Гісторыя Канады — значныя падзеі ўзнікнення, фарміравання і развіцця сучаснай дзяржавы Канада.
Засяленне чалавекам тэрыторыі Канады пачалося пасля раставання Лаўрэнційскага і Кардыльерскага ледніковых шчытоў, якія пакрывалі яе практычна цалкам (каля 12 тыс. гадоў назад).
Найбольш старажытныя археалагічныя помнікі (Олд-Кроў, Блуфіш-Кейв) адносяцца да так званага палеаіндзейскага перыяду (11,5–8 тыс. гадоў таму).
Для так званага архаічнага перыяду (8-2 тыс. гадоў таму) можна казаць пра існаванне некаторых археалагічных культур на паўночна-заходнім узбярэжжы, у паўночнай частцы ўзбярэжжа Гудзонава заліва (напр., культура Дорсет), каля Вялікіх азёр, у даліне ракі Святога Лаўрэнція.
Прыблізна на мяжы новай эры на шырокай тэрыторыі Канады распаўсюдзіліся лакальныя варыянты культуры Вудленд, з’явілася кераміка, у некаторых раёнах пачало развівацца земляробства (кукуруза, фасоля, гарбуз). На ціхаакіянскім узбярэжжы атрымалі распаўсюджванне формы гаспадаркі, заснаванай на рыбалоўстве (у першую чаргу сезонны промысел ласося), паляванні на наземных і марскіх жывёл і збіральніцтве.
Карэнныя народы Канады: Эскімосы, Алганкіны, Іракезы[1].
Упершыню еўрапейцы дасягнулі межаў цяперашняй Канады на мяжы Х і ХІ стагоддзяў — гэта былі вікінгі са Скандынавіі. На востраве Ньюфаўндленд імі было заснавана пастаяннае селішча. Якога-небудзь уплыву на наступнае развіццё Канады вікінгі не аказалі[2].
24 чэрвеня 1497 года Giovanni Caboto (Джон Кабат), італьянец на службе англійскага караля, высадзіўся на ўзбярэжжы Ньюфаўндленда і абвясціў гэтыя землі англійскім валоданнем[1].
У 1534 годзе французскі даследчык Жак Карцье даследуе заліў Святога Лаўрэнція і на паўвостраве Гаспэ ўсталёўвае 10-метровы крыж са словамі «доўгія гады каралю Францыі», такім чынам аслупоўваючы гэтую зямлю, названую ім Новай Францыяй, за сваёй радзімай. Трэба адзначыць, што пасяленні XVI ст. існавалі нядоўга: бедная паўночная прырода не пасылала багатага ўмалоту, а трывалыя сувязі з Еўропай не ўсталяваліся.
У 1583 годзе сэр Хэмфры Гільберт згодна з прэрагатывай каралевы Лізаветы I засноўвае пасяленне Сент-Джонс на востраве Ньюфаундленд — першую брытанскую калонію ў Канадзе (раней чым у ЗША!). У 1603 годзе пачынаецца канадская старонка біяграфіі французскага падарожніка Самюэля Шамплейна, які ў 1605 засноўвае Порт-Раял (Новая Шатландыя), а ў 1608 — Квебек. Спачатку французская каланізацыя распаўсюджвалася на Акадыю (вобласць паўвострава Новая Шатландыя і сучаснага Нью-Брансуіка), з цягам часу каланісты прасунуліся да вярхоўяў Святога Лаўрэнція, ажно да Вялікіх азёр.
Каталікі і траперы асвойвалі ваколіцы Гудзонава заліва, сваім промыслам вывеўшы Канаду ў сусветныя лідары вытворцаў каштоўнага футра. Менавіта праз футра перыяд 1640—1701 быў адзначаны Бабровымі войнамі — серыяй канфліктаў паміж канфедэрацыяй індзейцаў-іракезаў з іншымі індзейцамі, якім дапамагала Францыя. Узрастала напружанасць і паміж вялікімі дзяржавамі. У 1688—1763 ў Паўночнай Амерыцы адбыліся 4 англа-французскія канфлікты. У выніку апошняга — падчас еўрапейскай Сямігадовай вайны — Францыя страціла ўсе канадскія калоніі, што было занатавана ў Парыжскім мірным дагаворы 1763 года. У тым жа дзесяцігоддзі Канада была падзелена на правінцыі, найбуйнешай з якіх стаў Квебек. Каб папярэдзіць магчымыя канфлікты ў Квебеку, англічане Квебецкім актам 1774 года пашырылі тэрыторыю правінцыі да Вялікіх азёр і даліны Агая. Улагоджаныя Квебекцы, якім вярнулі афіцыйную французскую мову і каталіцкую веру, не пайшлі праз два гады следам за трынаццацю калоніямі супраць Брытанскай кароны. З іншага боку, Квебецкі акт стаў каталізатарам вайны за незалежнасць ЗША. Пасля ўтварэння ЗША у Канаду лінуў паток лаялістаў — тых, хто змагаўся супраць незалежнасці 13 калоній. Гэта паўплывала на размеркаванне насельніцтва ў краіне. У выніку Нью-Брансуік вылучыўся са складу Новай Шатландыі, а Сент-Джон стаў першым канадскім горадам. У 1791 калонія на захад ад Нью-Брансуіка была падзелена на франкамоўную Ніжнюю Канаду (Квебек) і англамоўную Верхнюю Канаду (пазней — Антарыа) і пад агульнай назвай The Canadas.
У 1812 Канада стала галоўнай арэнай ваенных дзеянняў англа-амерыканскай вайны. Мірны дагавор 1815 закрыў палітычныя амбіцыі ЗША па авалоданні тэрыторыяй Канады і ўзнавіў прыток мігрантаў з Брытанскіх астравоў. У 1815—1850 у Канаду перасялілася 960 000 брытанцаў. Асабліва магутнай была ірландская хваля, узнятая страшэнным голадам 1845-49 гг.. На тле эканамічнага крызісу і нежадання брытанскіх уладаў праводзіць рэформы, а таксама вечнага франка-брытанскага супрацьстаяння, успыхнулі паўстанні 1837-38 гадоў. Гэта падштурхнула англічан стварыць Адказны ўрад (1849) і паскорыць асіміляцыю франкамоўных канадцаў: у 1840-м «Акт саюзу» аб’яднаў Верхнюю і Ніжнюю Канады ў Брытанскую Паўночную Амерыку.
У 1846 годзе Арэгонскі дагавор канчаткова вызначыў мяжу паміж Брытанскай Паўночнай Амерыкай і ЗША, якая з таго часу на захад ад Верхняга возера і ажно да праліва Георга ідзе раўнютка па 49 паралелі; і дазволіў брытанцам уключыць у склад калоніі Брытанскую Калумбію і востраў Ванкувер. У 1867 Вялікабрытанія выразіла намер набыць у Расіі і далучыць да Канады Аляску, аднак гэты ладны паўночны кавалак у тым жа годзе перахапілі ЗША, і, нягледзячы на тое, што заставалася правесці дэмаркацыю і вырашыць колькі пытанняў, сучасныя межы Канады былі акрэслены.
1 ліпеня 1867 года прыняты пасля некалькіх канферэнцый Канадскі акт абвясціў стварэнне з трох правінцый — Канада, Новая Шатландыя і Нью-Брансуік — Канадскай канфедэрацыі. Пры гэтым правінцыя Канада зноў падзялілася — цяпер на Антарыа і Квебек. Новы дамініён з чатырох правінцый не ахопліваў і пятай часткі сучанай Канады, аднак паступова да яго прырошчваліся новыя землі. Неўзабаве былі далучаны зямля Руперта і Паўночна-Заходнія тэрыторыі. Паўстанне Рэд-Рывер вылілася ў стварэнне правінцыі Манітоба ў 1870 годзе. Праз год 1871 да Канады далучылася Брытанская Калубія, у 1873 — востраў Прынца Эдуарда. Цягам наступных трох дзесяцігоддзяў існуючыя правінцыі пашыраліся, а са складу Паўночна-Заходніх тэрыторый вылучаліся новыя правінцыі.
У 1871—1896 чвэрць насельніцтва Канады пераехала ў ЗША. Каб стымуляваць асваенне еўрапейскімі мігрантамі — на той час ужо стракатай шматэтнічнай групай — неабсяжнага і дзікага захаду, улады ініцыявалі будаўніцтва Канадскай Ціхаакіянскай чыгункі, што адкрыла перасяленцам шлях у прэрыі. У 1898 падчас залатой ліхаманкі на Кландайку была створана тэрыторыя Юкан. Альберта і Саскачэван сталі правінцыямі ў 1905.
Паколькі Вялікабрытанія згодна з актам 1867 працягвала кантраляваць знешнюю палітыку Канады, у 1914 краіна кляновых лісцяў была аўтаматычна ўцягнута ў Першую Сустветную вайну. Канадскія валанцёры, што паехалі на Заходні фронт, сталі асновай для фарміравання Канадскага корпуса, які праславіўся ў 1917 у бітве пры Вімі. Гэты ж год адзначыўся Крызісам вайсковага прызыву, калі тысячы канадцаў (асабліва, франка-), выйшлі на вуліцы, выказваючы нежаданне паміраць на палях Еўропы. З 625 000 канадцаў-удзельнікаў той вайны каля 60 000 загінулі, 172 000 былі паранены. Удзел у вайне пашырыў міжнародную ролю Канады, у прыватнасці, у 1919 яна нароўні з Вялікабрытаніяй стаяла ля вытокаў Лігі Нацый.
У 1931 Вэстмінстэрскі статут даў Канадзе шырокія правы, ператварыўшы яе ў дэ-факта незалежную дзяржаву. Вялікая дэпрэсія вельмі балюча адгукнулася канадскай эканоміцы. З іншага боку, крызіс паспрыяў стварэнню сістэмы ўсеагульнага сацыяльнага дабрабыту ў 1940-х — 1950-х (ініцыятарам і натхняльнікам выступіў палітык і святар Томі Дуглас, губернатар Саскачэвана).
10 верасня 1939 года Канада — праз 7 дзён пасля Вялікабрытаніі, каб падкрэсліць сваю незалежнасць — аб’явіла вайну фашысцкай Германіі. У саюзных аперацыях было задзейнічана каля мільёна канадцаў, з іх 42 000 загінулі, 55 000 атрымалі раненні. Канадцы паўдзельнічалі ў няўдалай бітве за Дзьеп 1942 г., паспяховых вызваленні Італіі, высадцы ў Нармандыі і бітве за Нармандыю, бітве на Шэльдзе 1944 г. Падчас вайны Канада дала прытулак галандскай каралеўскай сям’і. За гэта і за ўдзел у вызваленні Нідэрландаў Галандыя шчодра адплаціла Канадзе крэдытамі і інвестыцыямі. Вайна прынесла Канадзе не толькі чалавечыя ахвяры, але і небывалы прамысловы бум.
У 1949, пасля двух складаных рэферэндумаў, да Канады ў якасці дзясятай правінцыі далучыўся Ньюфаўндленд. Пасляваенныя дзесяцігоддзі былі адзначаны эканамічнымі поспехамі, ростам сацыяльнага дабрабыту, узаемапаразуменнем нацый. Фарміраванне канадскай нацыянальнай свядомасці вылілася ў прыняцці ў 1965 годзе кляновага сцяга, увядзенні афіцыйнага двухмоўя ў 1969 і інстытуту мультыкультуралізму ў 1971. Былі рэалізаваны такія праграмы, як канадскі пенсійны план, праграма студэнцкага крэдытавання, праграма аховы здароўя. Зрэшты, некаторыя ўдзельнікі федэрацыі (напрыклад, Альберта) ад некаторых з іх адмаўляліся. З іншага боку, глыбокія эканамічныя і сацыяльныя ператварэнні ў Квебеку («Ціхая рэвалюцыя») выклікалі рост франкаканадскага сепаратызму. Квебекскія нацыяналісты праводзілі акцыі, у тым ліку, тэрарыстычныя. Былі ініцыянаваны два рэверэндумы (1980 і 1995) і ў выніку другога з іх Квебек быў на самай мяжы (49,4 % за!) незалежнасці.[3] З таго часу хваля сепаратызму суцішылася.
Канстытуцыйны акт 1982 года аформіў поўную незалежнасць Канады. 1 красавіка 1999, з мэтай пашырыць аўтаномію эскімосаў, астравы Канадскага Арктычнага архіпелага і кавалак мацерыковага ўзбярэжжа Ледавітага акіяна былі выдзелены ў трэцюю тэрыторыю, што атрымала назву Нунавут (Наша зямля). У 1980-х — 1990-х Канада прайшла праз цяжкія выпрабаванні авіякрушнняў, тэрактаў, масавых забойстваў, канфліктаў з карэннымі жыхарамі. У 1990-х — 2010-х канадскія экспедыцыйныя сілы ўдзельнічаюць у аперацыях НАТА, такіх як Бура ў пустыні, вайна ў Югаславіі, баявыя дзеянні ў Іраку і Афганістане, змаганне супраць Ісламскай дзяржавы.