Гудаера паўзучая[1], культанка[2] (Goodyera repens) — шматгадовая травяністая расліна; тыпавы від роду Гудаера (Goodyera), сямейства архідных (Orchidaceae).
Гэта паўзучая расліна, якая выпускае ўверх адзіночнае тонкае сцябло, у верхняй частцы якога ўлетку з’яўляюцца кветкі, размешчаныя па спіралі. Кветкі паварочваюцца да сонца на працягу дня.
Як і іншыя архідныя, Гудаера паўзучая ўтварае мікарызу з грыбамі (роду Rhizoctonia у дадзеным выпадку). Мікарыза дапамагае расліне паглынаць і засвойваць пажыўныя рэчывы.
Від апыляецца чмялямі, але можа размнажацца і вегетатыўна.
Насенне, верагодна, самае маленькае сярод усіх знешнетрапічных архідэй; маса семачкі складае каля 0,000002 г, што дазваляе пераносіць насенне з месца на месца слабымі паветранымі плынямі[3].
Гудаера паўзучая расце ў ізаляваных месцах у лясах і балотах Еўропы. Гэта рэдкая расліна, але самая часта сустракаемая з архідных у Скандынавіі. Яна таксама сустракаецца ў Канадзе і на поўначы Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэта ахоўны від на большай частцы свайго арэалу. Ён не выжывае пасля лясных пажараў і не сустракаецца пасля пажару або высечкі лесу. Як правіла, сустракаецца толькі ў лясах, якім па меншай меры 95 гадоў.
Зноскі
- ↑ Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 61. — 160 с. — 2 350 экз.
- ↑ Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
- ↑ Г. М. Абдурахманов, Д. А. Криволуцкий, Е. Г. Мяло, Г. Н. Огуреева. Бореальные хвойные леса // Биогеография. — М.: Академия, 2003. — ISBN 5-7695-0976-7.(недаступная спасылка)
- Гудайера ползучая: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.)