Грайфсвальд
Greifswald
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Гра́йфсвальд, або Грэ́йфсвальд (ням.: Greifswald [ˈɡʁaɪfsvalt], н.-ням.: Griepswohld) — універсітэцкі горад зямельнага падпарадкавання ў Германіі, у зямлі Мекленбург — Пярэдняя Памеранія. Размешчаны ў 30 км на паўднёвы ўсход ад Штральзунда на беразе Грайфсвальдскага заліва, у вусці ракі Рык.
Горад падраздзяляецца на 16 гарадскіх раёнаў. Насельніцтва складае 53 434 чалавека (на 31 снежня 2006 года). Займае плошчу 50,50 км². Афіцыйны код — 13 0 01 000.
У XII стагоддзі непадалёк ад сучаснага горада, у землях руян, будуецца багатае абацтва Эльдэна. Яго маляўнічыя разваліны ўславіў грайфсвальдзец Каспар Давід Фрыдрых такімі палотнамі, як «Абацтва ў дубовым лесе». Сам горад упершыню згаданы пад 1209 годам як кірмашовае мястэчка. У 1250 годзе ён атрымаў правы горада і яшчэ праз 30 гадоў уступіў у склад Ганзы. У часы Сярэднявечча ператварыўся ў буйны порт Паўднёвай Балтыкі. З 1648 года па 1815 год, як і ўся Шведская Памеранія, кіраваўся са Стакгольма. Рашэннем Венскага кангрэса (1815) перададзены прускай кароне.
З Грайфсвальдам звязаны незвычайны эпізод Другой Сусветнай вайны — 30 красавіка 1945 года горад быў здадзены Чырвонай арміі без бою. Кашталян горада, кавалер Рыцарскага крыжа оберст Рудольф Петэрсхаген, які змяніў свае палітычныя погляды яшчэ пасля ўдзелу ў Сталінградскай бітве, палічыў, што чым весці чарговы бой, калі даўно ўжо вядомы зыход вайны, лепш захаваць горад і жыцці людзей, якія жылі ў ім. Дэлегацыя парламенцёраў з Грайфсвальда, арганізаваная оберстам Петэрсхагенам, у ноч на 30 красавіка ўсталявала кантакт з камандаваннем савецкай Лужскай ордэна Суворава II ступені стралковай дывізіі пад камандваннем генерала С. М. Баршчавога. Пасля ўзгаднення ўмоў капітуляцыі гарнізона савецкія войскі суправадзілі парламенцёраў назад у Грайфсвальд, знішчыўшы групу нацыстаў, якія спрабавалі сарваць гэтыя перамовы. Днём 30 красавіка ў ратушы горада адбылася цырымонія капітуляцыі грайфсвальдскага гарнізона; оберст Петэрсхаген выступіў з прамовай, у якой асабліва падкрэсліў, што яго матывацыя перадачы горада выклікана не тым, што ён з'яўляецца праціўнікам нацысцкага рэжыму, а імкненнем захаваць горад і яго насельніцтва ад жахаў вайны. У гэты дзень у школах і ўніверсітэце працягваліся заняткі, у горадзе панаваў парадак; з боку чырвонаармейцаў марадзёрства і гвалту не было. Пасля былы кашталян быў ганараваны звання ганаровага грамадзяніна Грайфсвальда, да канца жыцця ён займаў невялікую пасаду ў адміністрацыі горада.
У Грайфсвальдзе размешчаны крайні пункт газаправода Паўночны паток.