Гетэрозіс

Гетэрозіс — паскарэнне росту і павелічэнне памераў, павышэнне жыццястойкасці і пладавітасці гібрыдаў першага пакалення пры розных скрыжаваннях як жывёл, так і раслін. У другім і наступных пакаленнях гетэрозіс звычайна згасае. Адрозніваюць гетэрозіс сапраўдны — здольнасць гібрыдаў пакідаць вялікую колькасць пладавітых нашчадкаў, і гігантызм — павелічэнне ўсяго гібрыднага арганізма або асобных яго частак. Гетэрозіс выяўлены ў разнастайных мнагаклетачных жывёл і раслін (у тым ліку і самаапыляльнікаў). Падобныя з гетэрозісам з’явы назіраюцца пры палавым працэсе і ў некаторых аднаклетачных. У сельскагаспадарчых жывёл і вырошчваемых раслін гетэрозіс нярэдка прыводзіць да значнага павышэння прадукцыйнасці і ўраджайнасці.

Гетэрозіс і адваротная яму інбрэдная дэпрэсія (інбрыдынг) былі вядомыя яшчэ старажытным грэкам, у прыватнасці Арыстоцелю. Першыя навуковыя даследаванні гетэрозісу ў раслін праведзены нямецкім батанікам І. Кельрэйтэрам (1760). Чарлз Дарвін абагульніў назіранні аб карысці скрыжаванняў (1876). Тэрмін «Гетэрозіс» прапанаваў амерыканскі генетык Г. Шэл (1914); ён першы атрымаў «двайныя» міжлінейныя гібрыды кукурузы. Асновы метаду прамысловага вырошчвання гэтых гібрыдаў распрацаваў Д. Джонс (1917 г.). Выкарыстанне гібрыдызацыі ў сельскай гаспадарцы пашыраецца з году ў год, што стымулюе і тэарэтычныя даследаванні гетэрозісу. Асобіны з моцна выяўленым гетэрозісам маюць перавагі пры натуральным адборы, і таму праявы гетэрозісу ўзмацняюцца, што спрыяе павелічэнню генетычнай зменлівасці. Нярэдка ўзнікаюць ўстойлівыя генетычныя сістэмы, якія забяспечваюць пераважнае выжыванне гетэразігот па многіх генах.