Шматгадовая расліна вышынёй 30—100 см. Сцябло баразнаватае, з вузкімі крылатымі рэбрамі, простае або галінастае ў верхняй частцы. Ніжняе і прыкаранёвае лісце шматразова перыста-рассечанае, на доўгіх чарашках. Верхняе лісце больш дробнае, менш рассечанае і амаль сядзячае. Кветкі белыя або чырванаватыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік (пры высыханні распадаецца на дзве палавінкі).
Расліна распаўсюджана на тэрыторыі Еўропы і Азіі. Заносны від на тэрыторыі Паўночнай Амерыкі. Расце на ўзлесках, на лугах, берагах вадаёмаў, у хмызняках. Цвіце ў чэрвені—жніўні, насенне выспявае ў верасні.