Генерал

Генера́л (ням.: General, ад лац.: generālis — «галоўны») — агульная назва воінскага звання або чыну вышэйшага каманднага саставу ўзброеных сіл, а таксама кіруючых асоб некаторых грамадзянскіх ведамстваў.

Упершыню чын генерала з'явіўся ва Францыі як прыстаўка да іншых чыноў (capitaine-generale, colonel-general). З XVI стагоддзя выкарыстоўваўся ў Францыі як асобны чын[1].

Пазней гэта званне запазычалі ў Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі. Падчас Трынаццацігадовай вайны з туркамі генерал выступаў у якасці галоўнакамандуючага арміяй (Generalfeldoberst). Яму падпарадкоўваліся генерал-лейтэнант і фельдмаршал. Напачатку XVII стагоддзя, калі ў якасці галоўнакамандуючага выступілі самі імператары, вышэйшым вайсковым званнем у Імперыі стала званне генерал-лейтэнанта (генералісімуса)[2]. Такім чынам, званне поўнага генерала ў Германіі больш не выкарыстоўвалася.

Падчас Трыццацігадовай вайны (1618—1648) у Свяшчэннай Рымскай імперыі сфарміравалася наступная сістэма генеральскіх званняў (выкарыстоўвалася ў Аўстрыйскай і Аўстра-Венгерскай імперыі да 1918 года):

  1. Фельдмаршал
  2. Фельдцэйхмайстар
  3. Фельдмаршал-лейтэнант
  4. Генерал-фельдвахтмайстар (пазней генерал-маёр)

Іншыя германскія дзяржавы (Брандэнбург-Прусія, Саксонія, Баварыя, Гановер) выкарыстоўвалі іншую сістэму:

  1. Генерал-фельдмаршал ці фельдмаршал
  2. Генерал роду войскаў
  3. Генерал-лейтэнант
  4. Генерал-маёр

У канцы XVII стагоддзя — пачатку XVIII стагоддзя некаторыя германскія дзяржавы выкарыстоўвалі званне генерал-аншэфа.

У XIX стагоддзі з'явілася званне генерал-палкоўнік, якое было вышэйшым за генерала роду войскаў і ніжэйшым за генерал-фельдмаршала.

У Расіі ўпершыню званне генерала згадваецца ў 1654 годзе: яно было прысвоена А. Леслі за ўзяцце Смаленска[3]. Паралельна ў расійскай арміі існавала ўласная сістэма воінскіх званняў (ваявода і іншыя). Пры цары Фёдары Аляксеевічы з'явілася званне генерала для расійскіх военачальнікаў — думны генерал.

Пётр I правёў рэформу, якой увёў такія званні як генерал-фельдмаршал, генералы родаў войскаў (генерал-фельдцэйхмайстар, генерал ад інфантэрыі, генерал ад кавалерыі), а таксама генерал-аншэф. Колькасць гэтых асоб была вызначана ў 1711 годзе Табелем аб рангах, які неаднаразова пазней дапаўняўся і змяняўся.

Акрамя таго, ён увёў шматлікія пасады з прыстаўкай «генерал»: генерал-крыгскамісар, генерал-кватэрмайстар, генерал-вагенмайстар, генерал-аўдытар і іншыя.

Напачатку XX стагоддзя ва ўзброеных сілах Расіі званню поўнага генерала адпавядалі чыны генерал ад інфантэрыі, ад кавалерыі, ад артылерыі, а таксама інжынер-генерал.

Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года скасавала чыны і тытулы, у тым ліку чын генерала. У узброеных сілах СССР генеральскія вайсковыя званні былі ўведзены Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 7 мая 1940 года.

Зноскі