Дзяржаўны Герб Замбіі быў прыняты 24 кастрычніка 1964 г., калі рэспубліка атрымала незалежнасць. Для герба Замбіі быў узяты за аснову герб Калоніі Паўночная Радэзія (назва Замбіі да 1964 года), які бярэ свой пачатак у 1927 годзе. Арол, намаляваны на гербе, — гэта сімвал свабоды, які ўяўляе сабой цяжкасці заваявння свабоды Замбіяй і нацыянальныя надзеі на будучыню. Шчыт — сімвал Вадаспаду Вікторыя з белай вадой, якая льецца каскадам па чорнай скале. Чорны колер адлюстроўвае ў сімвалічнай форме афрыканскае насельніцтва і яго повязь з ракой Замбезі, якая дала назву дзяржаве Замбія. На гербе таксама ёсць схематычныя выявы (эмблемы) прыродных рэсурсаў Замбіі: карысныя выкапні і горная прамысловасць, сельская гаспадарка і дзікая прырода. Шчыт апраўлены двума фігурамі, якія прадстаўляюць мужчыну і жанчыну.
Дэвіз краіны — «Адна Замбія, Адна Нацыя» (анг. One Zambia, One Nation), што падкрэслівае яе мірныя прынцыпы існавання і мірнае аб’яднанне розных плямёнаў.
Герб Замбіі вельмі падобны на герб Федэрацыі Радэзіі і Ньясаленда 1954—1963.