Гарадскі пасёлак
Глуск
| ||||||||||||||||||||||||||||||
Глуск[2] (трансліт.: Hlusk) — гарадскі пасёлак у Магілёўскай вобласці Беларусі, цэнтр Глускага раёна, на рацэ Пціч. Вузел аўтадарог на Бабруйск, Старыя Дарогі, Любань, Акцябрскі. За 170 км ад Магілёва. Насельніцтва 7 152 чал. (2017)[3].
На думку беларускага географа В. Жучкевіча тапонім «Глуск» утварыўся ў выніку трансфармацыі словаў глух, глуш[4].
Тапонім «Глуск» у пісьмовых крыніцах пачынае сустракацца з другой паловы XV стагоддзя. Першым гаспадаром вотчыны з цэнтрам Стары Глуск (з XIX стагоддзя — Гарадок) быў Юрый Сямёнавіч Гальшанскі. Пасля яго смерці валоданні былі падзелены паміж яго спадкаемцамі. Каля 1520 года Юрый Іванавіч Гальшанскі-Дубровіцкі выдзеліў сваю частку ў асобнае валоданне з цэнтрам Глуск-Дубровіцкі, які ўпершыню згадваецца ў каралеўскім прывілеі 1522 года на заснаванне замка.
У 1525 годзе яно атрымала ад вялікага князя Жыгімонта Старога прывілей на правядзенне кірмашоў. Пасля смерці Юрыя Іванавіча Глускам Дубровіцкім валодалі спачатку яго сыны Януш і Уладзімір, потым Сямён, якія ўсе памерлі беспатомнымі. У 1558 годзе ўся рухомая і нерухомая маёмасць князёў Гальшанскіх-Дубровіцкіх была падзелена паміж дочкамі Юрыя Іванавіча — князёўнамі Гальшанскімі Анастасіяй Заслаўскай і Соф’яй Палубінскай. Гэты падзел замацаваны лістом Жыгімонта Аўгуста ад 23 мая 1558 года. Пасля смерці Анастасіі ў 1561 годзе яе доля перайшла ўнукам Янушу і Міхаілу Заслаўскім, якія праз 10 гадоў саступілі палову сваёй часткі цётцы Ганне Чартарыйскай, дачцэ княгіні Анастасіі, якая ў 1581 годзе выкупіла ў пляменнікаў і іх палову. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Глуск увайшоў у Новагародскі павет (Слуцкае княства) Новагародскага ваяводства. У 1568 годзе Ян Хадкевіч атрымаў тытул «графа на Шклове, Быхаве, Мышы і Глуску». Станам на 1571 год у мястэчку было 124 дамы і 12 крам[5].
У канцы XVI стагоддзя Глускам супольна валодалі Палубінскія і Чартарыйскія. У 1626 годзе Мікалай Юрый Чартарыйскі прадаў сваю частку Глуска Канстанціну Палубінскаму, які зрабіўся адзіным яго ўладальнікам. У вайну 1654—1667 гадоў у сакавіку 1655 года мястэчка «агнём і мячом датла» разбурылі казакі[6], пасля вайны ўлады Рэчы Паспалітай вызвалілі Глуск ад падаткаў тэрмінам на 10 гадоў[5]. Пасля пажару замак, умацаваны гароднямі, у 1670-х гадах быў пераўтвораны ў замак з землянымі валамі і пяццю бастыёнамі. У 1667 годзе князь Палубінскі заснаваў у мястэчку кляштар бернардзінцаў. У 1673 годзе Глуск атрымаў паўторнае вызваленне ад падаткаў яшчэ на 12 гадоў. Па смерці князя Палубінскага мясцовасць перайшла да яго дачкі Ганны, жонцы Дамініка Мікалая Радзівіла. З гэтага часу і да канца XVIII стагоддзя Глуск знаходзіўся ва ўладанні Радзівілаў, пры якіх Глуская воласць мела назву «графства». У 1775 годзе мястэчка пацярпела ад пажару. У 1791 годзе яно ўвайшло ў Случарэцкі павет Навагрудскага ваяводства.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Глуск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Бабруйскім павеце. З 1800 года мясцовасць знаходзілася ва ўладанні графа Юдзіцкага, пазней перайшла да Бжастоўскіх.
Станам на 1897 год у Глуску было 500 дамоў; працавалі народнае вучылішча, гарбарныя мануфактуры, 22 крамы; дзейнічалі 2 царквы, касцёл, 5 сінагог. У Першую сусветную вайну цягам лютага — снежня 1918 года мястэчка займалі нямецкія войскі.
1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Глуск увайшоў у склад Беларускай ССР. У 1924 годзе Глуск стаў цэнтрам раёна (у 1962—1966 гадах уваходзіў у склад Бабруйскага раёна). 17 верасня 1938 года паселішча атрымала афіцыйны статус гарадскога пасёлка.
У Другую сусветную вайну з 28 чэрвеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года Глуск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
Прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай прамысловасці.
Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі.
У Глуску працуюць 3 сярэднія, санаторная школа-інтэрнат, школа мастацтваў.
Медыцынскія паслугі аказвае пасялковая бальніца .
У пасёлку выдаецца раённая газета «Радзіма».
Спыніцца можна ў гасцініцы «Глуск»[10].
Пасля апошняй вайны ў Глуску галоўным чынам будаваліся драўляныя хаты сядзібнага тыпу. Пазней, паводле генеральнага плана сфарміраваліся паўночная жылая і паўднёвая прамысловая зоны, дзе ў наш час працуюць 8 прадпрыемстваў.
Страчаная спадчына: