Гравітацы́йны кала́пс — катастрафічна хуткае сцісканне масіўных цел пад уздзеяннем гравітацыйных сіл. Гравітацыйным калапсам можа завяршацца эвалюцыя зорак з масай звыш трох сонечных мас. Пасля вычарпання ў такіх зорках матэрыялу для тэрмаядзерных рэакцый яны губляюць сваю механічную ўстойлівасць і пачынаюць з павялічанай скорасцю сціскацца да цэнтра. Калі ўнутраны ціск, які расце, спыняе гравітацыйнае сцісканне, то цэнтральная вобласць зоркі становіцца звышшчыльнай нейтроннай зоркай, што можа суправаджацца скідваннем абалонкі і назірацца як успышка звышновай зоркі. Аднак калі маса зоркі перавысіць граніцу Опенгеймера — Волкава, то калапс працягнецца да яе пераўтварэння ў чорную дзірку.