«Гэтае цудоўнае жыццё» (англ.: It’s a Wonderful Life) — амерыканская калядная фантастычная кінадрама рэжысёра Фрэнка Капры, прадстаўленая ў 1946 годзе. Фільм заснаваны на апавяданні Філіпа ван Дорэна Стэрна «Велічэзны падарунак» (англ.: The Greatest Gift), напісаным у 1939 і апублікаваным у 1945 годзе[11]. Дзякуючы частым тэлевізійным паказам у 1980-я гады і папулярнасці ў кінатэатрах фільм у ЗША рэгулярна праглядаюць у калядны перыяд.
Галоўны персанаж, Джордж Бейлі (Джэймс Сцюарт) — мужчына, які адмовіўся ад уласных мараў дзеля дапамогі іншым, і чыё немінучае самагубства наконадні Раства выклікае ўмяшанне яго анёла-ахоўніка, Кларэнса Одбадзі (Генры Трэверс). Кларэнс паказвае Джорджу лёсы ўсіх тых людзей, каму той дапамог, і як бы змянілася жыццё ў яго мястэчку Бэдфард Фолз, калі б Джордж не з’явіўся на свет.
Нягледзячы на нязначныя напачатку прыбыткі з-за высокага кошту вытворчасці і жорсткае канкурэнцыі ў час выхаду, фільм стаў класікай кінематографа[12][13]. У пракаце ён не дабраў нават 6,3 мільёнаў, неабходных дзеля самаакупнасці.
Намінаваны на пяць прэмій Акадэміі, у тым ліку за найлепшы фільм, уключаны ў 100 найлепшых амерыканскіх фільмаў усіх часоў Амерыканскага кінаінстытута[11] і займае 1-е месца ў спісе найбольш натхняльных амерыканскіх фільмаў усіх часоў[14].