Гемонхус скручаны (Haemonchus contortus) — від круглых чарвей сямейства трыхастрангіліды (Trichostrongylidae).
Шырока распаўсюджан ва ўсім свеце страўнікава-кішачны гельмінт, які паразітуе на слізістай абалонцы страўніка авечак і коз, а таксама дзікіх жвачных жывёл. Харчуецца крывёю канчатковага гаспадара. Развіццё прамое, без прамежкавага гаспадара[1].
Прадстаўнікі віду маюць ніткападобную форму, самцы памерам 10-20 мм, самкі 18-30 мм. На пярэднім канцы знаходзіцца рудыментарная ротавая капсула, якая змяшчае булавападобны зубец, з дапамогай якога паразіты парушаюць крывяносныя сасуды. У абодвух полаў на канцы галавы выступаюць шыйныя сасочкі. Самцы маюць моцна развітую бурсу. Спікулы самцоў (устаўляюцца ў палавую адтуліну самкі падчас капуляцыі) кароткія (0,460-0,506 мм), масіўныя і ніткападобныя на канцы. У самак у хваставой частцы цела маецца вульва, прыкрытая клапанам. Яйцаклеткі маюць памеры 70-85 х 41 мкм і ўтрымліваюць 16-32 бластамеры[2].
Паразітуюць на буйной рагатай жывёле (Bos taurus taurus), авечках (Ovis aries) і козах (Capra aegagrus hircus). З дзікіх жывёл сустракаюцца ў такіх відаў, як зубр (Bison bonasus)[3], казуля (Capreolus capreolus), лань (Dama dama) і лось (Alces alces)[4].
Гемонхус скручаны — адна з самых патагенных нематод авечак і коз. Пры масавых заражэннях выклікае гібель ягнят і казлянят. Пры хранічных інфекцыях гэта выяўляецца анеміяй, ацёкамі, затрымкай росту і стратай вагі[1].
У чалавека інвазія гэтым геагельмінтам сустракаецца рэдка, хвароба працякае з дыспепсічнымі з’явамі. Заражэнне адбываецца праз рот.
- ↑ а б Johannes Kaufmann. Parasitic infections of domestic animals: a diagnostic manual. — Basel ; Boston: Birkhäuser Verlag, 1996. — 423 с. — ISBN 978-3-7643-5115-1, 978-0-8176-5115-2.
- ↑ JURÁŠEK, V.; DUBINSKÝ, P. Veterinárna parazitológia. Bratislava: Príroda, 1993. 382 s. ISBN 80-07-00603-6.
- ↑ Зубры Беловежской пущи / Н. Кулагин ; Московский научный институт. — Москва, 1919 (Типография «Синема»). — [2], VI, 166 с. ; 22 см. — В надзаголовке: В память 19 февраля 1861 г. — В печатной издательской обложке. — На титульном листе и отдельных страницах печать: Архангельская Областная Библиотека им. Н. А. Добролюва. — Библиография: с. III―VI. — 15 р.
- ↑ Бычкова Е. И, Акимова Л. Н., Дегтярик С. М., Якович М. М. Гельминты позвоночных животных и человека на территории Беларуси : каталог / [Е. И. Бычкова и др. ; Национальная академия наук Беларуси, Государственное научно-производственное объединение "Научно-практический центр по биоресурсам"]. — Минск: Беларуская навука, 2017. — С. 92 - 93. — 315 с. — ISBN 978-985-08-2187-4.