Гідрааэрамеханіка

Гідрааэрамеха́ніка (ад гідра… + аэрамеханіка) — раздзел механікі, які вывучае законы руху і раўнавагі вадкасцей і газаў, а таксама іх узаемадзеянне паміж сабой і з межавымі паверхнямі цвёрдых цел. Вадкасці і газы разглядаюцца як суцэльнае асяроддзе (без уліку малекулярнай будовы).

Падзяляецца на тэарэтычную і эксперыментальную; уключае гідрамеханіку, аэрамеханіку, газавую дынаміку, пытанні абгрунтавання эксперыментаў і выкарыстання іх вынікаў разглядаюцца ў тэорыі падобнасці і ў мадэліраванні.

Вынікі даследаванняў па гідрааэрамеханіцы выкарыстоўваюцца ў ракетна-касмічнай, авіяцыйнай і іншай тэхніцы, пры будаўніцтве суднаў, турбін, гідратэхнічных збудаванняў і іншага.

Станаўленне гідрааэрамеханікі як навукі звязана з працамі Л. Эйлера (атрымаў ураўненні руху ідэальнай вадкасці і ўраўненне неразрыўнасці) і Д. Бернулі (устанавіў суадносіны паміж ціскам вадкасці і яе кінетычнай энергіяй; гл. ураўненне Бернулі). У работах Ж. Лагранжа, А. Кашы, Г. Кірхгофа, Г. Гельмгольца, Дж. Стокса, М. Я. Жукоўскага, С. А. Чаплыгіна і іншых распрацаваны аналітычныя метады даследаванняў безвіхравых і віхравых цячэнняў ідэальнай вадкасці, руху цел у вадкасцях і газах і іншае. Асноўнае дасягненне гідрааэрадынамікі 19 ст. — пераход да даследаванняў руху рэальнай (вязкай) вадкасці, які падпарадкоўваецца ўраўненням Наўе—Стокса; нямецкі вучоны Л. Прандтль распрацаваў тэорыю пагранічнага слоя (1904).

Тэарэтычныя метады гідрааэрамеханікі грунтуюцца на дакладных (ці прыбліжаных) ураўненнях, якія апісваюць цячэнне вадкасці (газу); выкарыстанне ЭВМ дазваляе рашаць складаныя сістэмы ўраўненняў з улікам многіх фактараў.

На Беларусі праблемы гідрааэрамеханікі распрацоўваюць у Інстытуце цепла- і масаабмену, Інстытуце фізікі НАН Беларусі, БДУ, БНТУ.

  • Гідрааэрамеханіка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. С. 222.
  • Ландау Л. Д., Лифшиц Е. М. Теоретическая физика. Т. 6. Гидродинамика. 4 изд. М., 1988.
  • Прандтль Л. Гидроаэромеханика: Пер. с нем. М., 1949.
  • Седов Л. И. Механика сплошной среды. Т. 1—2. 4 изд. М., 1983—84.