Гіндукуш | |
---|---|
Краіны | |
Даўжыня | 1 200 км |
Шырыня | 240 км |
Найвышэйшая вяршыня | Тырычмір |
Найвышэйшы пункт | 7699 м |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гіндуку́ш (пушту: هندوکش, урду: سلسلہ کوہ ہندوکش) — горная сістэма ў Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі, у Афганістане, Пакістане і Індыі. Найвышэйшы пункт — гара Тырычмір (у Пакістане).
Даўжыня каля 800 км, шырыня 50—350 км. Цягнецца з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, утварае водападзел паміж басейнамі рэк Амудар’я, Інд і Гільменд. Асноўныя хрыбты — Баба, Пашан і ўласна Гіндукуш, які падзяляецца на Заходні, Цэнтральны і Усходні. Заходні Гіндукуш (вышыні 3500 — 4000 м), мае рысы сярэдневысокіх апустыненых гор. Хрыбты Цэнтральнага Гіндукуша (выш. да 6059 м) знаходзяцца на ўсход і паўночны ўсход ад горада Кабул. Усходні Гіндукуш самы высакагорны (вышыня больш за 6000 м), з магутнымі сучаснымі зледзяненнямі (плошча каля 6200 км²). Заходні працяг Гіндукуша — горы Парапаміз.
Сфарміраваўся Гіндукуш у працэсе альпійскай складкавасці. Восевая зона складзена з дакембрыйскіх метамарфічных парод (гнейсаў, крышталічных сланцаў і кварцытаў), па перыферыі — з палеазойскіх вапнякоў і гліністых сланцаў. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жалезныя і поліметалічныя руды, берылій, золата, лазурыт, барыт, сера, графіт, цэлесцін, тальк.
Клімат кантынентальны, сухі, з добра выяўленай вертыкальнай пояснасцю, ад паўпустыннага і стэпавага паясоў у перадгор’ях і шырокіх міжгорных далінах да высакагорнага нівальнага. Ападкаў 300—800 (на паўднёым усходзе — 1000 м) за год. Рэкі Гіндукуша маюць горны характар, вяснова-летнія паводкі, абумоўленыя снегава-ледавіковым жыўленнем.
Горныя пустыні з рэдкімі калючымі хмызнякамі або сухі стэп; на паўднёва-ўсходніх схілах — участкі лістападных, шыракалістых і хвойных лясоў, на высокіх пласкагор’ях — ландшафты халодных пустынь. Жывёльны свет: снежны барс, горны воўк, леапард, горны і безааравы казлы, маркхоры, куку-яманы і інш.; на паўднёвым усходзе — гімалайскі мядзведзь, рысь, куніца, дзік і інш.; з птушак — грыф, тыбецкі улар, горны гусак.