейшы востраўГельгаланд 
Агульная плошча1,7 км²
Найвышэйшы пункт61,3 м
Насельніцтва1 131 чал. (2011)
Шчыльнасць насельніцтва665,29 чал./км²
Размяшчэнне
54°10′57″ пн. ш. 7°53′07″ у. д.HGЯO
АкваторыяПаўночнае мора
Краіна
Гельгаланд (Германія)
Гельгаланд
Гельгаланд
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ге́льгаланд[1] (дацк.: Helgoland, фрыз.: deät Lun) — архіпелаг з двух астравоў Гельгаланд і Дзюн у паўднёва-ўсходняй частцы Паўночнага мора. Муніцыпалітэт у складзе зямлі Шлезвіг-Гольштэйн (Германія). Агульная плошча — 1,7 км². Насельніцтва (2011) — 1131 чалавек, пераважна фрызы.

Геаграфія і прырода

[правіць | правіць зыходнік]

Гельгаланд знаходзіцца за 56,7 км ад узбярэжжа Германіі. Складаецца з 2 скалістых астравоў, размешчаных на кантынентальным шэльфе. Найбольшы востраў Гельгаланд мае плошчу 1 км². Меншы востраў Дзюн знаходзіцца за 808,2 м на захад і мае плошчу прыкладна 0,7 км². Да 1720 года яны былі адзіным масівам сушы. Здабыча медзі і гіпсу прывялі да вытанчэння каменю і разбурэння часткі прыморскіх скал падчас шторму 1721 года.

Клімат марскі ўмераны. Сярэдняя тэмпература паветра лютага 2,5 °C, жніўня 16,6 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 718,6 мм.

Геолагамі выяўлена, што астравы сфарміраваліся ў 2 этапы. Першы пачаўся каля 260 млн гадоў таму, калі з’явіліся асадкавыя жалезістыя і медныя адкладанні, што сталі асновай для знакамітых чырвоных скал Гельгаланда. Другі этап адбыўся 140—60 млн гадоў таму, калі працэс выветрывання вывастрыў абрысы скал, і з’явіліся вапняковыя адкладанні. Радовішчы гэтага перыяду маюць таўшчыню больш за 1000 м.

Да XIX стагоддзя скалы атачалі пясчаныя выдмы і балоты. У наш час ад іх засталіся толькі нізкія пясчаныя пляжы. Астатняя прырода таксама была значна зменена ў выніку чалавечай дзейнасці. У нашы дні пераважае травяністая расліннасць. Таксама вырошчваюць экзатычныя расліны. З-за практычнай адсутнасці пылку мясцовае паветра лічыцца надзвычай спрыяльным для хворых на алергію.

Астравы насяляюць 370 відаў птушак, часцяком наведваюць цюлені.

24 красавіка 1981 года для аховы мясцовай прыроды быў створаны Гельгаландскі скальны запаведнік.

Гельгаланд на карце 1649 года

Гельгаланд канчаткова быў аддзелены ад мацерыка морам толькі каля 6500 гадоў таму. Мяркуецца, што першыя людзі з’явіліся ў гэтых мясцінах у эпоху мезаліту або неаліту. Да XIX ст. на скальнай паверхні захоўваліся старажытныя курганы першапасяленцаў.

У VII стагоддзі. Гельгаланд насялілі фрызы. Нягледзячы на геаграфічную ізаляванасць, астравы прыцягвалі здабытчыкаў вапны і медзі. У Сярэднявеччы Гельгаланд таксама славіўся здабычай селядцоў. Хрысціянскія місіянеры паведамлялі, што на Гельгаландзе існаваў цэнтр шанавання паганскага богa правасуддзя Фо́рсэці. Але ў пачатку IX стагоддзя мясцовыя фрызы прынялі хрысціянства.

Да 1231 года архіпелаг увайшоў у склад Дацкага Каралеўства. Але з XIV стагоддзя гэта аспрэчвалася нямецкім Герцагствам Шлезвіг (гл. Шлезвіг-Гольштэйн). У 1544—1721 гадах Гельгаланд належаў Шлезвігу, пазней зноў трапіў пад кантроль Даніі. Падчас Напалеонаўскіх войнаў з’яўляўся адным з галоўных пунктаў кантрабанды брытанскіх тавараў на кантынент.

У 1807 годзе Гельгаланд быў захоплены Вялікабрытаніяй і пераўтвораны пасля 1814 года ў гандлёвы, транспартны і курортны цэнтр. Сюды наведваліся многія культурныя і палітычныя дзеячы Германіі.

У 1890 годзе Вялікабрытанія адмовілася ад Гельгаланда на карысць нямецкіх валоданняў у Занзібары. Архіпелаг быў далучаны да Германіі. На галоўным востраве была ўзведзена ваенна-марская база. У перыяд I і II Сусветных войнаў яна з’яўлялася месцазнаходжаннем нямецкага падводнага флота. У 1920—1925 гадах на Гельгаландзе працаваў фізік Вернер Карл Гайзенберг. Тут ён склаў сваю формулу, якая легла ў аснову квантавай механікі.

18 красавіка 1945 года Гельгаланд быў атакаваны брытанскай ваеннай авіяцыяй (969 самалётаў). Пасля масіраванай бамбардзіроўкі (каля 7000 бомбаў) на галоўным востраве не захавалася ацалелых будынкаў. Мясцовае насельніцтва хавалася ў скальных прыбежышчах і амаль не мела згубы. Пасля налёту яно было эвакуіравана.

У 1945—1952 гадах Гельгаланд кантраляваўся брытанскімі ваеннымі. 18 красавіка 1947 года на востраве Гельгаланд яны ўзарвалі 6700 тон выбухных рэчаў. У выніку, частка скальнага масіву была знесена. Утварыўся сучасны раён Мітэланд. У ФРГ акупацыя Гельгаланда ўспрымалася вельмі балюча. Студэнтамі нават быў арганізаваны рух за выратаванне астравоў. У 1951 годзе іх падтрымаў бундэстаг. 1 сакавіка 1952 года архіпелаг быў вернуты ў склад Германіі.

У далейшым Гельгаланд развіваўся як марскі курорт і гандлёвы цэнтр. Ён не ўвайшоў у склад адзінай эканамічнай прасторы Еўрапейскага Саюза. На астравах забаронена выкарыстанне аўтамабіляў і веласіпедаў, акрамя электрычных. Аўтамабілямі карыстаюцца толькі хуткая медыцынская дапамога і з 2006 года — паліцыя.

Дзюн — меншы і ніжэйшы з двух астравоў архіпелага Гельгаланд. Быў адарваны ад асноўнага вострава ў выніку шторму ў 1721 годзе. Цягнецца ў даўжыню 1,1 км, у шырыню — 955 м. На ім ёсць залежы чырвонага крэменю, які выкарыстоўваецца ў ювелірнай прамысловасці. Дзюн таксама знакаміты сваімі белымі пясчанымі пляжамі, адзін з якіх лічыцца нудысцкім. Частыя наведвальнікі пляжаў — цюлені.

На востраве знаходзяцца аэрапорт, некалькі прычалаў і вялікі кемпінг для турыстаў.

Востраў Гельгаланд

[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны востраў прасціраецца на 2,1 км у даўжыню і 796 м у шырыню. Падзяляецца на высокую частку Оберланд, што ўзвышаецца на 61,3 м над узроўнем мора, сярэдняе плато Мітэланд, нізіны завуцца Утэрландам.

Паміж Оберландам і Утэрландам пабудавана лесвіца са 184 прыступкамі. У Оберландзе захаваўся маяк (35 м), пабудаваны нямецкімі ваеннымі. На самай высокай гары Пінеберг усталяваны крыж.

Асноўнае паселішча размяшчаецца ў Мітэландзе. Тут працуе музей, знаходзіцца жытло для турыстаў і сталых жыхароў.

Заходні бераг абрывісты. На поўдні і ўсходзе вылучаюцца нізіны. Поўдзень і частка ўсходу займаюць прычалы і пясчаныя пляжы. У паўночнай частцы вострава вылучаецца маляўнічая скала Доўгая Ганна або Дзіда Ганны. Тут таксама ёсць пляж, аднак хуткая плынь замінае плаванню.

Сучасныя сімвалы Гельгаланда:

  • Ге́льгаланд // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 143. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
  • Ге́льголанд, Хельголанд // Географический энциклопедический словарь: Географические названия (руск.) / Гл. ред. А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев (зам. гл. ред.) и др. — 2-е изд., исправл. и дополн. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 127. — 592 с. — 210 000 экз. — ISBN 5-85270-057-6.
  • Ге́льголанд, Хе́льголанд // Географические названия мира: Топонимический словарь: Ок. 5000 единиц (руск.) / Е. М. Поспелов; Отв. ред. P. A. Агеева. — 2-е изд., стереотип.. — М.: Русские сло­вари: ООО «Издательство Астрель»: ООО «Издательство ACT», 2002. — С. 116. — 512 с. — ISBN 5-17-001389-2 (ООО «Издательство ACT»), ISBN 5-271-00446-5 (ООО «Издательство Астрель»), ISBN 5-93259-014-9 (Издательство «Русские словари»).
  • Ге́льголанд // Энциклопедический географический словарь (руск.). — М.: РИПОЛ классик, 2011. — С. 188. — 800 с. — (Словари но­вого века). — 5 000 экз. — ISBN 978-5-386-03063-6.