Гі́пнум (Hypnum) — род імхоў сямейства гіпнавых.
Адна- і двухдомныя, звычайна буйныя, радзей дробныя, меза- і ксерафільныя лістасцябловыя імхі. Дзярнінкі зялёныя ці жаўтавата-зялёныя, больш або менш шаўкавіста-бліскучыя. Сцябло ляжачае ці ўзнятае, 2—10 см даўжынёй, перыста-разгалінаванае, радзей простае, парасткі з кручкаватымі канцамі. Лісце серпападобнае, яйцападобна- або падоўжана-ланцэтнае. Спарагоны на бакавых галінках. Каробачка са спорамі на доўгай ножцы, падоўжана-эліпсападобная ці цыліндрычная. Перыстом двайны. Вечка з бародаўкай або дзюбкай.
Вядома звыш 60 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах Паўночнага паўшар’я. На Беларусі найбольш часта ў лясах пры аснове дрэў, на гнілой драўніне, глебе, камянях расце гіпнум кіпарысападобны (Hypnum cupressiforme); радзей трапляюцца гіпнум бледнаваты (Hypnum pallescens), гіпнум пладучы (Hypnum fertile), гіпнум расстаўлены (Hypnum imponens).