Грамадзянства — палітыка-прававая прыналежнасць асобы да пэўнай дзяржавы. На грамадзяніна пашыраецца суверэнітэт гэтай дзяржавы і ён карыстаецца дзяржаўнай аховай сваіх правоў і законных інтарэсаў як унутры краіны, так і па-за яе межамі. У манархічных дзяржавах паняццю «грамадзянства» адпавядае тэрмін «падданства». Парадак набыцця або страты грамадзянства рэгулюецца заканадаўствам кожнай дзяржавы. Заканадаўства пераважнай большасці дзяржаў адрознівае набыццё грамадзянства пры нараджэнні (філіяцыя), у парадку натуралізацыі або ўкаранення. Пры вырашэнні пытання аб набыцці грамадзянства пры нараджэнні выкарыстоўваецца два прынцыпы: нацыянальны (т.зв. «прынцып права крыві»), паводле якога грамадзянства дзіцяці залежыць ад грамадзянства бацькоў, і тэрытарыяльны (т.зв. «прынцып права глебы»), калі грамадзянства абумоўлена месцам нараджэння і не звязана з грамадзянствам бацькоў. У заканадаўстве большасці замежных краін спалучаюцца два гэтыя прынцыпы з выкананнем пэўных абавязковых умоў.
Замяніла грамадзянства БССР.
Паводле закона Беларусі «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 18.10.1991 яе грамадзянамі з'яўляюцца асобы, якія пастаянна жылі на тэрыторыі Беларусі на дзень уступлення ў сілу гэтага закона, і асобы, якія набылі беларускае грамадзянства ў адпаведнасці з гэтым законам. У Беларусі грамадзянства з'яўляецца роўным для ўсіх грамадзян дзяржавы, незалежна ад падстаў яго набыцця, ніхто з іх не можа быць пазбаўлены грамадзянства або адвольна пазбаўлены права змяніць грамадзянства. Падставы і парадак набыцця грамадзянства, яго спынення, змянення і іншае вызначаны заканадаўствам. Дакументам, які сведчыць аб беларускім грамадзянстве, з'яўляецца пашпарт грамадзяніна Беларусі.